Сярод удзельнікаў — Шарль Мішэль, Оляф Шольц, Эманюэль Макрон, Джорджа Мэлёні, а таксама Нікол Пашыньян з Армэніі, Ільхам Аліеў з Азэрбайджану, Аляксандар Вучыч з Сэрбіі.
Сьвятлану Ціханоўскую як спэцыяльную госьцю запрасіў новы прэм’ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр.
Летась Сьвятлана Ціханоўская брала ўдзел у Саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў гішпанскай Гранадзе.
Як паведаміла прэсавая служба Святланы Ціханоўскай, на саміце яна зьбіраецца падымаць пытаньні падтрымкі беларусаў, захаваньня беларускай незалежнасьці, вызваленьня палітычных вязьняў, а таксама эўрапейскай будучыні Беларусі.
«Гэтае запрашэньне — знак салідарнасьці зь беларускім народам, з нашымі палітвязьнямі, гэта мэсэдж падтрымкі беларусам, якія бачаць краіну свабоднай, дэмакратычнай і эўрапейскай дзяржавай. Удзел у саміце дае магчымасьць нагадаць пра барацьбу беларусаў за свабоду, а таксама абмеркаваць спосабы вызваленьня беларусаў з турмаў. Я хацела б, каб Беларусь бачылі як партнэра. Бо Беларусь — гэта не рэжым, гэта беларускі народ», — адзначыла Ціханоўская перад самітам.
Раней Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў запрашаць дэмакратычныя сілы Беларусі ўдзельнічаць у працы Эўрапейскай палітычнай супольнасьці і даць ім статус назіральніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім зь лідэраў дзяржаў і урадаў Эўропы сустракалася Ціханоўская на саміце ў Гранадзе. ФОТА