Мытнікі сканфіскавалі «найбуйнейшую ў гісторыі Беларусі» партыю наркотыкаў. Яе ацанілі ў 28 млн даляраў

Частка партыі была схаваная ў колах

Каб агучыць дэталі справы, Дзяржаўны мытны камітэт нават склікаў прэс-канфэрэнцыю.

Беларускія мытнікі 16 ліпеня спынілі арганізаваны па папярэдняй змове групай асобаў канал увозу забароненых рэчываў у краіну. Сканфіскавана найбуйнейшая ў гісторыі сувэрэннай Беларусі партыя наркотыкаў і псыхатропаў — 1077 кг, заявілі ў ДМК.

Першую частку, больш за 184 кг гашышу, берасьцейскія мытнікі выявілі ў пункце пропуску «Казловічы» пры надглядзе польскага грузавіка. Пры спробе вывезьці ў Расею другую партыю, 188 кг, супрацоўнікі Віцебскай мытні затрымалі ягонага саўдзельніка-беларуса.

Паралельна супрацоўнікі Берасьцейскай мытні праводзілі апэрацыю ў самым Берасьці — устанавілі кантакты, месца збору і захоўваньня наркотыкаў для вывазу ў Расею.

Тут працавалі ва ўзаемадзеяньні з падразьдзеламі наркакантролю Берасьцейскага УУС.

«Пры спробе ўцячы затрыманы чарговы злачынец, які спрабаваў вывезьці амаль 706 кг псыхатропу 4 СМС», — адзначылі на мытні.

Падазраваных затрымалі. На групу асобаў завялі крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 328-1 КК.

Розьнічная цана кошт канфіскаванай партыі наркотыкаў і псыхатропаў вагой 1077 кг – найбуйнейшай у гісторыі краіны – ацэньваецца ў 28 млн даляраў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 ліпеня ў Менску намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

Па словах чыноўніка, арганізатары наркатрафіку знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, МУС вядома сама меней аб трох датычных.

«Па каналах Інтэрпола ва ўсталяваным парадку мы перадамо сваім польскім калегам гэтую інфармацыю. Вельмі хацелася б, каб гэтая інфармацыя нікуды ня зьнікла, і нашымі польскімі калегамі было праведзена належнае расьсьледаваньне», – сказаў Казакевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуса завялі шэсьць крымінальных спраў у Смаленску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мытня Літвы затрымала расейца, які вёз зь Беларусі дэталі для агнястрэльнай зброі