Жыхары Мазыра ў інтэрнэце называюць непраўдзівымі сьцьвярджэньні ўладаў аб аднаўленьні водазабесьпячэньня ў горадзе. У тэлеграм-канале «МОЗЫРЬ» з амаль 18,5 тыс. падпісчыкаў людзі сталі абурацца інфармацыяй.
Абмен інфармацыяй пра ваду, як заўважыў «Позірк», там пачалі 16 ліпеня ў 22:34 пытаньнем аднаго з карыстальнікаў: «Дзе абяцаная вада? А сказалі, у горадзе ёсьць вада ва ўсіх».
На адсутнасьць вады ў Мазыры мясцовыя жыхары таксама скардзіліся ў вайбэр-чатах і на іншых інтэрнэт-пляцоўках.
«З нагоды адключэньня вады. Тэлефанавала толькі што. Сказалі, што ўсё на генэратарах, вада зьнікла зноў па ўсім горадзе. Наладзіцца пытаньне са сьвятлом — будзе і вада. Чакаем», — напісала адна з карыстальніц.
Па звестках flagshtok, цяжкіх хворых з Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў вымушана адпраўляюць у Гомель.
Пасьля абурэньня мясцовых жыхароў мясцовыя ўлады ўсё ж прызналі, што праблемы з вадой застаюцца. Ваду ня могуць атрымаць людзі, якія жывуць на паверхах вышэй за трэці.
«Зьявіліся перабоі ў водазабесьпячэньні. Зьніжаны напор вады з прычыны яе максымальнага спажываньня. Працуюць усе 16 сьвідравін, але празь нізкі ціск вада не падымаецца ў дамы вышэй за 3 паверхі. Сытуацыя неўзабаве ўрэгулюецца», — паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Мазырскага райвыканкаму.
Мазыр і раён заставаліся без вады і электрычнасьці зь вечара 14 ліпеня, калі па поўдні Беларусі прайшоў ураган.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энэргасыстэма Беларусі сутыкнулася зь небывалай сытуацыяй празь непагадзь, — віцэ-прэм’ер СівакАб аднаўленьні падачы вады ў Мазыры заявіў увечары 16 ліпеня першы намесьнік міністра ў надзвычайных сытуацыях Аляксандар Худалееў. Ён сказаў, што ў Мазыры задзейнічалі 200 генэратараў і 260 аварыйных брыгадаў.
У Гомельскім абласным выканаўчым камітэце тым часам заявілі, што поўнаму аднаўленьню электрычнасьці ў рэгіёне замінае навальніца. За ноч аднавілі электрычнасьць у 114 пунктах.
У асобных раёнах Гомельскай вобласьці работы вымушана прыпынілі праз навальніцу, якая пачалася раніцай. Пасьля таго, як яна супакоіцца, службы працягнуць пераадольваць наступствы непагадзі.
Праз навальніцы з залевамі і шквалістым ветрам 14 ліпеня электрычнасьць зьнікла ці была парушаная ў 1960 населеных пунктах Беларусі. Найбольш ад непагадзі пацярпелі Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Клімавіцкі, Петрыкаўскі, Жлобінскі, Быхаўскі, Чэрыкаўскі, Магілёўскі раёны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мазыры другі дзень няма электрычнасьці, але ўжо далі ваду