Энэргасыстэма Беларусі «раней не сустракалася з сытуацыяй», падобнай да той, якая ўзьнікла ў выніку ўраганнага ветру 14 ліпеня, заявіў журналістам намесьнік прэмʼер-міністра Анатоль Сівак, якога цытуе «Позірк».
Ягоны камэнтар аб наступствах непагадзі апублікавалі прэс-службы Савета Міністраў і Міністэрства энэргетыкі.
Па словах Сівака, адноўлена палова пашкоджаных высакавольтных ліній электраперадач.
Чыноўнік зьвярнуў увагу на тое, што вецер быў «анамальнай сілы».
«Мы страцілі амаль усе генэравадбныя магутнасьці і энэргазабесьпячальныя лініі рэгіёну Мазыра і прылеглых раёнаў, — сказаў ён. — Штармавы вецер прывёў да вялікіх пашкоджаньняў высакавольтных ліній. Былі парваныя правады, разбураныя апоры. Пацярпелі 54 высакавольтныя лініі. Галоўнай задачай было аднавіць магутнасьці і падаць электраэнэргію ў Мазыр».
Работа Мазырскай ЦЭЦ адноўленая, адноўлена 26 высакавольтных ліній, што дае магчымасьць падаваць электраэнэргію ў раёны Мазыра, адзначыў Сівак. Паводле яго, «ужо пачалі сілкавацца» асноўныя спажыўцы, у тым ліку Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
На працягу наступнага дня энэргетыкі паэтапна будуць даводзіць электраэнэргію да спажыўцоў, сказаў віцэ-прэмʼер.
На раніцу 16 чэрвеня ў 700 населеных пунктах Беларусі ўсё яшчэ не было электрычнасьці.
Паводле зьвестак ведамства, за ўчора аднавілася электразабесьпячэньне 783 населеных пунктаў краіны.
За ноч у Гомельскай вобласьці электрычнасьць вярнулі ў 51 пункт, у тым ліку ў Калінкавічы, Нароўлю і Ельск. Электраэнэргія пачала паступаць на Мазырскую ЦЭЦ. Працягваюцца работы ў аднаўленьні электразабеспячэньня гораду. Работы ў ліквідацыі тэхналягічных парушэньняў праводзяцца ў 604 населеных пунктах рэгіёну.
Паводле зьвестак Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, у Гомельскай вобласьці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэваў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.
У аздараўленчым летніку ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласьці ад падзеньня дрэва загінула дзіця, яшчэ некалькі пацярпелі. У Магілёўскім раёне вечарам 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка памерла ад траўмы, атрыманай пры падзеньні на яе дрэва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мазыры другі дзень няма электрычнасьці, але ўжо далі ваду