«Мы лічым гэты крок бесчалавечным і антыгуманным. Гэта ўдар па звычайных людзях. У плянах беларускага боку няма намераў прымаць сымэтрычныя захады супраць грамадзян Латвіі. Наадварот, мы адкрытыя і зацікаўленыя ў разьвіцьці кантактаў з суседзямі», — з такой заявай выступіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Сёньня Аб'яднаны пераходны кабінэт на чале са Сьвятланай Ціхноўскай выступіў з заявай, у якой асудзіў захады па абмежаваньні мабільнасьці звычайных беларусаў.
Раней Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі. Латвійская падатковая служба сьцьвярджае, што рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з заканадаўствам Эўрапейскага Зьвязу і тлумачэньнямі Эўракамісіі.
Забарона распаўсюджваецца на ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты.
У мэтах зьніжэньня рызык абыходу санкцый Эўразьвяз, зацьвердзіўшы 8-ы пакет санкцый супраць Беларусі, у значнай ступені зраўняў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі, з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі, адзначае служба на сваім сайце.
Забарона на ўезд ня будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня ў руху дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт выступіў супраць абмежаваньня руху прыватных аўтамабіляў на мяжы з Латвіяй ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія з 16 ліпеня перастане прапускаць аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй