Аб’яднаны пераходны кабінэт пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай выступіў з заявай адносна забароны на перасячэньне беларуска-латвійскай мяжы легкавымі аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь.
У заяве сьцьвярджаецца, што Аб’яднаны пераходны кабінэт
«актыўна выступае за ўвядзеньне абмежавальных мер, накіраваных на прадухіленьне абыходу санкцый і зьніжэньне патэнцыялу для працягу агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Мы разумеем, што першапрычынай такіх мер зьяўляюцца дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, у выніку якіх для Латвіі і ЭЗ ствараюцца рэальныя пагрозы бясьпецы праз штучны міграцыйны крызіс на мяжы, а таксама іншыя недружалюбныя дзеяньні».
Але разам з тым Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што ён
«цалкам падзяляе пазыцыю ЭЗ аб важнасьці падтрыманьня кантактаў паміж людзьмі (п. 13 Заключэньня Рады ЭЗ па Беларусі ад 19.02.2024) і лічыць немэтазгодным абмяжоўваць мабільнасьць беларусаў».
Таксама ў АПК заявілі, што вядуць у гэтым пытаньні кансультацыі з упаўнаважанымі органамі Латвіі, Літвы і Польшчы.
Раней Падатковая служба Латвіі паведаміла, што з 16 ліпеня забаронены праезд асобам з зарэгістраванымі ў Рэспубліцы Беларусь транспартнымі сродкамі — легкавымі аўтамабілямі. Латвійская падатковая служба сьцьвярджае, што рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з заканадаўствам Эўрапейскага Зьвязу і тлумачэньнямі Эўракамісіі.
Забарона распаўсюджваецца на ўезд у Эўразьвяз праз латвійска-беларускія і латвійска-расейскія памежныя пункты.
У мэтах зьніжэньня рызык абыходу санкцый Эўразьвяз, зацьвердзіўшы 8-ы пакет санкцый супраць Беларусі, у значнай ступені зраўняў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі, з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі, адзначае служба на сваім сайце.
Забарона на ўезд ня будзе распаўсюджвацца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня ў руху дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія з 16 ліпеня перастане прапускаць аўтамабілі зь беларускай рэгістрацыяй- 2 лістапада 2023 году Саэйма (парлямэнт) Латвіі прыняла папраўкі да закону аб дарожным руху, якія абавязвалі ўладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі перарэгістравацца ў Латвіі не пазьней за 14 лютага 2024 году альбо вывезьці свой транспарт за межы краіны. У адваротным выпадку аўтамабілі канфіскуюць і перададуць Украіне.
- Першапачаткова абмежавальныя дзеяньні распрацаванага Міністэрствам юстыцыі Латвіі законапраекту распаўсюджваліся і на транспарт зь беларускімі нумарамі, аднак парлямэнцкая камісія выключыла з дакумэнту адпаведныя пункты.
- Камэнтуючы гэтае рашэньне, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай з пытаньняў канстытуцыйнай рэформы і міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва Анатоль Лябедзька заявіў, што дэмакратычным сілам удалося знайсьці «патрэбныя словы і аргумэнты, якія пераканалі дэпутатаў выключыць згадваньне грамадзян Беларусі з праекту закону аб дарожным руху».
- Пазьней міністарка юстыцыі Латвіі Інэсэ Лібіня-Эгнэрэ заявіла, што будзе працягваць пошукі мэханізмаў для абмежаваньня руху па дарогах Латвіі машын зь беларускай рэгістрацыяй.
- Міністарка юстыцыі нагадала, што яна ад пачатку прапанавала ўвесьці аднолькавыя абмежаваньні для аўтамабіляў з Расеі і Беларусі, але працоўная група, якая рыхтавала пастанову, адхіліла гэтую думку. Распрацоўнікі патлумачылі сваю пазыцыю тым, што норма аб канфіскацыі аўтамабіляў тычыцца ў Эўразьвязе толькі машын з расейскай рэгістрацыяй.
- Цяпер такое рашэньне ўхвалілі на ўрадавым ўзроўні.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.