Выданьне выходзіць у беластоцкім выдавецтве «Камунікат». Уступ да кнігі напісала псыхалягіня Вольга Вялічка, а мастацкім рэдактарам выступіў Уладзімер Міхневіч. Ідэю кнігі падтрымаў выдавец Яраслаў Іванюк.
Алег Грузьдзіловіч расказаў, як пісаліся вершы і як зьявілася ідэя кнігі.
«На „Валадарцы“ я пачаў ліставацца ня толькі са сваёй жонкай і дарослымі дзецьмі, але і з унукамі. На той момант у мяне было іх чацьвёра, а цяпер пяцёра. Я склаў шасьцірадкоўе пра турэмную „кармушку“, і мне прыйшла ідэя пра ўмоўнага „дзядзю Віцю“, які трапіў на „Валадарку“ і перажывае ўсё гэта.
Я стаў па адным вершы ў лістах дасылаць сваім унукам. Выявілася, што ім гэта спадабалася, нявестка напісала, што яны з задавальненьнем чакаюць новых, і пайшла сэрыя. Аднак тыя, якія больш сур’ёзныя, перасталі праходзіць цэнзуру. І неўзабаве я наогул атрымаў ліст ад цэнзара з просьбай не маляваць нічога, што паказвае „ўнутраную кухню“ камэры, турмы. Вонкавае іх не хвалявала. Напрыклад, верш і малюнак пра турэмны двор дайшлі».
Затым Алега Грузьдзіловіча перавялі зь Менску ў Магілёўскае СІЗА, дзе ён чакаў разгляду апэляцыі. Адтуль яму ўдалося перадаць частку матэрыялаў на волю. Аўтар пакуль ня будзе раскрываць сакрэт, якім чынам вершы і малюнкі апынуліся па-за турмой. Калі б гэта не ўдалося, малюнкі і вершы не ўдалося б захаваць.
«З калёніі я б ужо нічога ня вывез. Калі я ў верасьні 2022-га вызваляўся, мяне прымусілі выкінуць усе лісты ад жонкі, сваякоў, знаёмых. Такім чынам, гэтая сэрыя цудам апынулася на волі і чакала свайго выкарыстаньня».
Затым жонка Алега Грузьдзіловіча на ягоны дзень нараджэньня раздрукавала малюнкі і павесіла на сьценах кватэры, дзе яны цяпер жывуць. На пачатку 2024 году журналіст падумаў, што зь імі трэба нешта рабіць. Падштурхнула й інфармацыя пра хуткае закрыцьцё «Валадаркі». Тады аўтар дапісаў да вершаў тлумачальны тэкст і аддаў кнігу на азнаямленьне ў выдавецтва.
Агулам у кнізе 28 вершаў, зь якіх толькі адзін напісаны на волі, але яго задума таксама зьявілася ў турме. Як кажа Алег Грузьдзіловіч, у турме празь зьмест не было б ніякіх шанцаў адправіць яго праз краты на волю.
Адзін зь вершаў:
Ў час, калі яшчэ вы сьпіце,
Затрымалі дзядзю Віцю.
Не далі даесьць хурму
Ды адвезьлі ў турму.
Вы цяпер яму пішыце:
«Валадарка. Дзядзю Віцю».
12.2021.
Кніга адрасаваная дзецям, але «пэўныя асаблівасьці дзецям мусяць растлумачыць бацькі». Турэмныя рэаліі зарыфмаваныя і апісаныя так, каб дзеці «ня надта палохаліся, але й не захапляліся».
«Сам Дзядзя Віця — такі зборны пэрсанаж, які воляю лёсу апынуўся на „Валадарцы“. Апісваецца, як ён паводзіць сябе, як сябе паводзяць людзі, якія яго атачаюць. Такіх людзей я сустракаў за кратамі і сам быў такім. Тады мне было 63 гады. Але гэты вобраз — пра людзей ня толькі сталага, але й сярэдняга веку. Пра тых, хто апынаецца за кратамі, хоць не крымінальнік, не бандыт. Яны звычайна адчуваюць сябе там дзівакамі, усё вакол новае. І ты пачынаеш крыху ўплываць на пэўныя зьмены, спрабуеш захаваць жыцьцёвыя прынцыпы».
Пісаньне вершаў за кратамі адзначылася і адным ці то прароцтвам, ці то супадзеньнем. Гуляючы ў турэмным дворыку, Алег Грузьдзіловіч напісаў верш пра вайну. І неўзабаве даведаўся, што вайна сапраўды пачалася.
Кнігу ўжо друкуюць, у канцы ліпеня стартуюць яе продажы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя сьведчаньні павінны застацца ў гісторыі». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч прэзэнтаваў у Вільні кнігу пра жыцьцё за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня дай страху табой авалодаць. Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча