Трамп пасьля замаху прыбыў на зьезд Рэспубліканскай партыі, чакаецца ягонае вылучэньне кандыдатам на выбары

Republican presidential candidate Donald Trump arrives at Milwaukee Mitchell International Airport

У суботу Трамп перажыў замах, яго паранілі ў вуха.

Дональд Трамп прыбыў у нядзелю ў Мілўокі, дзе на гэтым тыдні ён будзе афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі. Зьезд працягнецца да 18 ліпеня. У суботу Трамп перажыў замах, які пагоршыў і без таго жорсткі палітычны падзел у ЗША.

Прэзыдэнт Джо Байдэн распарадзіўся правесьці праверку таго, як 20-гадовы малады чалавек, узброены вінтоўкай тыпу AR-15, змог наблізіцца на дастатковую адлегласьць, каб стрэліць у Трамп з даху суседняга зь месцам правядзеньня мітынгу будынка. Як былы прэзыдэнт, Трамп знаходзіцца пад абаронай Сакрэтнай службы ЗША.

78-гадовы Трамп праводзіў перадвыбарны мітынг у Батлеры, у штаце Пэнсільванія, калі раздаліся стрэлы. Адна з куль закранула яго правае вуха. Трамп быў шпіталізаваны, дзе яму была аказана адпаведная мэдыцынская дапамога. Зь яго штаба паведамілі, што ён ачуняў і адчувае сябе здавальняюча.

Адзін чалавек у натоўпе быў забіты, яшчэ двое атрымалі раненьні. Агенты Сакрэтнай службы застрэлілі падазраванага, паведамілі ў ведамстве.
У нядзелю прэзыдэнт Байдэн працягнуў свае намаганьні супакоіць краіну, двойчы выступіўшы перад тэлекамэрамі. Увечары ён выступіў з кароткім тэлезваротам з Авальнага кабінэта ў Белым доме.

«У Амэрыцы няма месца для такога кшталту гвалту, і ўвогуле ні для якога гвалту. Кропка. Без выключэньняў. Мы ня можам дазволіць нармалізацыю гэтага гвалту, — сказаў ён. — Палітычная рыторыка ў гэтай краіне стала вельмі абвостранай. Час астыць».

Паводле большасьці апытаньняў грамадзкай думкі, у тым ліку апытаньні Reuters/Ipsos, Трамп і Байдэн ідуць амаль на роўных.

Трамп павінен атрымаць афіцыйнае вылучэньне ад сваёй партыі на Рэспубліканскай нацыянальнай канвэнцыі, якая пачнецца ў Мілўокі, штат Вісконсін, у панядзелак. ФБР на гэты момант не валодае інфармацыяй аб якой-небудзь пагрозе канвэнту або каму-небудзь з яго ўдзельнікаў, у той час як Сакрэтная служба заявіла, што не прадбачыць зьмен у пляне бясьпекі.

«Я зьбіраўся адкласьці сваю паездку ў Вісконсін на Рэспубліканскі нацыянальны канвэнт на два дні, але толькі што вырашыў, што не магу дазволіць „стрэлку“ ці патэнцыйнаму забойцу ўносіць зьмены ў мой расклад ці ў штосьці яшчэ», — напісаў Трамп у сваім пасьце. на Truth Social у нядзелю.

У ходзе канвэнцыі адбудуцца выступы ўзыходзячых зорак Рэспубліканскай партыі, акрамя таго, чакаецца, што Трамп агучыць імя свайго кандыдата на пасаду віцэ-прэзыдэнта. Пазыцыя партыі па такіх пытаньнях, як аборты, іміграцыя і эканоміка таксама стане прадметам абмеркаваньня дэлегатаў і гасьцей гэтага важнага форума рэспубліканцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональда Трампа паранілі на перадвыбарчым мітынгу ў Пэнсыльваніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн пасьля замаху на Трампа: «Палітыка ніколі не павінна ператварацца ў поле бою»