Вызваленьня зьняволеных у Беларусі вясноўцаў запатрабавалі ўдзельнікі акцыі, якая 12 ліпеня прайшла на адной з галоўных плошчаў сталіцы Літвы — плошчы паэта Вінцаса Кудзіркі.
У руках пікетоўцы трымалі расьцяжку #FreeViasna і партрэты пяці праваабаронцаў «Вясны», якіх беларускія ўлады працягваюць трымаць за кратамі. Гэта старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч і юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч, якіх арыштавалі акурат 3 гады таму, 12 ліпеня 2021 году ў Менску.
Яшчэ раней, восеньню 2020 году, за краты трапілі каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк. Праваабаронцаў асудзілі на вялікія тэрміны — ад 5 да 14 гадоў, і яны дагэтуль за кратамі.
Падчас зьняволеньня, у 2022 годзе, Алесь Бяляцкі быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру за сваю праваабарончую дзейнасьць, але і гэта не паспрыяла ягонаму вызваленьню. Гэты факт лічыць вельмі паказальным былы беларускі адвакат, цяпер праваабаронца Павал Сапелка, які ўзяў удзел у пікеце:
«Калі Нобэлеўскі ляўрэат у турме — гэта выклік усяму дэмакратычнаму сьвету, і пра гэта мусяць думаць, арыентавацца на гэты факт палітыкі, якія шукаюць шляхі паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі. Бо гэта ясна паказвае стан з правамі чалавека ў нашай краіне. Так, у дэмакратычных сілаў сьвету абмежаваныя магчымасьці па ўплыве на сытуацыю ў Беларусі, але і тыя магчымасьці, якія ў іх ёсьць, на жаль, не выкарыстоўваюцца цалкам. Мяркую, намаганьні павінны быць мацнейшыя», — сказаў Сапелка.
Паводле Паўла Сапелкі, на плошчу яго вывеў ня толькі маральны абавязак праваабаронцы падтрымаць калегаў.
«Мы самі выказваем салідарнасьць з нашымі сябрамі і заклікаем да гэтай салідарнасьці ўсіх беларусаў. Будзем рабіць усё, каб наш заклік пачулі і шырэй, ва ўсім сьвеце!» — сказаў Павал Сапелка.
У 2022 годзе праз памілаваньне вызвалілася зь вязьніцы актывістка гомельскай філіі «Вясны» Тацяна Ласіца, яшчэ праз год на волю выйшаў праваабаронца Леанід Судаленка, які адбыў увесь прызначаны судом тэрмін. Што вядома пра вясноўцаў, якія застаюцца за кратамі?
Пра Алеся Бяляцкага ягоныя калегі з трывогай кажуць, што ў яго пагоршыўся стан здароўя. Таксама сябры Бяляцкага з жалем адзначаюць, што зьвестак пра свайго старшыню яны атрымліваюць менш, чым раней.
Валянціна Стэфановіча ў апошнія месяцы зьмясьцілі ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу, дзе значна больш абмежаваньняў, чым у звычайным корпусе калёніі. За што пакаралі ПКТ Валянціна Стэфановіча, ягоным калегам невядома.
Зьвесткі пра Ўладзімера Лабковіча даходзяць таксама з вялікімі праблемамі.
«Валодзя сядзіць у цяжкіх умовах, у яго пагоршыўся зрок, ён вельмі сумуе па дзецях, жонцы, маці», — расказала праваабаронца Натальля Сацункевіч. Натальля адзначыла, што вясноўцам вельмі не хапае ў сваіх шэрагах Уладзімера Лабковіча як кампэтэнтнага юрыста.
«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася, а ў яго быў вялікі досьвед, ён бы цяпер вельмі спатрэбіўся», — прызнала Натальля Сацункевіч.
Пра Марфу Рабкову ўдзельніца пікету Натальля Міхалькова ведае, што ў зьняволеньні ў той пачаліся праблемы са здароўем, пры гэтым палітзьняволеная мусіць цяжка працаваць на швейнай вытворчасьці.
«Але духам яна моцная і ніколі не здаецца, як усе вясноўцы. І яшчэ тыя палітвязьні, хто сядзеў разам з Марфай на яе ўжо немалым турэмным шляху, адзначаюць, што яна вельмі спагадлівая, усім прыходзіць на дапамогу», — расказала Натальля Міхалькова.
Вельмі абмежаваныя, паводле праваабаронцаў, зьвесткі пра валянтэра Андрэя Чапюка. Калегі адзначаюць, што пакуль Андрэя трымалі пад сьледзтвам, інфармацыі пра яго даходзіла значна больш. Было вядома, што ён шмат чытае, займаецца спортам. Але ўжо больш за год Андрэй Чапюк у калёніі, і зьвестак пра яго не перадаюць, каб яму не нашкодзіць.
У пікеце бралі ўдзел больш за 20 праваабаронцаў і беларусаў, якія жывуць у Вільні. Пагаварыць зь пікетоўцамі пра становішча ў Беларусі да ўдзельнікаў пікету падыходзілі мясцовыя жыхары.
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».
- Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
- Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
- Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
Выйшлі на волю:
- Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
- Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.