Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 краін, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаў устрымаліся.
У юрыдычна не абавязковай рэзалюцыі асамблея таксама заклікала Маскву неадкладна спыніць атакі на крытычна важную энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны пасьля тыдняў эскаляцыі.
«[Асамблея] заклікае Расейскую Фэдэрацыю, пакуль яна ня верне Запароскую атамную электрастанцыю... гарантаваць Міжнароднаму агенцтву атамнай энэргіі (МАГАТЭ) падтрымку і дапамогу яе місіі своечасовым і поўным доступам да ўсіх важных зон на станцыі, каб дазволіць агенцтву паўнавартасна даваць справаздачу аб сытуацыі зь ядзернай бясьпекай і абароненасьцю на пляцоўцы», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Праект рэзалюцыі быў пададзены Ўкраінай, яго падтрымалі больш за 50 краін, у тым ліку Францыя, Нямеччына і ЗША, піша ўкраінская служба Раыё Свабода.
Прадстаўляючы яго, пастаянны прадстаўнік Украіны Сяргей Кісьліца адзначыў, што Запароскую АЭС сьвядома зрабілі неадʼемным элемэнтам ваеннай стратэгіі Расеі, і папярэдзіў, што наступствы інцыдэнту там будуць катастрафічнымі, бо «радыяцыя ня знае межаў».
Намесьнік пастаяннага прадстаўніка Расеі, пасол Дзьмітрый Палянскі заявіў, што праект рэзалюцыі шкодны, моцна палітызаваны і ня мае нічога агульнага зь ядзернай бясьпекай. Пры гэтым ён абвінаваціў Украіну ў тым, што яна рэальная пагроза ядзернай бясьпецы і нібы ажыцьцяўляе рэгулярныя і безразважныя атакі на Запароскую атамную электрастанцыю, якую вясной 2022 году акупавалі расейскія войскі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўхваленьне Генасамблеяй рэзалюцыі назваў яшчэ адным важным крокам на шляху да аднаўленьня павагі да Статута ААН і міжнароднага права.
Паводле яго, гэтае галасаваньне зьяўляецца працягам дыскусій і рашэньняў, прынятых на першым Саміце міру, дзе пункт першай «формулы міру» «Радыяцыйная і ядзерная бясьпека» быў адным з ключавых пытаньняў.
Падтрымка 99 краін зьяўляецца важкім вынікам ухваленьня, аднак новая рэзалюцыя значна адстае ад папярэдніх, якія заклікалі Расею вывесьці войскі з Украіны, некаторыя з іх былі падтрыманы больш як 140 краінамі.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС у пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна падвяргаецца абстрэлам, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і дысьлякацыі сваіх вайскоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем супрацоўнікаў Запароскай АЭС параненыя ў выніку атакі дронаў паблізу Энэргадару, — МАГАТЭ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАГАТЭ заявілі аб зьнішчэньні аднаго з пунктаў кантролю на ЗАЭС, але ня кажуць, хто зьнішчыўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.