Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем супрацоўнікаў Запароскай АЭС параненыя ў выніку атакі дронаў паблізу Энэргадару, — МАГАТЭ


Запароская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Запароская АЭС, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Запароскай атамнай электрастанцыі атрымалі раненьні ў выніку ўдараў дронаў паблізу станцыі, заявіла Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі 4 ліпеня.

«Запароская АЭС паведаміла МАГАТЭ, што восем работнікаў, якія атрымалі раненьні падчас учорашняга ўдару дронамі, былі з пэрсаналу ЗАЭС», — паведамілі ў МАГАТЭ.

Паводле зьвестак агенцтва, тры бесьпілётнікі, пачынаючы з 10:40 3 ліпеня, пацэлілі ў адну з электрападстанцыяў каля горада Энэргадар, які зьяўляецца спадарожнікам ЗАЭС.

«Пацярпелі восем работнікаў, аднаму зь якіх спатрэбілася мэдыцынская дапамога, паведамілі на ЗАЭС. Экспэрты МАГАТЭ паведамілі, што верагодны ўдар таксама справакаваў уцечку алівы прынамсі з аднаго з двух трансфарматараў падстанцыі, пашкодзіў верхнюю частку аднаго зь іх, а таксама лінію злучэньня», — заявіла агенцтва.

Пацярпелая падстанцыя «Вясёлка» пакуль не працуе, але Энэргодар і найбліжэйшая прамысловая зона, паводле зьвестак МАГАТЭ, усё яшчэ маюць электраэнэргію.

Таксама экспэрты МАГАТЭ, якія працуюць на станцыі, казалі, што бачылі дым і чулі выбухі з боку разьмеркавальнай станцыі 750 кіляват. Яны даведаліся, што дроны трапілі ў лес паблізу, выклікаўшы пажар, паведамляе агенцтва.

Гэта інцыдэнт стварае рызыкі, паколькі ён паставіў пад пагрозу адзіную ацалелую лінію электраперадачы, якая забясьпечвае станцыю сілкаваньнем, у прыватнасьці для ахаладжэньня шасьці рэактараў падчас халоднага прыпыненьня, растлумачылі ў МАГАТЭ.

  • Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС у пачатку сакавіка 2022 году. У верасьні 2023 году прэзыдэнт «Энэргаатаму» паведаміў, што на станцыі застаюцца працаваць 822 украінскія атамшчыкі. Украіна неаднаразова абвінавачвала расейскіх акупантаў у выкраданьнях і катаваньнях пэрсаналу станцыі.
  • Тэрыторыя станцыі пэрыядычна падвяргаецца абстрэлам, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня ваеннай тэхнікі і дысьлякацыі сваіх вайскоўцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG