Лідзкая фабрыка запатэнтавала дзьве палоскі на абутку
На Лідзкай абутковай фабрыцы кажуць, што яна выйшла са шматгадовага крызісу. Яны запатэнтавалі свой фірмовы знак — дзьве палоскі, расказала sb.by дырэктарка фабрыкі Тамара Ігнатовіч.
Яна адзначыла, што на фабрыцы ў цэлым палепшылі якасьць абутку. Зьмянілі фасон калодкі, падэшвы, вусьцілкі, упакоўкі. Пашырылі колеравую гаму. Цяпер лідзкі абутак не фарбуе ног. Нядаўна на фабрыцы выпусьцілі дзьве тысячы пар новых красовак. Падэшвы для свайго абутку пачнуць вырабляць у Лідзе. Раней пакупнікі скардзіліся на тое, што на падэшвах зьяўляюцца расколіны. Летась на фабрыцы вырабілі 265 тысяч пар.
Прайшоў традыцыйны фэст у Будславе
Сьвяткаваньні ў гонар Маці Божай Будслаўскай прайшлі 5-6 ліпеня ў вёсцы Будслаў Менскай вобласьці. 1982 чалавекі прыйшлі або прыехалі ў санктуарый падчас пілігрымак. Сёлета зладзілі 19 пешых і пяць роварных паломніцтваў у Будслаў, паведаміла каталіцкае выданьне catholic.by.
Найдаўжэйшым быў шлях паломнікаў з Баранавічаў. Яны за дзевяць дзён прайшлі 290 кілямэтраў. Самай шматлікай была пілігрымка зь Менску — больш за 300 удзельнікаў. У ноч з суботы на нядзелю традыцыйна прайшоў хрэсны ход са сьвечкамі і адправілі начную службу.
Будслаўскі фэст праходзіць у пачатку ліпеня. Традыцыю аднавілі ў 1990 годзе. Сьвята ўнесьлі ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва UNESCO.
Выйшла «калыханка» ад Naviband
Гурт анансаваў новую песьню «Мама» за два тыдні да выхаду сынглу. Невялікі фрагмэнт песьні завірусіўся. Яго прагледзелі больш за мільён разоў. Слухачы адразу назвалі песьню новай калыханкай. Кранальны ролік пара запісала, калі Арцём Лук’яненка паказаў новы твор сваёй маці.
Песьня цалкам выйшла на розных пляцоўках 5 ліпеня. Паслухаць яе можна тут. Беларусы працягваюць запісваць на яе свае кавэры і выкладаць у сеціва.
Твор Сьвятланы Алексіевіч трапіў у сьпіс найважнейшых кніг XXI стагодзьдзя
Кніга «Час сэканд-хэнд» заняла 72-ю пазыцыю ў сьпісе. Яе выдалі ў 2013 годзе. Яна расказвае пра савецкага «чырвонага чалавека» і траўмы ад распаду СССР. Гэта мастацка-дакумэнтальная проза, non-fiction. Паводле кнігі ўжо ставілі спэктаклі ў Беларусі.
Рэйтынг склала The New York Times. Яны апыталі 503 празаікаў, аўтараў нон-фікшн, паэтаў, крытыкаў і іншых аматараў кніг. Выданьне называе свой сьпіс рэйтынгам найбольш важных і ўплывовых кніг эпохі. Ацэньвалі кнігі, якія выйшлі пасьля 1 студзеня 2000 году.
У Польшчы пачаўся адзін з самых буйных беларускіх фэстаў за мяжой
Фэстываль абуджаных Tutaka пачаўся трэці раз ва ўрочышчы Барык каля мястэчка Гарадок паблізу польска-беларускай мяжы. На гэтым месцы цягам 30 гадоў праходзіў легендарны фэстываль рок-музыкі «Басовішча». Цяпер фармат фэстывалю зьмяніўся хутчэй на сямейны, дзе прадугледжаныя актыўнасьці і для дарослых, і для дзяцей.
Удзельнікаў чакаюць вялікі пікнік, музычныя канцэрты, тэатральныя паказы, чытаньні, гульні, майстар-клясы, дыскусіі, спартовы лягер, кірмаш вырабаў беларускі рамесьнікаў, выстава беларускіх ініцыятываў. Сярод выступоўцаў гурты «Syndrom Samazvanca», «Разьбітае сэрца пацана», падляскі дуэт Sw@da x Niczos. Традыцыйна на фэстываль плянуе прыехаць дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская. Праграму цалкам можна паглядзець тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добрыя навіны тыдня. Вызвалілі частку палітвязьняў, выратавалі чалавека з-пад цягніка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распродаж кніг у піжамах і бусьлянка ў незвычайным месцы. Добрыя навіны тыдня