Антызаходняя палітыка стала «адным з васьмі доўгатэрміновых наступстваў эпохі камуністычнага праўленьня ў Беларусі», заявіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 11 ліпеня на Саміце паняволеных народаў у Вашынгтоне.
Зьместам выступу палітыка на саміце з «Позіркам» падзяліўся яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
«Пасьля Другой сусьветнай вайны камуністы знайшлі новага ворага — ЗША і іншыя дэмакратычныя краіны. Сёньня Пуцін і Лукашэнка называюць іх „калектыўным Захадам“. Яны баяцца дэмакратыі, таму што ім давядзецца адмовіцца ад сваёй неабмежаванай асабістай улады», — сказала Ціханоўская.
Іншымі доўгатэрміновымі праявамі савецкай спадчыны яна назвала русыфікацыю, масавыя рэпрэсіі, «турэмную сыстэму», экалягічную і эканамічную сытуацыю, стан спраў у галіне правоў чалавека, адсутнасьць «досьведу дэмакратыі».
Паводле дэмакратычнай лідэркі, у 2020 годзе Беларусь стала «першай ахвярай расейскай імпэрскай палітыкі, накіраванай на аднаўленьне „імпэрыі зла“ СССР». «Падтрымаўшы нелегітымнае кіраваньне Лукашэнкам, Расея дэ-факта зрабіла Беларусь сваёй акупаванай тэрыторыяй — стартавай пляцоўкай для нападу на Ўкраіну», — удакладніла палітык.
Падрабязна спыніўшыся на ролі рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, Ціханоўская адзначыла «супраціўленьне беларускага народу» вайне. Таксама яна зьвярнула ўвагу на сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і праблему палітвязьняў.
- У 1959 годзе ў ЗША створаны Нацыянальны камітэт паняволеных народаў (National Captive Nations Committee). Закон аб яго заснаваньні быў аднагалосна прыняты Кангрэсам і падпісаны прэзыдэнтам Дуайтам Дэвідам Эйзэнхаўэрам.
- Закон прадугледжваў заснаваньне Тыдня паняволеных народаў, які з таго часу штогод праводзіцца ў трэці тыдзень ліпеня. Гэтае дзеяньне было накіравана на павышэньне дасьведчанасьці грамадзкасьці аб праблемах народаў, якія знаходзяцца пад кантролем камуністычных і іншых недэмакратычных рэжымаў.
Візыт Ціханоўскай у Вашынгтон, асноўнай мэтай якога стаў удзел у мерапрыемствах саміту NATO, праходзіць 9–12 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікер Дзярждэпартамэнту ЗША: «Байдэн хоча пачуць меркаваньне Ціханоўскай»
Ціханоўская сустрэлася зь міністаркай замежных спраў Ісьляндыі
На палях Саміту NATO Ціханоўская сустрэлася з Тордзіс Гільфадоўцір, міністаркай замежных спраў Ісьляндыі. Ісляндзкая міністарка запэўніла Ціханоўскую ў падтрымцы дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ціханоўская распавяла міністарцы пра сытуацыю з незалежнымі мэдыямі, беларускімі палітзьняволенымі і заклікала прыкласьці намаганьні па іх вызваленьні.
Таксама Ціханоўская запрасіла Ісьляндыю падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку рэпрэсаваных у Беларусі. Ціханоўская распавяла пра хвалю рэпрэсіяў, з якімі беларусы сутыкаюцца як унутры краіны, так і ў выгнаньні, а таксама пра намаганьні дэмакратычных сілаў па прыцягненьні рэжыму да адказнасьці, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Вашынгтоне заклікала Захад праявіць адзінства і рашучасьць у супрацьстаяньні Расеі і дапамозе ЎкраінеЦіханоўская сустрэлася з лідэрам дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША
Падчас сустрэчы Ціханоўская падзякавала Хакіму Джэфрысу за падтрымку беларускага народа, за кампаніі салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі ў Беларусі, распавяла пра апошнія прысуды, а таксама рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой.
Яе паведаміла яе прэсавая служба, Ціханоўская заклікала Кангрэс як найхутчэй прыняць новае выданьне Акту аб дэмакратыі Беларусі, павялічыць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, незалежным журналістам, рэпрэсаваным, культурным праектам і ініцыятывам. Ціханоўская і Джэфрыс абмеркавалі супрацу з тэхналягічнымі кампаніям, як Фэйсбук і Гугл, у барацьбе з дэзынфармацыяй і падтрымку беларускіх незалежных мэдыяў.
Абмеркавалі таксама пытаньне кампаніі 2025 году. Ціханоўская адзначыла, што гэта нельга назваць выбарамі, яны не будуць ані свабоднымі, ані дэмакратычнымі. Таксама гаварылі пра абыход санкцыяў рэжымам, пра неабходнасьць закрыцьця шчылін, а таксама пра прыцягненьне рэжыму да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская бярэ ўдзел у імпрэзах да саміту NATO ў Вашынгтоне