38 краін – удзельніц Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) зноў запусьцілі ў дачыненьні да Беларусі Венскі мэханізм.
У рамках мэханізму краіны АБСЭ патрабуюць ад беларускіх уладаў даць адказы на пытаньні, калі будуць вызваленыя палітычныя зьняволеныя і спыняцца рэпрэсіі, калі будуць забясьпечаныя правы зьняволеных, а міжнародныя арганізацыі атрымаюць да іх доступ.
Сярод іншага, беларускім уладам паставілі 11 пытаньняў:
- Якія крокі зрабілі беларускія ўлады, каб гарантаваць гуманнае абыходжаньне з асобамі, пазбаўленымі волі з палітычных матываў, і павагу да іхнай годнасьці?
- Якія крокі зрабілі беларускія ўлады для вызваленьня палітвязьняў з гуманітарных меркаваньняў, у тым ліку людзей з сурʼёзнымі праблемамі са здароўем або хранічнымі захворваньнямі, людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, непаўналетніх, пажылых людзей, людзей зь дзецьмі або бацькоў-адзіночак? Якую інфармацыю можна паведаміць пра зьняволеных, згаданых у лісьце?
- Якія крокі зрабілі беларускія ўлады, каб улічыць асаблівыя патрэбы затрыманых жанчын, у тым ліку псыхалягічныя і мэдыцынскія?
- Якія крокі былі прыняты для таго, каб усе затрыманыя мелі доступ да неабходных і адпаведных лекаў і мэдыцынскай дапамогі?
- Якія крокі зроблены для забесьпячэньня годных умоў утрыманьня ўсіх зьняволеных? Ці забясьпечвае кіраўніцтва месцаў пазбаўленьня волі ўсіх без выключэньня зьняволеных коўдрамі, матрацамі і прадметамі гігіены? Якія меры былі прыняты супраць перанаселенасьці?
- У сьвятле задакумэнтаваных выпадкаў жорсткага абыходжаньня, якое ў некаторых выпадках можа быць прыраўнавана да катаваньняў, у тым ліку да пазбаўленыя сну, якія крокі прынялі беларускія ўлады, каб расьсьледаваць усе абвінавачаньні і перадухіліць такое абыходжаньне ў будучыні?
- Якія крытэры вызначаюць прымяненьне карцараў, ШЫЗА і камэрападобных памяшканьняў (ПКТ)? Паколькі ўмовы ўтрыманьня пад вартай былі прызнаныя патэнцыйна бесчалавечнымі, якія крокі былі прыняты для скарачэньня іх выкарыстаньня?
- Якія крокі былі прыняты для таго, каб кожны зьняволены меў доступ да абаронцы па ўласным выбары, эфэктыўных сродкаў прававой абароны і справядлівага судовага разбору? Якія крокі былі зроблены для таго, каб зьняволеныя маглі падтрымліваць сувязь зь семʼямі?
- Ці адмовяцца беларускія ўлады ад ужываньня працэдуры пазбаўленьня грамадзянства беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, у якасьці санкцыі за так званы «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасьці або нанясеньне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь»?
- Ці спыніць Беларусь рэпрэсіўныя захады ў дачыненьні да сем'яў з мэтай ціску на падсудных і палітвязьняў?
- Ці дазволіць Беларусь у мэтах празрыстасьці наведваньне месцаў заняволеньня прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, у тым ліку Чырвонага Крыжа, і замежных дзяржаў?
Перазапуск мэханізму ініцыявалі 30 дзяржаў АБСЭ.
«Мы ўдзячныя за салідарнасьць, вітаем запуск мэханізму, заклікаем міжнародныя арганізацыі прыкласьці ўсе намаганьні для вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі. Гэты крок зьяўляецца важным і своечасовым адказам на працяглыя парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць беларусаў», — заявіла Ціханоўская, камэнтуючы прымяненьне мэханізму.
- Венскі мэханізм — мэтад працы АБСЭ, накіраваны на захаваньне правоў чалавека ў краінах – удзельніцах арганізацыі. Прадугледжвае абмен інфармацыяй, у тым ліку на запыт сяброў АБСЭ, абмеркаваньні сытуацыі з правамі чалавека паміж краінамі, якія праводзяцца па ініцыятыве любой зь іх, а таксама дэбаты на гэтую тэму на мерапрыемствах арганізацыі.
- Мэханізм увялі ў 1989 годзе ў выніку адпаведнай дамовы, падпісанай у Вене. Актыўна прымяняўся да 1992 года ў краінах былога СССР і Ўсходняй Эўропы.
- У 1992 годзе быў уведзены аналягічны Маскоўскі мэханізм АБСЭ, які лічыцца больш эфэктыўным.
- Папярэдні раз Венскі мэханізм быў запушчаны ў адносінах да Беларусі 4 лістапада 2021 году. Дакумэнт падпісалі 35 краін.