Смартфоны — не, пыласосы — так. Што зараз нельга везьці з Эўразьвязу ў Беларусь і ў адваротным кірунку

Ілюстрацыйнае фота

Расказваем, чаго нельга ўвозіць у Беларусь з Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама чаго нельга везьці туды — паводле новых і ранейшых правілаў.

29 чэрвеня 2024 году Беларусь падпала пад рэглямэнт Эўразьвязу № 2024/1865. Гэта санкцыі за саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Раней яны закраналі толькі арганізацыі, цяпер дзеяньне распаўсюдзілася на звычайных людзей. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў памежных чатаў, пакуль іх найбольш пільна надглядаюць на польскай мяжы. Аднак новы закон распаўсюджваецца і на Літву з Латвіяй.

Дзейнічаюць і ранейшыя правілы. 21 траўня 2024 году Савет міністраў Беларусі «дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў» абмежаваў сьпіс тавараў, які можна ўвозіць у Беларусь з краін Эўразьвязу.

З 1 красавіка 2024 году наземным транспартам можна ўвозіць з Эўразьвязу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстаньня ня больш як на 500 эўра і ня больш за 25 кіляграмаў.

5 ліпеня на выезд зь Беларусі ў Польшчу зьнікла чарга аўтамабіляў. Гэта адбылося пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы пакет санкцый у дачыненьні да звычайных беларусаў. У гэты час таксама зьявілася інфармацыя, што Польшча не прапускае ў Беларусь з шэрагам тавараў, а таксама што польская мытня больш не афармляе тавары «на ваты» (Tax Free).

9 ліпеня стала вядома, што Польшча не прапускае на ўезд у краіну аўтамабілі, у якіх ня едзе сам уласьнік. Праехаць іншым людзям без уласьніка аўто нават па генэральнай даверанасьці больш нельга.

Таксама зь 9 ліпеня польскія мытнікі перасталі прапускаць у краіну людзей зь Беларусі, якія везьлі алькаголь і цыгарэты. У памежных чатах пішуць, што мытнікі прымушаюць ламаць і выкідаць тытунёвыя вырабы. 1 ліпеня такую ж забарону ўвяла Латвія. Гэтыя абмежаваньні зьвязаныя з новым санкцыйным пакетам Эўразьвязу супраць Беларусі.

10 ліпеня беларускі Мытны камітэт паведаміў, што польскі бок з трэцяе гадзіны ночы значна запаволіў прыём грузавых машын, якія ехалі зь Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы — Кукурыкі». Гэта быў адзіны адкрыты пункт для грузавікоў на беларуска-польскай мяжы. За ноч утварылася чарга з 600 аўто. У той жа дзень польскі бок патлумачыў, што яны не перасталі прапускаць грузавыя машыны, аднак сталі іх пільней надглядаць з прычыны абноўленага сьпісу санкцый.

Беларуска, якая ехала зь Беларусі ў Літву пасьля прыняцьця апошняга санкцыйнага пакету, расказала Свабодзе, што без праблем правезла беларускія тавары: чыпсы, цукеркі, зэфір, шакаляд, шампуні. Але, зь ейных словаў, шмат у каго выкідалі рэчы, асабліва тавары з Wildberries. Таксама забіралі любы алькаголь. Калі вярталася зь Літвы ў Беларусь з пакупкамі, то ейны багаж увогуле практычна не правяралі.

Яшчэ адна беларуска ехала на гэтым тыдні праз польскую мяжу зь Беларусі ў Польшчу. Зь ейных словаў, на польскім баку ў яе нават не адчынілі валізку — нічога не правяралі і спакойна прапусьцілі.

Мяжа Беларусі зь Літвой

Чаго нельга везьці з Эўразьвязу ў Беларусь

Бытавая тэхніка і электроніка:

  • смартфоны;
  • плоскія тэлевізары і экраны;
  • маніторы;
  • капіявальна-размнажальныя машыны;
  • фота- і відэакамэры, даражэйшыя за 1000 эўра;
  • радыё, магнітафоны, плэеры, прайгравальнікі пласьцінак, DVD-прайгравальнікі, дыскі, відэакасэты, аўдыёкасэты;
  • мікрафоны, відэакамэры, кінакамэры, кінапраектары, аб’ектывы для камэр, апаратура для фота- і кіналябараторый;
  • батарэйкі;
  • ліхтарыкі на батарэйках;
  • тэлефонныя апараты, аўтаадказчыкі;
  • рацыі, радары, антэны для радыёапаратуры;
  • машыны для адытыўнай вытворчасьці (3D-друкаркі).

Ежа

Ня больш за 5 кг прадуктаў харчаваньня на чалавека ў тыдзень, зь іх ня больш за 1 кг распушчальных напояў (кава, гарбата, какава).

Нельга везьці на продаж, але можна везьці для асабістага карыстаньня, паводле пастановы Саўміну Беларусі, шэраг тавараў, якія паходзяць зь Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі або Чэхіі, якія ў дакумэнце называюцца «недружалюбнымі краінамі».

Ежа:

  • малако і згушчаныя вяршкі (Літва);
  • садавіна і замарожаныя арэхі (Літва);
  • кава, кававае шалупіньне і абалонкі зерняў кавы, замяняльнікі кавы (Літва, Латвія);
  • джэмы, жэле фруктовае, мармэляды, пюрэ фруктовае ці арэхавае, паста фруктовая ці арэхавая (Латвія);
  • садавіна, арэхі і іншыя ядомыя часткі расьлін, прыгатаваныя або кансэрваваныя (Літва, Латвія);
  • сокі фруктовыя, гароднінныя, арэхавыя (Літва, Латвія);
  • воды, у тым ліку мінэральныя і газаваныя (Літва, Латвія);
  • піва соладавае (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • напоі іншыя зброджаныя (напрыклад, сыдар, сыдар грушавы, напой мядовы, сакэ);
  • сумесі са зброджаных напояў і сумесі зброджаных і безалькагольных напояў (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • сьпірт этылевы, сьпіртавыя настойкі, лікёры і іншыя сьпіртавыя напоі (Латвія);
  • воцат і яго замяняльнікі (Літва).

Мяжа Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Касмэтычныя і хімічныя сродкі:

  • фарбы і лякі (у тым ліку эмалі і палітуры) на аснове сынтэтычных палімэраў ці хімічна мадыфікаваных прыродных палімэраў (Латвія);
  • касмэтычныя сродкі, сродкі для макіяжу, сродкі для догляду за скурай (Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія);
  • сродкі для манікюру або пэдыкюру (Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія);
  • сродкі для валасоў (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • сродкі для гігіены рота або зубоў (Латвія);
  • сродкі да, падчас або пасьля галеньня (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • дэзадаранты індывідуальнага прызначэньня, сродкі для прыманьня ваннаў, сродкі для выдаленьня валасоў і іншыя парфумэрныя, касмэтычныя або туалетныя сродкі;
  • дэзадаранты для памяшканьняў (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • мыла кавалкам, вадкае і ў іншым выглядзе (Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • мыйныя і чысьцільныя сродкі (Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія).

Вырабы з паперы, плястмасы, тэкстылю:

  • пліты, лісты, плёнка і палосы або стужкі з плястмасаў (Латвія);
  • папера, кардон, цэлюлёзная вата і палатно з цэлюлёзных валокнаў (Латвія);
  • ярлыкі і этыкеткі ўсіх відаў, з паперы або кардону (Латвія);
  • дываны і іншыя тэкстыльныя падлогавыя пакрыцьці (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія).

Адзеньне:

  • калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і падсьледнікі і іншыя панчошна-шкарпэткавыя вырабы (Літва, Латвія);
  • гарнітуры, камплекты, пінжакі, блейзэры, штаны, камбінэзоны, брыджы і шорты (акрамя купальных) мужчынскія або для хлопчыкаў (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • абутак з падэшвай з гумы, плястмасы, натуральнай або кампазыцыйнай скуры і зь верхам з натуральнай скуры (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія);
  • капелюшы і іншыя галаўныя ўборы (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія).

Тавары для дома:

  • цэгла будаўнічая, блёкі для падлог, камяні керамічныя (Літва, Латвія);
  • посуд, кухонныя і іншыя гаспадарчыя і туалетныя вырабы з фарфору (Літва, Латвія, Польшча, Эстонія);
  • посуд, туалетныя і канцылярскія прылады, вырабы для хатняга адзеньня (Літва, Латвія, Польшча, Эстонія);
  • лядоўні, маразільнікі (Літва); матрацныя асновы;
  • пасьцельныя рэчы (Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Эстонія).

На польска-беларускай мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Забаронена вывозіць з Эўразьвязу для транзыту празь Беларусь

Тэхніка:

  • ноўтбукі;
  • асабліва магутныя кампутары (напрыклад, тыя, што маюць 32 каналы ці больш, разрозьненьне 14 бітаў ці больш, частату пераўтварэньня 200 000 Гц ці больш);
  • электрагенэратары;
  • лічбавыя камэры;
  • камэры для падводнай і паветранай здымкі.

Аўтамабілі:

  • легкавыя аўтамабілі з працоўным аб’ёмам цыліндраў рухавіка больш за 1500 см³ (або 1,5 літра);
  • легкавыя аўтамабілі коштам больш за 50 тысяч эўра;
  • аўтамабілі з электрычным рухавіком;
  • электрамабілі;
  • грузавікі;
  • прычэпы, паўпрычэпы;
  • сьнегаходы, машыны для гольфу;
  • яхты, лодкі, каноэ.

Тавары для аўтамабіля:

  • бэнзін;
  • гумовыя пракладкі, шайбы і іншыя ўшчыльняльнікі;
  • умацаванае шкло для транспарту;
  • аўтамабільныя замкі і ключы;
  • фары;
  • аўтамагнітолы;
  • антыфрызы;
  • тармазныя гідраўлічныя вадкасьці;
  • прыборы для сыгналізацыі;
  • сядзеньні для аўтамабіля;
  • сьвінцовыя акумулятары (забаронена везьці транзытам празь Беларусь);
  • шыны для аўтобусаў, грузавікоў, прамысловых машын.

Тавары для дому:

  • дываны;
  • ванны са сталёвага ліста;
  • плястыкавыя бідэ і ўнітазы;
  • празрыстая папера для вокнаў.

Польска-беларуская мяжа. Архіўнае фота

Будаўнічыя матэрыялы, інструмэнты:

  • фанэра;
  • стойкі і бэлькі;
  • будаўнічая цэгла, дахоўка;
  • будаўнічыя растворы, бэтоны;
  • керамічныя трубы, трубаправоды ахоўныя, водаадводы і фітынгі для труб;
  • мэталічныя трубы;
  • керамічная плітка;
  • плястыкавыя вокны і іх рамы;
  • шкло і люстэркі;
  • палотны для стужачных піл, інструмэнты для сьвідраваньня, фрэзэраваньня, такарнай апрацоўкі;
  • нажы і лёзы для розных прыбораў, у тым ліку для апрацоўкі мэталу і дрэва;
  • паяльнікі.

Ежа:

  • ікра асятровых рыб і яе замяняльнікі;
  • труфэлі;
  • усе грыбы, акрамя шампіньёнаў (у тым ліку кансэрваваныя і сушаныя);
  • гатовыя супы і булёны і нарыхтоўкі для іх гатаваньня;
  • гомагенізаваныя гатовыя харчовыя прадукты (напрыклад, пюрэ), у тым ліку дзіцячае харчаваньне.

Прадметы раскошы:

  • цыгары і цыгарылы, якія зьмяшчаюць тытунь;
  • манэты і банкноты, якія не зьяўляюцца законным плацежным сродкам;
  • сталовыя прыборы з каштоўных мэталаў, а таксама пакрытыя каштоўнымі мэталамі;
  • мячы, палашы, штыкі, пікі і аналягічная зброя, а таксама іх часткі, ножны і чахлы для іх;
  • транспартныя сродкі для перавозкі людзей па зямлі, паветры або моры коштам больш за 50 тысяч эўра кожнае;
  • матацыклы коштам больш за 5 тысяч эўра;
  • аксэсуары і запасныя часткі для люксавых аўто і матацыклаў.

Польска-беларуская мяжа. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Што забаронена везьці зь Беларусі ў Эўразьвяз

Ежа

  • мяса;
  • малочныя прадукты;
  • сырая садавіна, гародніна;
  • ракападобныя (крэвэткі, амары, крабы);
  • ікра і яе замяняльнікі.

Моцны алькаголь і цыгарэты:

  • сьпіртавыя настойкі, лікёры і іншыя сьпіртавыя напоі, у тым ліку віскі, ром, джын, гарэлка, брэндзі;
  • цыгарэты, цыгары, цыгарылы.

Новыя абмежаваньні не закранулі віно і піва. Можна правозіць ня больш за 4 літры неігрыстага віна (белага, чырвонага, ружовага) і 16 літраў піва.

Бытавая хімія і асабістая гігіена:

  • мыла (вадкае і кавалкамі);
  • мыйныя і чысьцільныя сродкі;
  • туалетная папера і папяровыя ручнікі;
  • сродкі асабістай гігіены: сродкі для галеньня, дэзадаранты;
  • сродкі для гігіены паражніны рота або зубоў (напрыклад, зубная паста);
  • касмэтычныя сродкі або сродкі для макіяжу і сродкі для догляду за скурай (акрамя лекавых);
  • сродкі для манікюру або пэдыкюру;
  • сродкі для валасоў (у тым ліку шампуні і лякі);
  • араматызаваныя солі і іншыя сродкі для прыманьня ваннаў;
  • растворы для захоўваньня кантактных лінзаў ці пратэзаў вачэй;
  • брытвы і лёзы для іх;
  • этэрныя алеі, пахошчы.

Не падпадаюць пад забарону сродкі для асабістага карыстаньня, толькі тавары.

Адзеньне і абутак:

  • жаночае адзеньне (касьцюмы, жакеты, блейзэры, сукенкі, спадніцы, штаны, камбінэзоны з нагруднікамі і шлейкамі, брыджы і шорты);
  • абутак зь верхам з натуральнай скуры.

Адзеньне для асабістага карыстаньня не падпадае пад забарону.

Літоўска-беларуская мяжа. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Тэхніка і гаджэты:

  • лядоўні;
  • машыны для мыцьця посуду;
  • пральныя машыны;
  • смартфоны;
  • тэлефоны;
  • фотакамэры;
  • лазэры;
  • компасы;
  • флэш-карты, дыскі, касэты для захоўваньня інфармацыі;
  • лямпы (лямпы напальваньня, галягенавыя, сьвятлодыёдныя).

Аўтамабілі і аўтатавары:

  • легкавыя аўтамабілі без уласьніка;
  • тармазныя гідраўлічныя вадкасьці;
  • мацавальная арматура, фурнітура і аналягічныя дэталі для маторных транспартных сродкаў;
  • рухавікі і сілавыя ўстаноўкі;
  • грузавікі;
  • прычэпы і паўпрычэпы;
  • трактары;
  • яхты, лодкі і каноэ.

Паліва

  • можна правозіць ня больш за 10 літраў у каністры на адну машыну.

Сумкі і валізкі:

  • валізкі;
  • валізкі для касмэтычных сродкаў або набораў для асабістай гігіены;
  • кейсы для дзелавых папер;
  • партфэлі;
  • школьныя сумкі і ранцы;
  • футаралы для акуляраў;
  • дарожныя сумкі;
  • сумкі-тэрмасы для харчовых прадуктаў ці напояў;
  • заплечнікі;
  • сумкі жаночыя і мужчынскія;
  • сумкі гаспадарчыя;
  • партманэ і кашалькі.

Лекі

Зь Беларусі ў Літву можна правозіць ня больш за 10 пакункаў лекаў без рэцэпту і даведкі лекара зь Беларусі на аднаго чалавека раз на месяц.