Украіна і Польшча падпісалі пагадненьне аб бясьпецы тэрмінам на 10 гадоў. Сярод іншага, дакумэнт прадугледжвае магчымасьць перадачы Ўкраіне адной дадатковай эскадрыльлі МіГ-29 (ня менш за 14 зьнішчальнікаў) і магчымасьць перахопу Польшчай расейскіх ракет і дронаў у паветранай прасторы Ўкраіны — але толькі тых, якія выпусьцілі ў напрамку Польшчы.
Пра тое, як гэта будзе працаваць, «Настоящее время» запытала ўкраінскага авіяэкспэрта.
Украінскі авіяэкспэрт Раман Сьвітан лічыць, што тэхнічна гэта выканаць немагчыма — хіба толькі пры пэўных умовах.
«У ракеты або ў бесьпілётніка ж не спытаеш, куды яны ляцяць, — адзначыў былы лётчык у інтэрвію „Настоящему времени“. — Гэта, з аднаго боку, нелягічная заява. Можа, яна больш палітычная, чым тэхнічная. А з пункту гледжаньня тэхнікі выкананьня гэтых задач, хутчэй за ўсё, палякі павінны стварыць пэўную зону бясьпекі перад польскай мяжой на нашай тэрыторыі».
Паводле авіяэкспэрта, глыбіня гэтай зоны бясьпекі будзе залежаць ад радыюсу сродкаў паражэньня, якія будуць прыцягвацца ў момант нападу. Экспэрт мяркуе, што гэта будуць альбо зэнітна-ракетныя комплексы з далёкасьцю 100 кілямэтраў, альбо самалёты з прыкладна такой жа далёкасьцю.
«У прынцыпе, тэхнічна гэтая задача можа быць выканальная толькі тады, калі паласа бясьпекі каля 100 кілямэтраў на тэрыторыі Заходняй Украіны будзе кантралявацца польскімі [сіламі] СПА. Прычым [яны будуць] зьбіваць у гэтай паласе бясьпекі ўсе лятальныя аб’екты любога ўзроўню, якія будуць у яе заходзіць. Тады тэхнічна гэта выканальна», — падкрэсьлівае ён.
Такім чынам, польскія сыстэмы СПА змогуць абараніць ад расейскіх удараў украінскія тэрыторыі ўздоўж мяжы з Польшчай на глыбіню 100 кілямэтраў. Сьвітан адзначае, што для УСУ «гэта вельмі выгадна»: «Мы з гэтай 100-кілямэтровай зоны можам зьняць зэнітна-ракетныя комплексы, перакінуць іх у цэнтар або на ўсход, павялічыўшы шчыльнасьць СПА на гэтым напрамку, а палякі, натуральна, будуць утрымліваць гэтую зону за 100 кілямэтраў».
Для гэтага, паводле падлікаў авіяэкспэрта, дастаткова дзьвюх сыстэмаў Patriot, разгорнутых у Польшчы ў бок Украіны. «Плюс самалёты, якія яны адназначна падымаюць у паветра і, па вялікім рахунку, кантралююць паветраную прастору, — пералічвае Світан. — Плюс самалёты далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня, якія ўвесь час вісяць у паветры, таксама кантралююць на глыбіню дзесьці 800 кілямэтраў у тым ліку і нашу зону».
Распрацаваць мэханізм такога супрацоўніцтва абяцаюць у найкарацейшыя тэрміны. Сьвітан мяркуе, што да канца лета гэтае пагадненьне ўжо можа пачаць працаваць.
«Хутчэй за ўсё, павінны быць пэўныя міжурадавыя пагадненьні па гэтых рубяжах перахопу як мінімум. А тэхнічна гэта адбываецца на працягу некалькіх гадзін, па вялікім рахунку: штурманы сыстэм СПА і авіяцыі аднаго і другога боку абазначаюць гэтыя межы», — кажа авіяэкспэрт.
- Ракеты і бесьпілётнікі, выпушчаныя расейскімі войскамі па Ўкраіне, некалькі разоў заляталі на тэрыторыю Эўразьвязу і Малдовы або там падалі. Польшча неаднаразова падымала ў паветра зьнішчальнікі падчас масаваных абстрэлаў украінскай тэрыторыі з боку Расеі. Апошні раз гэта здарылася 8 ліпеня, калі расейскія вайскоўцы ўдарылі ракетамі па Кіеве, Крывым Рогу, Дніпры і шэрагу гарадоў Данецкай вобласьці. Да гэтага МЗС Польшчы дапускаў, што краіна пачне зьбіваць расейскія ракеты, якія ляцяць ва Ўкраіну, бо раней такія ракеты ўжо некалькі разоў парушалі польскую паветраную прастору.