Як паказалі вынікі апытаньня, толькі 30,2% рэспандэнтаў лічаць ВАВ найбольш значнай падзеяй у гісторыі XX стагодзьдзя.
У апытаньні ўдзельнічалі жыхары ўсіх абласных гарадоў і Менску, а таксама асобных раённых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў. Агулам апыталі 902 чалавек, памылка выбаркі, паводле НАН, можа складаць ±3,3%.
Як паказалі вынікі апытаньня, толькі 30,2% рэспандэнтаў лічаць Вялікую Айчынную вайну найбольш значнай падзеяй у гісторыі XX стагодзьдзя. А кожны чацьвёрты (23,8%) разглядае яе як «адну з мноства войнаў у гісторыі Беларусі».
Пры гэтым 91,1% апытаных беларусаў заявілі, што цікавяцца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, не цікавяцца — 8,2%, не змаглі адказаць 0,7%. Практычна кожны другі ўдзельнік апытаньня (48,2%) адзначыў, што ведае ключавыя падзеі ваенных гадоў, а амаль кожны пяты заявіў, што мае поўнае і ўсебаковае ўяўленьне пра ваенныя дзеяньні таго пэрыяду (18,1%). Чвэрць апытаных адзначыла, што іх веды носяць фрагмэнтарны, урыўкавы характар (26,7%).
Сярод моладзі (ва ўзросьце ад 18 да 31 году) цікавасьць да ваенных падзеяў праяўляюць 79% апытаных, не праяўляюць — 21%.
56,7% рэспандэнтаў назвалі Вялікую Айчынную вайну нацыянальнай трагедыяй.
На пытаньне, з чым асацыюецца ВАВ, адказы былі наступныя:
- з масавым партызанскім рухам (60,6%),
- з абаронай Берасьцейскай крэпасьці (60,3%),
- з нацыянальнай трагедыяй (56,7%),
- зь цяжкімі стратамі беларускага народу (56,0%),
- з вызваленьнем Беларусі ад захопнікаў (52%),
- з супрацівам менскіх падпольшчыкаў (40,6%).