Больш бульбы, менш грошай для сілавікоў. Якім было жыцьцё ў Беларусі ўзору 1994 году ў параўнаньні зь сёньняшнім

Ілюстрацыйны каляж

30 гадоў таму ў Беларусі было 20 прыватных ВНУ, а беларусы выступалі ў Нарвэгіі на Алімпіядзе пад бел-чырвона-белым сьцягам. Што зьмянілася за 30 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе.

Колькасьць беларусаў

«Зьніжэньне пачалося з 1995 году. Хутчэй за ўсё, людзі аказаліся ў новых умовах жыцьця і працы, спатрэбіўся час для адаптацыі і прыняцьця новых умоваў. Людзі пачалі больш задумвацца аб магчымасьцях пракарміць сям’ю. Гэта зьвязана і з эканамічным крызісам 90-х, і зь перабудовай мысьленьня. Людзі больш пачалі задумвацца пра кар’еру і самарэалізацыю. Людзі пазьней пачалі ўступаць у шлюб. Зараз інфляцыя да 10% і мы гэта абмяркоўваем, а тады гэта сотні адсоткаў за адзін год», — кажа старэйшая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 1994 годзе ў Беларусі жыло на мільён чалавек болей, чым цяпер — 10 243 506.

Нараджальнасьць пачала падаць з 1993-га. Калі ў 1992-м больш нарадзілася людзей, чым памерла (на 11 297), то ў 1994-м тэндэнцыя зьмянілася. Сталі больш паміраць, чым нараджацца (на 19 404 чалавекі). І тэмпы паскараліся. У 2023 годзе розьніца паміж народжанымі і памерлымі склала 54 907.

Колькасьць народжаных дзяцей за 30 гадоў зьменшылася амаль удвая. Калі ў 1994 годзе нарадзіліся 110 599, то ў 2023-м толькі каля 65 000.

Крытыка ўлады

Адна з публікацый у газэце «Свабода», 1994 год

З 1990-га па 1997 год у Беларусі выходзіла масавая грамадзка-палітычная газэта «Свабода». У 1994-м аўтары выданьня рэзка крытыкавалі тагачаснага прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча. Крытыкавалі і іншых чыноўнікаў, але ў 1994 годзе найбольш даставалася менавіта Кебічу. Юрыдычна ня ён быў галоўным кіраўніком краіны: афіцыйна Беларусьсю тады кіраваў старшыня Вярхоўнага Савету, пасаду спачатку займаў Станіслаў Шушкевіч, а пасьля Мечыслаў Грыб. Але ключавыя, стратэгічныя пытаньні вырашаў урад на чале з Кебічам.

Вось некаторыя загалоўкі таго часу:

«Кебіч — гэта вайна»

«Міліцыянты будуюць асабняк свайму шэфу»

«За ўрадам Кебіча, хутчэй за ўсё, стаяць расейскія спэцслужбы»

«Адстаўка Шушкевіча паскорыць канец рэжыму»

«Кебіч сьпяшаецца здаць нас Маскве»

Улады падавалі ў суд на газэту, заводзіліся крымінальныя справы. Але яна працягвала выходзіць да 1997-га. Цяпер жа ў Беларусі амаль не засталося незалежнай прэсы, а за крытыку Лукашэнкі і ягонай улады журналістам прысуджаюць турэмныя тэрміны.

На што ішлі бюджэтныя грошы

Ёсьць зьвесткі пра траты з бюджэту ў 1994 годзе ў адсотках да асноўных выдаткаў. Напрыклад, на ахову здароўя ішло 12,6%, на абарону — 4,79%, на культуру і сродкі масавай інфармацыі — 1,7%, на праваахоўныя органы і суды — 3,77%.

У бюджэце на 2024 год траты ў адсотках выглядаюць так:

  • Нацыянальная абарона — 8%
  • Суды і праваахоўныя органы — 10%
  • Ахова здароўя — 5,58%
  • Культура і СМІ — 0,89%

Ілюстрацыйнае фота

Як жылі людзі

98 000 рублёў — такі сярэдні месячны заробак у Беларусі за 1994 год называе статыстычны зборнік СНД. Гэта лічба з улікам дэнамінацыі, якая прайшла ў жніўні 1994-га.

Тады такой сумы хапала на:

  • 464 кг бульбы, ці на 7,7 мяхоў па 60 кг
  • 32,6 кг сьвініны
  • 715 літраў малака

Сярэдні заробак у Беларусі за красавік 2024 году — 2182,5 рубля. З улікам сярэдніх цэнаў гэтага хапае на:

  • 2227 кг бульбы, ці 37 мяхоў па 60 кг
  • 147 кг сьвініны
  • 1059 літраў малака

Выглядае, што людзі сталі багацейшыя, але сярэдні заробак у 1994-м ня ўлічваў вялікай колькасьці бізнэсу, які адкрываўся тады ў Беларусі. Пра гэта кажа Анастасія Лузгіна.

«Заробак у намінальным вымярэньні ні пра што ня сьведчыў. Сярэдні заробак быў нізкі, і ён хутка абясцэньваўся за кошт інфляцыі. Гэта была намінальная лічба. Зараджаўся бізнэс, быў іншы ўзровень разьвіцьця тэхналёгій, доля наяўных грошай была значна большай, не было картак яшчэ. Гэта стварала падставы для шэрай эканомікі. На „шэрым“ рынку людзі разьлічваліся валютай, а не беларускімі рублямі. Вядома, гэта былі непразрыстыя ўгоды», — зважае эканамістка.

Адзін зь бізнэсоўцаў на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, як тады выглядаў дробны бізнэс.

«У мяне былі кіёскі, адкрыць іх было вельмі лёгка — проста аформіць фірму. Я тады добра сябе адчуваў, на ўсё хапала і ўдавалася нават адкладаць. Ня памятаю, што наагул былі нейкія фінансавыя праблемы. Аднак так было не ва ўсіх. Сябры, якія працавалі тады на дзяржаўныя арганізацыі, падпрацоўвалі ў мяне прадаўцамі. Амаль ва ўсіх былі праблемы з грашамі, а бізнэс адкрываў ня кожны. Быў рэкет, да мяне прыходзілі па грошы. 50 даляраў на месяц, нібыта за ахову. Зразумела, ніхто нікога не ахоўваў», — падзяліўся суразмоўца.

У 1994 годзе ў Беларусі сабралі 6 мільёнаў тон збожжа. Праз 30 гадоў афіцыйны ўраджай збожжавых большы — 7,7 мільёна тонаў. А вось бульбы 30 гадоў таму беларусы зьбіралі ўдвая больш — 8,2 мільёна тонаў супраць 4 мільёнаў тонаў цяпер. Як вынікае са статыстыкі, бульбу вырошчвалі больш прыватныя гаспадаркі, на продаж.

У 1992 годзе адбылася грашовая рэформа, у Беларусі зьявіліся ўласныя разьліковыя білеты, якія паступова замянілі савецкія рублі

Пратэсты студэнтаў і ніякага разьмеркаваньня

30 гадоў таму ў Беларусі было на паўмільёна больш школьнікаў, чым зараз (1 538 571 супраць 1 089 983). Школаў было болей на 2 тысячы (4973 супраць 2872). Больш было і ВНУ — 56 (цяпер толькі 49). Прычым 20 ВНУ былі прыватнымі, пасьля 2024 году такіх застанецца толькі 5.

Экспэрт у адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэй Лаўрухін у 1994 годзе быў студэнтам старшых курсаў у БДУ.

«Прыватных ВНУ было яшчэ болей, некаторыя існавалі ў паўафіцыйным стане. Узьнікалі адукацыйныя праекты, якія выбудоўвалі свае профілі і кірункі. Жаночы інстытут „Энвіла“, напрыклад. Існаваў ЭГУ, і ён быў вельмі канкурэнтназдольны. Па некаторых праграмах ён канкураваў з БДУ. Я скончыў унівэрсытэт у 1995 годзе. Мушу прызнаць, што гэта быў самы дэмакратычны і натхняльны час. Да гэтага былі савецкія ўмовы, а пасьля — лукашэнкаўскія», — кажа экспэрт.

Лаўрухін успамінае, як студэнты пратэставалі супраць вывучэньня гісторыі КПСС.

«Гісторыя КПСС яшчэ заставалася ў праграмах, і мы пратэставалі, падпісвалі лісты, адмаўляліся хадзіць на заняткі. Нам тады здавалася, што ўсё будзе толькі лепш і рух назад немагчымы. Пасьля сканчэньня вучобы я працаваў два гады ў школе, і там таксама была вельмі адкрытая і свабодная атмасфэра», — прыгадвае суразмоўца.

Разьмеркаваньня ва ўнівэрсытэце не было, а стыпэндыя, па словах Андрэя Лаўрухіна, была роўная траціне заробку ў дацэнта.

«Працу маглі прапанаваць, але ніхто не абавязваў. Тым больш не было ніякіх фінансавых пакараньняў за гэта. Вылецець можна было хіба за непасьпяховасьць. Ня памятаю, каб некага адлічылі па палітычных падставах. Падвышаная стыпэндыя тады, у 90-я, была 55 рублёў, а заробак у бацькоў, якія былі дацэнтамі, складаў недзе 180 рублёў», — падлічвае экспэрт.

З 2020-га па 2023 год у Беларусі за палітыку адлічылі сотні студэнтаў, звольнілі дзясяткі выкладчыкаў. Толькі ў адным БДУ адлічылі 140 студэнтаў і звольнілі 50 выкладчыкаў.

Сёньня памер падвышанай стыпэндыі ў ВНУ 192,17 рубля. Гэта адна 11-я частка сярэдняга заробку.

З 20 прыватных ВНУ ў Беларусі застаецца 5. За адзін толькі 2024 год аб закрыцьці абвесьцілі БІП (Унівэрсытэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій) і Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Дзень Волі ў Менску, сакавік 1994 году

Каб правесьці канцэрт, трэба проста дамовіцца з памяшканьнем

У 2024 годзе ў Беларусі праводзіць канцэрты могуць толькі пэўныя арганізацыі, якія ўваходзяць у сьпіс, зацьверджаны чыноўнікамі. Таксама трэба атрымаць «гастрольку», гэта значыць дазвол ад чыноўнікаў на кожнага выступоўцу.

У 1994 годзе, каб правесьці канцэрт, трэба было проста дамовіцца з памяшканьнем і музыкамі. Калі трэба, перавезьці іх празь мяжу. Пра гэта ўспамінае музыка Аляксандар Памідораў, які тады працаваў на дзяржаўнай тэлевізіі.

«Трэба было дамовіцца з пляцоўкай, аплаціць яе арэнду — і ўсё. Асабліва нават дамоваў ніякіх не было. Гэта былі кінатэатры ці проста залі. Усе ішлі насустрач і ўсе хацелі зарабіць. Шмат чаго рабілася на энтузіязьме», — прыгадвае Памідораў.

У 1994 годзе ў Беларусі афіцыйна існавала 26 тэатраў. На адзін менш, чым цяпер. Аднак паўставала шмат студый, якія пасьля пераўтварыліся ў тэатры, кажа Памідораў.

«Тады ўсе вельмі хутка разьвівалася. Зь сярэдзіны 80-х гадоў быў рух тэатральных студый, нават са школьнага гуртка магла паўстаць такая студыя. Шмат розных сховішчаў дзяржава не магла трымаць на сваім балянсе і іх аддавалі каму заўгодна. Пасьля з гэтых студый паўставалі тэатры. Тэатар „Дзея“, тэатар „Дыялёг“ паўсталі з такіх студый. Я і сам пачынаў з такой студыі. Моладзевы тэатар узьнік у 90-я гады, і гэта была ўжо бомба. Першая „Рок-каранацыя“ прайшла ў 1995 годзе. Усе ўпіваліся тым, што ніхто нічога не кантраляваў пасьля доўгага часу саўка», — кажа музыка.

Не было цэнзуры і на тэлевізіі. Працэс кантраляваў рэдактар, прыводзіць прыклад Памідораў.

«Напрыклад, я хачу зьняць кліп для нейкага гурту. Раблю заяўку, даюць па календары студыю, дамаўляюся з апэратарамі і раблю. Цэнзура існавала проста на ўзроўні тэхнічнага кантролю: праглядае рэдактар і дае свой вэрдыкт. Гэтаксама ўсё выглядала і на радыё. Напрыклад, мой голас не хацелі зацьвярджаць у якасьці аднаго з асноўных, але пасьля зацьвердзілі», — прыгадвае музыка.

У 1994 годзе ў Беларусі было ў 2,5 раза больш бібліятэк (5500 замест 2214), больш клюбаў (5100 замест 2291), аднак менш музэяў (143 супраць 156).

Спартовае жыцьцё

Беларускія алімпійцы, 1994 год

У 1994 годзе праходзіла зімовая Алімпіяда ў нарвэскім Лілехамэры. Першая, у якой Беларусь удзельнічала як незалежная краіна. На спаборніцтвы паехалі 33 спартоўцы, яны прывезьлі 2 срэбныя мэдалі. Іх заваявалі канькабежац Ігар Жалязоўскі і біятляністка Сьвятлана Парамыгіна. Беларуская каманда брала ўдзел у спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым сьцягам.

На сёлетняй летняй Алімпіядзе ў Парыжы пакуль вядома пра выступ 11 беларускіх спартоўцаў. Такое рашэньне 15 чэрвеня агучыў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Гэты сьпіс не канчатковы і, магчыма, на Алімпіяду паедзе больш спартоўцаў зь Беларусі. Выступаць яны будуць пад нэўтральным сьцягам, гэта таксама рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту. Прычына — саўдзел краіны ў агрэсіі супраць Украіны.

Візы і межы

Чарга з грузавікоў на мяжы, 1994 год

У 1994 годзе беларусы маглі езьдзіць у Польшчу бязь візы. Неабходна было толькі атрымаць дазвол на выезд у АВІРы, па яго стаялі чэргі. Пасьля часова гэтыя дазволы адмянілі і з выездам стала прасьцей. Тады многія беларусы езьдзілі закупляцца таварам у Польшчу, каб пасьля яго выгадна прадаць у Беларусі і Расеі.

Візы ў Літву беларусам сталі патрэбныя з 1994 году. У Расею і ва Ўкраіну можна было езьдзіць бязь візы, але для гэтага быў патрэбен пашпарт. На мяжы Расеі і Беларусі тады існаваў пашпартны кантроль і памежныя пункты пропуску.

Цяпер віза беларусам патрэбная ва ўсе краіны ЭЗ, мяжы з Расеяй для грамадзян няма (пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне існуе выбарачны кантроль. — РС), а ва Ўкраіну празь мяжу ня трапіш — усе пункты пропуску закрытыя з 24 лютага 2022 году.

BBC у прайм-тайм на тэлевізіі

Скрыншот з праграмай перадач

Па-іншаму ў 1994 годзе выглядала і праграма на тэлевізіі, там трансьлявалі замежныя навіны і паказвалі фільм пра Зянона Пазьняка напярэдадні выбараў.

Па тэлевізары паказвалі вядомую і зараз музычную праграму «Відзьма-нявідзьма», якая расказвала пра жыцьцё сусьветнага шоў-бізнэсу на беларускай мове. Праграма «Залатое пяро» — гэта нарыс пра значных для беларускай культуры асобаў. У прайм-тайме паказвалі навіны BBC і гандбольны матч з Харватыяй.

Зараз праграма беларускага тэлебачаньня амаль цалкам складаецца з расейскіх сэрыялаў. У ліпені 2024 паказваюць «В тихом омуте», «Баренцево море» і «След». Таксама ў праграме навіны, крымінальная хроніка «Зона Х» і прапагандысцкая перадача «Скажинемолчи».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прафэсійны і небясьпечны блазан». Што замежная прэса пісала пасьля перамогі Лукашэнкі ў 1994-м
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пуцін і Лукашэнка нясуць такую ж пагрозу сьвету, як некалі Гітлер», — Пэлосі і Ціханоўская ў сумесным артыкуле для Washington Post