Артыкул палітыкаў у Washington Post апублікаваны 9 ліпеня.
Аўтаркі адзначаюць, што Лукашэнка — найбліжэйшы паплечнік Пуціна — «паставіў Беларусь у цэнтар украінскага крызісу», пагадзіўшыся на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі і вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі. Яны падкрэсьліваюць, што Лукашэнка дазваляе Пуціну мець уплыў і кантроль над Беларусьсю, бо Масква дапамагае яму ўтрымліваць уладу.
У публікацыі згадваюцца палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, у выніку якіх жыхары краіны «жывуць у страху перад стукам у дзьверы».
«Тым ня менш народ Беларусі супраціўляецца тыраніі Лукашэнкі. У 2020 годзе пераважная большасьць выбарнікаў мужна адпрэчылі дыктатуру і прагаласавалі за дэмакратыю. Але Лукашэнка (пры садзейнічаньні Пуціна) скраў выбары ў беларускага народа, адмяніў свабодныя і справядлівыя выбары і незаконна ўтрымаўся ва ўладзе. Мы ня ведаем агульнай колькасьці палітвязьняў, якія зазнаюць жорсткае абыходжаньне ў Беларусі. Але мы ведаем імёны многіх зь іх», — заяўляюць Ціханоўская і Пэлосі.
У артыкуле згадваюцца палітвязьні, якія больш за год ня маюць сувязі са зьнешнім сьветам: Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калесьнікава, Мікалай Статкевіч і Максім Знак. Гаворыцца, што «паступаюць трывожныя паведамленьні» пра стан здароўя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
На думку аўтарак публікацыі, напярэдадні саміту NATO саюзьнікі і партнэры дэмакратычных сілаў павінны зрабіць захады для падтрымкі прадэмакратычнага руху ў Беларусі і «ўзмацніць ціск на пуцінскага памагатага Лукашэнку — і, як сьледзтва, на самога Пуціна».
Па-першае, прапануюць Ціханоўская і Пэлосі, трэба гарантаваць бясьпечны прытулак для беларускіх актывістаў, якія вымушаныя ўцякаць з краіны: «надаць усебаковую дапамогу беларускаму руху за свабоду, у тым ліку незалежным СМІ, арганізацыям грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцам і рэпрэсаваным».
Па-другое, неабходна ўвесьці яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Расеі за яе «антыдэмакратычную дзейнасьць», ізаляваўшы Пуціна і ягоную эканоміку ад дэмакратычнага сьвету.
Па-трэцяе, «і пуцінская Расея, і лукашэнкаўская Беларусь павінны быць уключаныя ў сьпіс дзяржаваў — спонсараў тэрарызму», прапануюць Пэлосі і Ціханоўская.
«Не памыліцеся: Пуцін і Лукашэнка ўяўляюць такую ж небясьпеку для сусьветнага парадку, як Адольф Гітлер у свой час. Гісторыя папярэджвае нас, што мы ніколі не павінны баяцца супрацьстаяць рэпрэсіўным дыктатурам, якія імкнуцца зьнішчыць дэмакратыю. Беларуская апазыцыя і ўкраінскія змагары за свабоду маюць агульныя рысы. Змагаючыся за сваё вызваленьне, яны зьяўляюцца маякамі свабоды для Эўропы — і для ўсяго сьвету. Мы павінны быць побач зь імі да таго часу, пакуль дэмакратыя не пераможа», — зазначаецца ў артыкуле.
Яго аўтаркі заклікаюць «разам працягваць барацьбу за свабоду і справядлівасьць — за народ Беларусі, за народ Украіны і за ўсё чалавецтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Уся яго карʼера — гэта карʼера ўтрыманца», — Віталь Портнікаў пра 30-годзьдзе кіраваньня Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Лукашэнка — марыянэтка Крамля? Тлумачэньне расейскага экспэрта