У чым лёгіка Эўразьвязу, калі ён забараняе беларусам везьці ў Беларусь будаўнічыя матэрыялы, абутак і ўнітазы? Ці можа быць эфэктыўнай супраць рэжыму Лукашэнкі пагроза перакрыць рух грузаў празь мяжу з Польшчай?
Пра гэта ды іншае ў праграме «ПіК Свабоды» разважае намесьнік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, сябра Каардынацыйнай рады Арцём Брухан.
Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце.
Фрагмэнты з гутаркі:
- Мы не прымаем санкцыі, мы можам толькі нешта прапанаваць. З нашага боку прапановаў санкцыяў, якія прапісаныя ў гэтым пакеце для фізычных асобаў, вядома ж, не было. Але, на жаль, нам трэба разумець жудасны кантэкст — у рэгіёне ідзе вайна, калі ракеты ляцяць у дзіцячыя лякарні, а Беларусь — саўдзельнік у гэтай вайне.
- У заходнім істэблішмэнце, а таксама ў разуменьні эўрапейскага грамадзтва Беларусь — суагрэсар, таму санкцыі, якія ўводзяцца за саўдзел у вайне, дастаткова жорсткія, і іх хочуць наблізіць да санкцый супраць Расеі.
- Вялікі ўплыў на прыняцьце санкцый мае Ўкраіна. Яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць у санкцыйнай групе Макфола-Ермака і прапаноўваюць тыя ці іншыя санкцыйныя захады адносна як Расеі, гэтак і рэжыму Лукашэнкі.
- Я разумею лёгіку Эўразьвязу, але пагадзіцца зь ёю не магу. Яны хочуць, каб за ўдзел у вайне заплацілі ўсе. Зразумела, што нельга класьці ў адзін кошык беларускае грамадзтва, якое выступіла супраць вайны і якое выступае за дэмакратыю, і расейскае грамадзтва, якое падтрымлівае вайну. Але заходнія палітыкі кіруюцца сваімі палітычнымі інтарэсамі. Ім прасьцей уводзіць такія санкцыйныя пакеты, каб патлумачыць свайму грамадзтву, што Лукашэнка — суагрэсар у вайне і ўдзельнічае ў гібрыднай агрэсіі на мяжы Эўрапейскага Зьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская падатковая служба: Новыя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі распаўсюджваюцца і на тавары, набытыя ўраздроб
- Лукашэнка ад 2022 году меў дастаткова часу, каб дыстанцыявацца ад вайны, але замест гэтага ён штодня падкрэсьлівае, што ён дапамагае ў вайне. Магчыма, праз той жа Казахстан ідуць шляхі абыходу санкцый, але публічна, на міжнароднай арэне прадстаўнікі гэтай краіны заяўляюць, што прытрымліваюцца санкцый Эўразьвязу і ЗША адносна Расеі. Яны артыкулююць, што ім гэтая вайна ня блізкая.
- Саўдзел Беларусі ў вайне цяпер адбываецца невайсковым чынам. Санкцыі — інструмэнт для Ўкраіны і Захаду, каб гэтаму супрацьдзейнічаць. Украіна не адказвае на саўдзел у агрэсіі ўдарамі па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. На жаль, такія санкцыі — цана, якую нашае грамадзтва плаціць за тую палітыку, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі.