«Рэглямэнт Рады Эўрапейскага Зьвязу № 2024/1865 ня мае канкрэтных часавых абмежаваньняў дзеяньня. Гэта значыць, па сутнасьці, абмежаваньні будуць дзейнічаць да таго моманту, пакуль Рада ЭЗ ня прыме рашэньня аб іх адмене», — гаворыцца ў адказе Міністэрства фінансаў Польшчы выданьню «Люстэрка».
4 ліпеня беларусы пачалі пісаць у чатах, што пры выезьдзе з Польшчы ў Беларусь мытнікі не прапускаюць тых, хто вязе розныя тавары.
8 ліпеня Польская падатковая служба патлумачыла, што рэглямэнт Рады ЭЗ ад 29 чэрвеня 2024 году пашырае сфэру дзеяньня існых санкцыяў адносна Беларусі: у прыватнасьці, правілы аб забароне на ўвоз і вываз тавараў у Беларусь цяпер распаўсюджваюцца і на фізычных асобаў, якія перамяшчаюць тавары, набытыя ўраздроб.
У Польскай мытні журналістам патлумачылі, што супрацоўнікі мытнай службы, у абавязкі якіх уваходзіць кантроль за выкананьнем санкцыяў ЭЗ, пры праверках на мяжы абапіраюцца на «санкцыйныя» рэглямэнты ЭЗ і законы Польшчы.
Поўны сьпіс забароненых тавараў вельмі шырокі і ўтрымлівае сотні пазыцый. У сфэры гандлю Рада ЭЗ пашырыла забарону на пастаўку тавараў і тэхналёгіяў падвойнага прызначэньня, а таксама ўвяла дадатковыя абмежаваньні на экспарт прадукцыі, якая можа садзейнічаць умацаваньню беларускага прамысловага патэнцыялу. Акрамя таго, уведзеныя дадатковыя абмежаваньні на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў марскога суднаходства і прадметаў раскошы.
Сярод іншага, у польскіх мытнікаў могуць узьнікнуць пытаньні да наступных тавараў:
- перакіс вадароду,
- расьліны,
- супрацьтрывожныя і супрацьэпілептычныя лекі (напрыклад, кланазепам, алпразоалам, флуразепам і гэтак далей),
- будаўнічыя матэрыялы (лякі, фарбы, эмалі, шпатлёўкі, камень, мінэральная вата, дахоўка, азбэст, цэгла, керамічная плітка і гэтак далей),
- бэнзін, прысадкі для бэнзіну, прэпараты супраць карозіі, антыфрыз, тармазныя вадкасьці,
- бідэ, унітазы, змыўныя бачкі,
- новыя шыны для аўтобусаў, грузавікоў і транспарту, які выкарыстоўваецца ў прамысловасьці, а таксама адноўленыя і б/у шыны для любога транспарту,
- драўніна (фанэра, драўляныя бочкі, лісты ДВП і гэтак далей),
- вырабы з паперы і кардону, уключаючы шпалеры, скрынкі, крафтавую паперу,
- тканіны з воўны, бавоўны і сынтэтыкі, б/у адзеньне і коўдры, уключаючы галаўныя ўборы і абутак,
- духоўкі, машыны для сушкі і хімчысткі,
- электрычныя пераносныя лямпы,
- смартфоны, мікрафоны, гуказапісвальная апаратура і апаратура для радыёвяшчаньня,
- тэлевізійныя камэры, лічбавыя фотаапараты і відэакамэры,
- аб’ектывы для фотаапаратаў, біноклі, кінакамэры, праектары, компасы і інш.
Напярэдадні ў чатах аб праходжаньні мяжы сталі пісаць, што польскія мытнікі паведамілі пра ўвядзеньне з 9 ліпеня забароны на ўвоз цыгарэт і алькаголю зь Беларусі, а таксама забароны на ўезд у краіну на аўтамабілі, калі за рулём ці ў салёне няма яго ўладальніка. Афіцыйна польскія ўлады пра гэта пакуль не паведамлялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская падатковая служба: Новыя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі распаўсюджваюцца і на тавары, набытыя ўраздроб