8 ліпеня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар адразу па некалькіх гарадах Украіны. Масавы ўдар па Ўкраіне нанесьлі больш як 40 ракетамі розных тыпаў, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Расея атакавала Кіеў, Дніпро, Крывы Рог, Славянск і Краматорск.
Колькасьць пацярпелых у выніку атакі Расеі па Кіеве вырасла да 100 чалавек, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны. Паводле стану на 19-ую 9 ліпеня вядома пра 30 загінулых, зь іх 4 дзяцей, якіх дасталі з-пад завалаў шматкватэрнага дома. 7 загінулых у Саламянскім раёне, 14 — у Шаўчэнкаўскім і яшчэ 9 — у Дняроўскім раёне.
Траўмы атрымалі агулам 70 чалавек. Усе пацярпелыя — мірныя жыхары.
Раніцай 9 ліпеня Ўладзімір Зяленскі паведамляў, што агульная колькасьць ахвяраў расейскага масіраванага ракетнага ўдару па Ўкраіне 8 ліпеня вырасла да 43, сярод іх чацьвёра дзяцей. Яшчэ 190 чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Паводле яго, па стане на раніцу 9 ліпеня ў бальніцах Кіева знаходзіліся 64 пацярпелых, Крывога Рога — 28 чалавек.
Сярод іншых аб’ектаў ад расейскай ракеты пацярпела адно з памяшканьняў дзіцячай лякарні «Охматдит» у Кіеве. Пашкоджаны будынак, у якім дзеці праходзілі дыяліз, паведаміў міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко. Служба бясьпекі Ўкраіны назвала атаку «тэрарыстычным актам» і адкрыла з гэтай нагоды крымінальную справу.
Паводле папярэдніх зьвестак сьледзтва, Узброеныя сілы Расеі для атакі на мэдычную ўстанову выкарысталі стратэгічную крылатую ракету Х-101.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетная атака Расеі па Ўкраіне: шмат ахвяр, у Кіеве пацярпеў найбуйнейшы дзіцячы шпіталь. ФОТАДзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што расейцы наўмысна атакуюць такія аб’екты.
«Мы бачылі, як Расея нанесла чарговы жорсткі ракетны ўдар па мірным насельніцтве Кіева і іншых гарадоў Украіны… Гэта аб’екты, якія ня служаць ніякай ваеннай мэце. Украінскай вайсковай тэхнікі яны не хаваюць. Украінскіх вайскоўцаў яны не хаваюць. Гэта цывільная інфраструктура, якая ня можа і не павінна быць аб’ектам ваенных нападаў. Але мы зноў бачым, што Пуцін наўмысна атакуе цывільную інфраструктуру ў рамках сваёй крывавай вайны супраць Украіны», — сказаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт’ю Мілер.
У Пэнтагоне пагадзіліся з заявай Дзярждэпартамэнту і адзначылі, што Расея не ўпершыню атакуе відавочна цывільныя аб’екты.
«Я думаю, вы ўбачыце на саміце на гэтым тыдні дэманстрацыю сілы, адзінства і рашучасьці альянсу NATO, асабліва ў дапамозе Ўкраіне абараніць сябе і свой сувэрэнітэт», — сказаў прэс-сакратар Пэнтагону Пэт Райдэр.
Акрамя яго, пра магчымасьць таго, што ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА Ўкраіны, сказаў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: ЗША і хаўрусьнікі па NATO на тыдні аб’явяць пра новыя захады ўмацаваньня СПА ЎкраіныРасея спрабуе адмовіцца ад адказнасьці за ракетны абстрэл дзіцячай лякарні, гаворыцца ў справаздачы Амэрыканскага інстытуту вывучэньня вайны (ISW). Аналітыкі адзначылі, што расейскія афіцыйныя асобы і суб’екты інфармацыйнай прасторы робяць ілжывыя заявы пра ракеты і стан шпіталя — усё гэта супярэчыць наяўным доказам.
Некаторыя расейскія блогеры сьцьвярджалі, што расейскія войскі спрабавалі нанесьці ўдар па машынабудаўнічым заводзе імя Арцёма, які знаходзіцца прыкладна за 1,6 кілямэтра на поўнач ад «Охматдиту», але насамрэч удар па заводзе нанесьлі іншыя расейскія ракеты, заявілі ў ISW.
Экспэрт вайсковага парталу Defense Express Іван Кірычэўскі паведаміў украінскай службе Свабоды пра тое, што расейская ракета мела каардынаты лякарні. Ён расказаў пра рух і траекторыю ракеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заявы Тэртэля ўспрынялі ва Ўкраіне як анонс удару па кіеўскіх шпіталях. Іх эвакуаваліПрэзыдэнт 78-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН Дэніс Фрэнсіс асудзіў атакі расейцаў. Ён заклікаў да салідарнасьці з Украінай у гэты няпросты момант.
«Я глыбока засмучаны гэтай трагедыяй. Маё сэрца з ахвярамі і іхнымі сем’ямі. Я толькі што пакінуў Украіну, дзе стаў сьведкам стойкасьці і мужнасьці ўкраінскага народу перад абліччам расейскай агрэсіі. Гэты несумленны напад на мірных жыхароў, асабліва дзяцей, зьяўляецца грубым парушэньнем міжнароднага права і прынцыпаў Статуту ААН. Усе цывільныя асобы павінны быць абаронены», — адзначыў Фрэнсіс.
«Охматдит» — найбуйнейшая дзіцячая лякарня Ўкраіны. Штогод у ёй лечаць больш за 20 тысяч дзяцей з усёй краіны. Загінулі двое дарослых, адна зь іх мэдык, 10 чалавек пацярпелі. Яшчэ некалькі будынкаў пашкоджаныя. Працягваюцца работы ў разьбіраньні завалаў і пошуку людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завалы кіеўскага дзіцячага шпіталя, які разбамбілі расейцы, дапамагаў разьбіраць беларус, які страціў нагу на вайнеУлады ўкраінскай сталіцы абвясьцілі 9 ліпеня днём жалобы. У гэты дзень на ўсіх гарадзкіх будынках будуць прыспушчаны сьцягі. Таксама рэкамэндавана прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі на дзяржаўных і прыватных будынках.
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што ў горадзе забароненыя ўсе забаўляльныя мерапрыемствы, а радыёстанцыі і тэлеканалы павінны ўнесьці зьмены ў сваю сетку вяшчаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Бясьпекі ААН абмяркуе расейскі ракетны ўдар па дзіцячым шпіталі ў КіевеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.