Пра гэта паведаміў амбасадар Эўразьвязу ў Грузіі Павэл Гэрчыньскі журналістам на двухдзённай міжнароднай канфэрэнцыі, якая праходзіць у Тбілісі «Пашырэньне ЭЗ — геапалітычная неабходнасьць і далейшыя крокі для краін – кандыдатаў у ЭЗ», паведамляе «Настоящее время».
«І гэта толькі першы крок, будуць і іншыя. Дапамога ўраду Грузіі будзе скарочана, і мы пастараемся перакласьці гэтую прамую дапамогу на грамадзянскую супольнасьць і сродкі масавай інфармацыі».
«У выпадку з Грузіяй да гэтага часу незразумела, ці стане яна часткай наступнай вялікай хвалі пашырэньня ЭЗ. Я шчыра спадзяюся, што так і будзе і пасьля кастрычніцкіх выбараў мы адновім нашу працу і здолеем дабіцца таго, каб Грузія стала часткай далейшага пашырэньня ЭЗ», – адзначыў амбасадар Эўразьвязу ў Грузіі.
Ён таксама адзначыў, што на гэты момант уступленьне Грузіі ў ЭЗ прыпыненае.
«Пра гэта вельмі ясна заявілі лідэры Эўразьвязу пасьля саміту Эўрапейскай рады. Я не магу сабе ўявіць, што сёлета Грузія прасунецца наперад, зробіць крокі, таму што лідэры Эўразьвязу вырашылі замарозіць працэс уступленьня. Цяпер яны цярпліва чакаюць большай яснасьці ад ураду Грузіі», — сказаў дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па «Грузінскай мары»: ЗША ўвялі санкцыі адносна грузінскіх палітыкаў і ўрадоўцаўАдносіны ўладаў Грузіі і Эўразьвязу сапсаваліся пасьля прыняцьця закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», які крытыкі называюць аналягам рэпрэсіўнага расейскага закона аб «іншаземных агентах».
Эўракамісія зазначыла, што рашэньне «нэгатыўна паўплывае на эўрапейскія пэрспэктывы Грузіі», бо законапраект падрывае грамадзянскую супольнасьць і пагражае свабодзе СМІ. Летась Грузія атрымала статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз, але перамовы аб гэтым яшчэ не пачаліся.
Таксама ад прыняцьця закону заклікалі адмовіцца ЗША, прыгразіўшы перагледзець шматмільённыя праграмы дапамогі Грузіі і ўвесьці санкцыі супраць датычных да рэпрэсіяў у дачыненьні да пратэстоўцаў. Ініцыятар законапраекту — кіроўная «Грузінская мара» — асудзіла міжнародны ціск.
14 траўня грузінскі парлямэнт ухваліў законапраект аб «іншаземных агентах» у трэцім, канчатковым, чытаньні. Прэзыдэнт Грузіі Саламе Зурабішвілі наклала на яго вэта. У «Грузінскай мары» было дастаткова галасоў у парлямэнце, каб пераадолець прэзыдэнцкае вэта.
Абмеркаваньне законапраекту суправаджалася шматтысячнымі пратэстамі ў Тбілісі і ў іншых гарадах Грузіі. Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў больш за месяц выходзілі на вуліцы са сьцягамі Грузіі і ЭЗ і патрабаваньнем не прымаць «расейскага закону». На пратэстах здараліся сутычкі з паліцыяй — тая ўжывала сілу і затрымлівала пратэстоўцаў, якія, на яе думку, парушалі грамадзкі парадак. У краіне таксама праходзіў студэнцкі страйк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні пакет законаў з абмежаваньнямі супраць ЛГБТ+