Прыняты Бундэстагам у пятніцу бюджэт Нямеччыны на 2025 год расчараваў нямецкіх вайскоўцаў. Замест запатрабаванага падвышэньня абаронных выдаткаў на 6 мільярдаў эўра палітыкі выдзелілі звыш заплянаваных раней сродкаў толькі 1,2 мільярда.
Генэральны інспэктар узброеных сілаў Нямеччыны (пасада, аналягічная начальніку генштабу ў іншых краінах) Карстэн Броер заявіў у інтэрвію газэце Süddeutsche Zeitung, што чакае падвышэньня абаронных выдаткаў у найбліжэйшыя гады. Паводле яго, Расея можа «каля 2029 году павярнуцца супраць краін NATO, таму так важна стрымліваньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бундэсвэр павінен быць гатовы да абароны да 2029 году», — міністар абароны НямеччыныБроер падкрэсьліў: «Расея зараз выбудоўвае патэнцыял, які нашмат перавышае той, які патрэбны ёй для вайны супраць Украіны. Расейскія ўзброеныя сілы плянуюць павелічэньне колькасьці салдат да паўтара мільёна, гэта больш, чым ва ўсім Эўразьвязе». Акрамя таго, Расея, па словах генэральнага інспэктара Бундэсвэру, вырабляе каля 1000–1500 танкаў у год. «Калі мы паглядзім на пяць самых буйных армій NATO у Эўропе, то мы ўбачым, што ў іх распараджэньні знаходзіцца палова танкаў, якія Расея выпускае за год. Мы павінны быць падрыхтаваныя», — папярэдзіў Броер.
Перад самітам NATO ў Вашынгтоне Броер заявіў, што выдзеленыя пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне дадатковыя сто мільярдаў эўра будуць выдаткаваныя да канца бягучага году пасьля заключэньня дамоваў з абароннымі прадпрыемствамі. Аднак пасьля закупу новых сыстэмаў узбраеньня вырастуць выдаткі на іх падтрыманьне. «Навошта нам новая зброя, калі салдаты ня змогуць яе выкарыстоўваць?» — задаў рытарычнае пытаньне генэральны інспэктар бундэсвэру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц папярэдзіў Маскву пра «гатоўнасьць абараняць ад нападаў кожны квадратны мэтар тэрыторыі NATO»У прынятым бюджэтным пляне на 2025 год першапачаткова былі заплянаваныя 52 мільярды эўра абаронных выдаткаў. Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс запатрабаваў падвышэньня на 6 мільярдаў эўра. Сацыял-дэмакратычны палітык жорстка крытыкаваў рашэньне павялічыць вайсковы бюджэт толькі на 1,2 мільярда эўра, зьвярнуўшы ўвагу на ваенныя пагрозы з боку Расеі і адказнасьць Нямеччыны перад Эўропай і сьветам.
Канцлер ФРГ Оляф Шольц адзначыў, што з 2028 году пасьля поўнага асваеньня выдзеленых 100 мільярдаў эўра абаронны бюджэт Нямеччыны вырасьце да 80 мільярдаў эўра.