Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка 23 чэрвеня «загінуў пры няясных і вельмі трывожных абставінах», заявіла 5 ліпеня на паседжаньні сталай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ Катрын Брукер, піша «Позірк».
Брукер працавала зь Сідарэнкам у Вене на пачатку 2000-х гадоў падчас ягонай першай камандзіроўкі ў складзе беларускай пастаяннай дэлегацыі пры АБСЭ. Яна ахарактарызавала яго як «надзвычай яркага, добрага чалавека, таленавітага лінгвіста і вельмі адданага і эфэктыўнага прадстаўніка сваёй краіны — тады таксама ў складаных абставінах».
Брукер адзначыла, што, як мяркуецца, Сідарэнка загінуў у выніку самагубства. Падобна, яно адбылося пасьля інтэнсіўнага допыту і праверкі на дэтэктары хлусьні, праведзенай беларускім КДБ, калі ён вярнуўся ў Менск пасьля васьмі гадоў у Бэрліне ў якасьці пасла.
«Паводле некаторых дадзеных, на ягоным целе былі выяўленыя сьляды катаваньняў», — заявіла часовая павераная ў справах ЗША пры АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раптоўна памёр былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне 48-гадовы Дзяніс Сідарэнка«Магчыма, мы ніколі не даведаемся пра сапраўдныя акалічнасьці сьмерці Дзяніса, але адно можна сказаць напэўна: Дзяніса Сідарэнку забралі ў нас занадта рана», — дадала яна, прапанаваўшы калегам «знайсьці адпаведны спосаб» ушанаваць ягоную памяць.
Пра сьмерць Сідарэнкі стала вядома 26 чэрвеня, у дзень пахаваньня дыплямата. Толькі пасьля таго як інфармацыя пра сьмерць зьявілася ў прэсе, яе пацьвердзіла беларускае МЗС.
Згодна з вэрсіямі, якія зьявіліся пазьней, дыплямат, які завяршыў у сакавіку васьмігадовую кадэнцыю ў якасьці пасла ў Нямеччыне, магчыма, скончыў жыцьцё самагубствам пасьля праверак КДБ, у тым ліку на дэтэктары хлусьні, або быў забіты беларускімі спэцслужбамі «прэпаратам з адкладзеным дзеяньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі»: «Гэта была зьдзелка з сумленьнем, хлусіць было цяжка»