У Магілёве незалежных журналістаў Сабалеўскага і Глушкова абвінавацілі ва «ўдзеле ў баявых дзеяньнях за мяжой»

Алесь Сабалеўскі, архіўнае фота

Вядомых у горадзе журналістаў будуць судзіць па «палітычнай» справе.

Магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага і журналіста Яўгена Глушкова абвінавачваюць па трох крымінальных артыкулах. Сярод якіх «удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавай» (частка 1 артыкулу 361-3 КК), піша праваабарончы рэсурс Mayday Team.

Акрамя ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, блогера і журналіста абвінавачваюць у стварэньні «экстрэмісцкага» фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1 КК) і ўдзеле ў «экстрэмісцкім» фармаваньні (ч. 3 арт. 361-1 КК).

Разгляд справы магілёўцаў пачнецца 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля другога арышту ня выйшаў на волю былы магілёўскі блогер Алесь Сабалеўскі

Алеся Сабалеўскага затрымалі ў сьнежні 2023 году. Першапачаткова ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, пасьля чаго ў студзені 2024 году на яго завялі крымінальную справу. Апэратар Яўген Глушкоў быў затрыманы ў пачатку студзеня 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На былога магілёўскага журналіста Глушкова завялі крымінальную справу паводле «экстрэмісцкага» артыкула

У Магілёве Сабалеўскі вядомы як адзін з журналістаў, якія супрацоўнічалі да 2020 году з гарадзкімі онлайн-выданьнямі.

Яўген Глушкоў — былы магілёўскі журналіст, у 90-я і 2000-я працаваў на гарадзкой тэлевізіі, пасьля гэтага супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.

Апошнім часам абодва адышлі ад журналісцкай дзейнасьці, але ўсё адно трапілі пад перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве зьбіраюць подпісы супраць зьнішчэньня парку пад музэй расейскага цара