Былога палітвязьня Алеся Кіркевіча, які знаходзіцца за мяжой, судзяць завочна, яго вінавацяць у парушэньні частак 1 і 2 артыкулу 361–4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Алесь Кіркевіч сказаў Свабодзе, што да пачатку суду не кантактаваў ні са сьледзтвам, ні з адвакатам і ня ведае, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць.
Паводле Кіркевіча, ён чакаў перасьледу «ў той ці іншай форме», але вялікага інтарэсу да свайго суду ня мае.
«На фоне судоў і сапраўды суворых выракаў людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, гэты суд не здаецца мне важным», — сказаў Алесь Кіркевіч.
Ён ня выключыў, што ціск на апазыцыянэраў, якія выехалі за мяжу праз пагрозу рэпрэсій, працягнецца і пасьля завочных судоў над імі.
«На пэрспэктыву нас чакаюць ня толькі новыя суды, але і масавае пазбаўленьне грамадзянства, каб выкрасьліць на ўсялякі выпадак гэтых людзей з палітычнага поля пры любым унутраным раскладзе ў Беларусі. Так паноўная ўлада будзе спрабаваць зрабіць сабе „падушку бясьпекі“ на пэрспэктыву. Асуджаны чалавек за межамі радзімы без грамадзянства — у іхным уяўленьні нэўтралізаваны», — мяркуе Алесь Кіркеівіч.
- Алесь Кіркевіч былы палітвязень, у 2011 годзе ён быў асуджаны на 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў сьнежні 2010 году.
- Адбываў пакараньне ў наваполацкай папраўчай калёніі, быў вызвалены праз памілаваньне.
- Цяпер Кіркевічу завочна пагражае прысуд да 7 гадоў зьняволеньня.