8 ліпеня Украіна і Польшча падпісалі двухбаковую дамову аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі. Падпісаньне дамовы адбылося падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Варшаву. Дамову з польскага боку падпісаў кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск.
Дэталі пакуль не раскрываюцца.
Пасбля сустрэчы з Тускам і сумеснай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт Украіны сустрэнецца са сваім польскім калегам Анджэем Дудам.
Сайт прэзыдэнта Польшчы анансаваў сустрэчу Зяленскага і Дуды каля 15.00 па менскім часе.
Раней прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што пагадненьне аб бясьпецы паміж Польшчай і Украінай «амаль гатовае» і будзе падпісана да саміту NATO, які стартуе 9 ліпеня.
«Тэкст пагадненьня дапаўняе змест Дэкларацыі G7 аб падтрымцы Ўкраіны, заключанай у Вільні 12 ліпеня 2023 году, да якой Польшча далучылася рашэньнем прэмʼер-міністра Дональда Туска 22 студзеня 2024 году. Яго мэта — далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі і падтрымкі Ўкраіны перад абліччам расейскай агрэсіі, а таксама падкрэсьліваньне пастаяннай падтрымкі Польшчай сяброўства Ўкраіны ў NATO і ЭЗ», — гаворыцца ў камэнтары МЗС Польшчы.
- 27 чэрвеня Ўкраіна падпісала дамову аб бясьпецы з Эўразьвязам.
- 13 чэрвеня аналягічны дакумэнт Украіна падпісала з ЗША.
- Раней Украіна падпісала аналягічныя дамовы зь іншымі сваімі партнэрамі, у тым ліку зь Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Францыяй.
- Паводле зьвестак Офіса прэзыдэнта, на канец траўня Ўкраіна падпісала пагадненьні аб бясьпецы, якія прадугледжваюць вайсковую і фінансавую падтрымку больш чым на 23 мільярды даляраў.
- Усяго Кіеў падпісаў больш за 15 пагадненьняў у галіне бясьпекі ў рамках дэклярацыі аб падтрымцы Украіны, прынятай у Вільні ў ліпені 2023 году краінамі «Групы сямі».