Орбан пасьля сустрэч зь Зяленскім і Пуціным адправіўся ў былы Нагорны Карабах

Віктар Орбан

У Брусэлі ўжо раскрытыкавалі ўдзел прэм’ер-міністра Вугоршчыны ў пасяджэньні Арганізацыі цюркскіх дзяржаў.

Удзел прэм’ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана ў нефармальным саміце Арганізацыі цюркскіх дзяржаў у Шушы 5-6 ліпеня адбыўся выключна ў рамках двухбаковых адносін паміж афіцыйным Будапэштам і гэтай арганізацыяй. Пра гэта ў сваёй заяве ў суботу, 6 ліпеня, заявіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Шуша — горад, які з 1992 па 2020 гг. уваходзіў у непрызнаную Нагорна-Карабаскую рэспубліку, але пасьля яе ліквідацыі ў выніку новай Карабаскай вайны, быў далучаны да Азэрбайджану.

Бурэль нагадаў, што з 1 ліпеня Вугоршчына пачала старшыняваць у Радзе ЭЗ на ратацыйнай аснове, але асабіста Орбан «не атрымліваў паўнамоцтваў на прасоўваньне адносін паміж Эўразьвязам і Арганізацыяй цюркскіх дзяржаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан пасьля Кіева прыехаў у Маскву. У Эўразьвязе заявілі, што ён ня мае мандату на перамовы аб Украіне

Палітык таксама адзначыў, што Эўразьвяз адхіляе спробы Арганізацыі цюркскіх дзяржаў «легітымізаваць турэцка-кіпрскае сэпаратысцкае ўтварэньне „Турэцкая рэспубліка Паўночнага Кіпру“ ў якасьці назіральніка ў Арганізацыі цюркскіх дзяржаў».

«Эўразьвяз неаднаразова даваў зразумець, у тым ліку на самым высокім палітычным узроўні, што прызнае толькі Рэспубліку Кіпр у якасьці суб’екту міжнароднага права ў адпаведнасьці з рэзалюцыямі Рады бясьпекі ААН», — дадаў Бурэль.

Арганізацыя цюркскіх дзяржаў заснаваная ў 2009 годзе Турэччынай, Азэрбайджанам, Казахстанам і Кіргізстанам. З 2018 году Вугоршчына зьяўляецца дзяржавай-назіральніцай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына пераняла старшынства Эўразьвязу. Ці будуць нечаканасьці?