Такім чынам юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка пракамэнтаваў датэрміновае вызваленьне шэрагу палітвязьняў. Ягоныя словы прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Разам з тым, паводле Сапелкі, колькасьць вызваленых «не дае падставаў для аптымізму», асабліва калі гэта «акажацца разавай акцыяй, зьвязанай са сьвяткаваньнем уладамі так званага Дня Незалежнасьці».
Павал Сапелка паведаміў, што на цяперашні момант «Вясьне» вядома пра 18 датэрмінова вызваленых палітвязьняў (4 жанчын і 14 мужчын).
Паводле Сапелкі, у часткі вызваленых сапраўды ёсьць цяжкія захворваньні, выхад на свабоду іншых «можа быць наўпрост не зьвязаны з гуманітарнымі меркаваньнямі». «З гэтага можна зрабіць цьвёрдую выснову аб тым, што менавіта адвакацыйныя намаганьні праваабарончай і дэмакратычнай палітычнай супольнасьці даюць свае вынікі — вядома, не таго маштабу, які чакаецца», — канстатаваў ён.
«Нягледзячы на пазытыўны характар самой падзеі, яна ня сьведчыць пра сурʼёзныя або стратэгічныя зьмены ў сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», — падкрэсьліў праваабаронца.
«Вясна» зьвярнула ўвагу, што вызваленьне шэрагу палітвязьняў супала з падпісаньнем і публікацыяй закону аб амністыі, аднак не магло быць зроблена ў адпаведнасьці зь ім. Дакумэнт выключае вызваленьне тых, хто асуджаны па асобных канкрэтных артыкулах (у пераліку практычна ўсе яны — «экстрэмісцкія») і тых, каго ўнесьлі ў пералік асобаў, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці», растлумачылі праваабаронцы.
З 2020 году, падкрэсьліла «Вясна», гэта ня першы выпадак вызваленьня асуджаных з палітычных матываў раней за тэрмін на падставе памілаваньня або амністыі. За 4 гады масавых рэпрэсіяў, паводле праваабаронцаў, у Беларусі памілавалі 29 палітвязьняў.
Прашэньне аб памілаваньні, асабліва ў 2021–2022 гады, «было масавым элемэнтам ціску на палітвязьняў», «некаторых зь іх, паводле сьведчаньняў былых зьняволеных, прымушалі пісаць хадайніцтва на імя Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома праваабаронцам пра вызваленых палітвязьняў- 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі, які, аднак, паводле зьместу не распаўсюджваецца на асобаў з «экстрэмісцкіх сьпісаў».
- Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане выказаў пажаданьне, каб амністыя, у выніку якой былі вызваленыя некалькі палітвязьняў, стала «крокам да поўнай павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі». Ён выказаў занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведаміла ААН.
- Вызваліць усіх палітвязьняў заклікалі ЗША і Эўразьвяз.