Беларусы стварылі пэтыцыю да агенцыі «Blair partnership», якая валодае правамі на выданьне кніг пра Гары Потэра, з просьбай перагледзець сваю адмову беларускаму незалежнаму выдавецтву «Янушкевіч» у дазволе на пераклад і выданьне чацьвёртай і наступных кніг пра Гары Потэра па-беларуску.
«Мы разумеем, што на гэтае рашэньне паўплывала прызнаньне датычнасьці рэжыму Лукашэнкі да ваенных злачынстваў ва Ўкраіне і статус Беларусі як суагрэсара. Аднак мы хацелі б падкрэсьліць, што запыт на гэтыя пераклады паходзіць ад асобаў, якія супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі й падтрымліваюць Украіну, выступаючы за дэмакратыю ў Беларусі», — гаворыцца ў пэтыцыі.
Аўтары пэтыцыі заклікаюць праваўладальніка выданьня кніг пра Гары Потэра перагледзець сваё рашэньне і ў якасьці аргумэнтаў прыводзяць наступныя факты:
- Выдавецтва «Янушкевіч» стварылі ў Польшчы пасьля палітычна матываванага перасьледу беларускімі ўладамі як выдавецтва, так і ягоных заснавальніка і працаўнікоў. Цяпер выдавецтва публікуе кнігі ня толькі беларускіх аўтараў (часта забароненых у Беларусі з палітычных матываў), але й творы ўкраінскіх аўтараў і пераклады, напрыклад, Стывэна Кінга.
- За апошнія 3,5 года каля 500 тысяч беларусаў пакінулі краіну з прычыны палітычнага перасьледу. Сярод іх шмат сем’яў з малымі дзецьмі, якія цяпер раскіданыя па ўсім сьвеце з абмежаваным доступам да беларускамоўных матэрыялаў. Магчымасьць чытаць Гары Потэра па-беларуску — вялікая падтрымка для маленькіх беларусаў у выгнаньні і беларускамоўных дзяцей у самой Беларусі.
- Беларуская мова цяпер у небясьпецы, UNESCO прызнала яе «патэнцыйна ўразьлівай». Выданьне такіх папулярных кніг, як сэрыя пра Гары Потэра, на беларускай мове спрыяла б захаваньню беларускай мовы і далейшаму пашырэньню яе выкарыстаньня, а таксама культурнай разнастайнасьці.
- Прарасейскі рэжым у Беларусі актыўна падаўляе выкарыстаньне беларускай мовы на карысьць расейскай, разглядаючы беларускамоўных людзей як палітычных апанэнтаў. Размова па-беларуску можа прывесьці да прыцягненьня ўвагі з боку ўладаў і турэмнага зьняволеньня. Выданьне кніг па-беларуску служыць супрацівам гэтаму падаўленьню й дапамагае супрацьстаяць расейскай прапагандзе.
На момант публікацыі пэтыцыю падпісалі ўжо больш за 600 чалавек. Падпісаць яе можна па спасылцы.
- Раней выдавецтва «Янушкевіч» апублікавала па-беларуску тры кнігі Джоан Роўлінг: «Гары Потэр і філязофскі камень» (2019), «Гары Потэр і таемная заля» (у верасьні 2020-га) і «Гары Потэр і вязень Азкабана» (у кастрычніку 2021-га). У плянах выдавецтва «Янушкевіч» было выдаць усе 7 кніг пра Гары Потэра па-беларуску, але на гэта неабходна мець правы.
- Днямі стала вядома, што брытанскі праваўладальнік «Гары Потэра» — агенцыя «The Blair Partnership» — адмовілася супрацоўнічаць з выдавецтвам «Янушкевіч». Прычынай стала тое, што Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу ды іншых заходніх краінаў. Такім чынам, правы на выданьне кніг пра Гары Потэра прыпынілі.
- Выдавец Андрэй Янушкевіч паведаміў Свабодзе, што ня будзе змагацца за магчымасьць далейшага выданьня кніг Гары Потэра па-беларуску, бо «тут ужо пастаўлена кропка». «Мы не знайшлі ўзаемапаразуменьня з праваўладальнікамі. Яны ня хочуць зьвязвацца ні з чым беларускім, пакуль Рэспубліка Беларусь пад санкцыямі», — патлумачыў ён.