Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк у эфіры «Польскага радыё» падкрэсьліў, што Польшча павінна шукаць розныя спосабы рэагаваньня на дзеяньні Беларусі, якія ўскладняюць паляпшэньне стасункаў паміж дзьвюма краінамі. Ён спаслаўся на нядаўнюю блякаду чыгуначнага руху на мяжы зь Беларусьсю, якая доўжылася 33 гадзіны.
Раней выданьне RMF FM паведаміла, што блякаваньне мытнага тэрміналу ў Малашэвічах стала дэманстрацыяй магчымасьцей і выразным сыгналам рэжыму Лукашэнкі, што польскія ўлады могуць законна блякаваць чыгуначны транзыт з Усходу ў Эўразьвяз.
Семоняк падкрэсьліў, што польскія службы дзейнічаюць у адпаведнасьці з законам і ў інтарэсах дзяржавы.
Ён таксама зазначыў, што Беларусь павінна рабіць высновы з розных сытуацый, такіх як зьняволеньне Анджэя Пачобута або адмова экстрадаваць забойцу польскага жаўнера.
Кіраўнік МУС Польшчы заявіў, што, нягледзячы на зьмену ўраду, Польшча будзе і надалей дамагацца выдачы забойцы жаўнера Матэвуша Сітэка, які загінуў пасьля сутыкненьня зь мігрантамі на мяжы ў канцы траўня, хоць Беларусь не супрацоўнічае з Польшчай у гэтым пытаньні.
Семоняк таксама пракамэнтаваў сытуацыю на польска-беларускай мяжы, адзначыўшы, што кожны дзень там адбываецца некалькі дзясяткаў інцыдэнтаў.
Томаш Семоняк паведаміў, што Польшча шукае розныя спосабы аказаць уплыў на афіцыйны Менск, у тым ліку шляхам перамоваў «зь іншымі дзяржавамі, якія могуць уплываць на дзеяньні Беларусі».
«Каб дайшло да ўсьведамленьня [Лукашэнкі], што з Польшчы хопіць гэтага і што мы больш не дазволім такіх дзеяньняў. Няма сумневаў, што Беларусь рэгулюе рух [мігрантаў] на мяжы. Лукашэнка адным рашэньнем мог бы гэта спыніць, але замест гэтага [ён гэта] дазваляе, і ягоныя службы актыўна ўдзельнічаюць у працэсе», — сказаў Семоняк.
Сярод іншага, ён сказаў, што да аховы польска-беларускай мяжы могуць прыцягнуць сілы Нямеччыны і іншых краін Шэнгенскай зоны. Таксама плянуецца арганізаваны міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім візыт на мяжу зь Беларусьсю кіраўнікоў МЗС некалькіх краін ЭЗ, у тым ліку Нямеччыны, Фінляндыі і Грэцыі.
Варшава чакае, што іншыя дзяржавы возьмуць удзел у разьвязаньні памежнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча хоча прыцягнуць нямецкіх, грэцкіх і фінскіх сілавікоў да аховы мяжы зь Беларусьсю- 2 ліпеня стала вядома, што Варшава хоча яшчэ больш узмацніць ціск на рэжым у Менску. Як неафіцыйна даведалася RMF FM, МЗС Польшчы вырашыла ўвесьці дэталёвы кантроль на буйным мытным тэрмінале на мяжы зь Беларусьсю — у Малашэвічах Люблінскага ваяводзтва.
- Выданьне адзначыла, што вялікая доля перавозак з усходу ідзе на захад праз так званы «сухі порт» у Малашэвічах, уключаючы асноўныя наземныя пастаўкі з Кітаю. Яны ідуць па чыгунцы ў краіны Эўразьвязу, а таксама ў порт Гданьск, адкуль дастаўляюцца іншым атрымальнікам. Гэты транзыт — важная крыніца даходу для беларускага рэжыму. Яго зьніжэньне можа выклікаць мноства наступстваў.
- У МЗС Польшчы разьлічваюць на ціск Пэкіну на Менск, у выніку якога Лукашэнка, як чакаецца, выканае патрабаваньні Польшчы, адзначае RMF FM.