Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан прыехаў у Маскву праз тры дні пасьля наведваньня Кіева і перамоў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
2 ліпеня ў Кіеве ён прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму забясьпечыць спыненьне агню для правядзеньня мірных перамоў.
Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што візыт Віктара Орбана ў Маскву «праходзіць выключна ў рамках двухбаковых дачыненьняў паміж Вугоршчынай і Расеяй».
«Цяпер Вугоршчына зьяўляецца сябрам ЭЗ, які старшынюе ў Радзе да 31 сьнежня 2024 году. Гэта ня цягне за сабой ніякага замежнага прадстаўніцтва ЭЗ, за што адказвае прэзыдэнт Эўрапейскай рады на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў або ўрадаў і Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі на міністэрскім узроўні», — адзначаецца ў заяве Жузэпа Бурэля.
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі падкрэсьліў, што «прэм’ер-міністар Орбан не атрымаў мандату ад Эўрапейскай рады на візыт у Маскву».
«Пазыцыя Эўразьвязу ў дачыненьні да агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны адлюстраваная ў шматлікіх высновах Эўрапейскай рады. Такая пазыцыя выключае афіцыйныя кантакты паміж ЭЗ і прэзыдэнтам Пуціным. Такім чынам, прэмʼер-міністар Вугоршчыны ні ў якой форме не прадстаўляе ЭЗ», — падкрэсьліў Жузэп Бурэль.
Ён таксама нагадаў, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна за яго ролю ў гвалтоўнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею.
Віктар Орбан адказаў на заяву Жузэпа Бурэля.
«Вы ня можаце дасягнуць міру, седзячы ў зручным крэсьле ў Брусэлі. Нават калі старшынёўства ЭЗ па чарзе ня будзе даваць мандату на вядзеньне перамоў ад імя ЭЗ, мы ня зможам сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль вайна цудоўным чынам закончыцца. Мы паслужым важным інструмэнтам пры ажыцьцяўленьні першых крокаў да міру. У гэтым і заключаецца наша міратворчая місія», — напісаў ён на сваёй старонцы на плятформе Х.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орбан сустрэнецца з Пуціным у Маскве пасьля паездкі ў Кіеў4 ліпеня стала вядома, што адказаў Зяленскі на прапанову Віктара Орбана.
«У вайне мы ня можам проста так гаварыць пра спыненьне агню. Для мяне і для нашых людзей патрэбен плян. Мы ня можам проста давяраць Пуціну. Мы яму ў прынцыпе ня можам давяраць больш, бо для нас ён забойца і агрэсар. Важна, што Вугоршчына прызнае, што Расея — агрэсар. Важна, што краіна прызнае сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію агенцтву Bloomberg.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы больш ня можам давяраць Пуціну». Зяленскі расказаў, што адказаў на прапанову Орбана, і згадаў пра БеларусьПуцін разглядае візыт Орбана як старшыні ў ЭЗ
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на перамовах заявіў, што разглядае візыт Віктара Орбанам ня толькі як даўняга партнэра Расеі, а «і як старшыні ў Радзе ЭЗ».
«У нас будзе, спадзяюся, магчымасьць абмяняцца думкамі наконт будаўніцтва двухбаковых дачыненьняў у гэтай няпростай сытуацыі і, вядома ж, пагаварыць аб пэрспэктывах разьвіцьця найбольшага эўрапейскага крызісу, маю на ўвазе на ўкраінскім кірунку», – заявіў Пуцін.
Расейскі прэзыдэнт назваў мэту візыту вугорскага прэм’ера ў Расею «абмеркаваць усе нюансы сытуацыі, якая склалася на кіеўскім кірунку, на ўкраінскім кірунку».
Уладзімір Пуцін таксама падкрэсьліў аб гатоўнасьці выслухаць і пазыцыю Віктара Орбана, і пазыцыю эўрапейскіх партнэраў аб магчымасьці мірнага ўрэгуляваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына пераняла старшынства Эўразьвязу. Ці будуць нечаканасьці?Самалёт Орбана ляцеў празь беларускую паветраную прастору
Як паведаміла супольнасьць FlightRadar24 Air Force, якая адсочвае актыўнасьць вайсковай авіяцыі каля межаў Расеі, Украіны і Беларусі, самалёт Віктара Орбана накіроўваўся ў Расею праз паветраную прастору Беларусі.
Такім чынам Віктар Орбан парушыў яшчэ і забарону на палёты празь Беларусь, уведзеную пасьля прымусовай пасадкі ў Менску ў траўні 2021 году самалёту Ryanair, на борце якога знаходзіліся блогер Раман Пратасевіч і грамадзянка РФ Соф’я Сапега. Іх затрымалі і асудзілі ў Беларусі – Пратасевіча прызналі вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады ў Беларусі і арганізацыі масавых беспарадкаў, а Сапегу – у распальваньні сацыяльнай варожасьці, гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў унутраных спраў.
Пасьля інцыдэнту Савет ЭЗ забараніў беларускім самалётам выкарыстоўваць эўрапейскую паветраную прастору і аэрапорты. Пазьней да санкцый далучыліся і краіны, якія не ўваходзяць у ЭЗ: Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сэрбія і Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія, а таксама Ўкраіна.
Эўразьвяз таксама рэкамэндаваў эўрапейскім перавозчыкам адмовіцца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі.
Рада Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) у 2022 годзе паставіла кропку ў расьсьледаваньні інцыдэнту з самалётам Ryanair. Каманда ICAO, якая расьсьледавала тое, што адбылося, выпусьціла абноўлены даклад, у якім ёсьць указаньні на датычнасьць беларускіх уладаў да інцыдэнту. У прыватнасьці, у ім ёсьць паказаньні дыспэтчара, які працаваў у цэнтры кіраваньня, а таксама аўдыёзапісы, зробленыя ім у дзень інцыдэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агучылі выракі ў «справе Nexta», Пратасевічу прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму