«Telewizja Polska» 4 ліпеня прадставіла новы плян структуры тэлебачаньня, згодна зь якім будзе створаны Цэнтар праграмаў для замежжа. Пад яго пяройдуць каналы на замежных мовах, сярод якіх «TVP World», «Белсат» і ўсе яго філіялы. Аднак «TVP Polonia» і «TVP Vilnius» застануцца незалежнымі, адзначыў Міхал Бранятоўскі.
Такім чынам, «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай, стаўшы адным з падразьдзяленьняў новай структуры. Акрамя беларускага «Белсату» і расейскага «Вот так», будзе створаная ўкраінская рэдакцыя, якая пачне працу 1 сакавіка 2025 году. На новым канале будзе тры моўныя паласы, кожная па 6 гадзінаў.
«Ліквідацыі „Белсату“ ня будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсьліць — „Белсат“ не зьнікае, ён атрымлівае новыя магчымасьці», — заявіў кіраўнік «TVP World» Бранятоўскі.
Паводле яго, кожная з тэлестанцыяў, якія пяройдуць у групу Цэнтру праграмаў для замежжа, будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію.
«Іншамоўныя тэлеканалы атрымалі новыя абавязкі, якіх патрабуе бягучая сытуацыя ў сьвеце. Мы цэнім дасягненьні „Белсату“ ў барацьбе за незалежнасьць Беларусі, але важная і расейскамоўная інфармацыя, якая дойдзе да былых савецкіх рэспублік, дзе маса людзей размаўляе па-расейску», — адзначыў прэс-сакратар польскай дыпляматыі Павэл Вроньскі.
Ён удакладніў, што фінансаваньне замежных рэдакцыяў Міністэрствам замежных спраў Польшчы застанецца нязьменным.
«Мы ня маем намеру яго скарачаць», — дадаў Вроньскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая кіраўніца «Белсату» падала ў суд на Польскую тэлевізію ў сувязі са сваім звальненьнем- У сакавіку 2024 году Агнешку Рамашэўскую-Гузы пасьля 18 гадоў кіраваньня «Белсатам» звольнілі з пасады дырэктаркі.
- Новым дырэктарам тэлеканалу стаў Аляксей Дзікавіцкі.
- Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павэл Вроньскі 13 сакавіка абверг інфармацыю пра скарачэньне фінансаваньня «Белсату», пра якое казала Рамашэўская.
- Прадстаўнік МЗС Польшчы растлумачыў, што раней «Белсат» фінансаваўся на суму 22 млн злотых у год. У 2022 годзе гэтую суму павялічылі да 63 млн, што тлумачылася аддзяленьнем станцыі ад структур TVP.