Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 4 ліпеня распачала працоўны візыт у Латвію сустрэчамі ва ўнівэрсытэце Даўгаўпілса, паведамляе яе прэс-служба. Падчас перамоваў з кіраўніцтвам ВНУ Ціханоўская ўзгадала пра супрацоўніцтва ўнівэрсытэту зь беларускімі ВНУ — да 2020 году каапэрацыі ладзіліся ў Віцебску, Менску, Горадні. Цяпер дэмакратычныя сілы аднаўляюць узаемадзеяньне, каб даць магчымасьць студэнтам зь Беларусі атрымліваць эўрапейскую адукацыю.
Вынікамі сустрэчы сталі:
- Вылучэньне некалькі бюджэтных месцаў у магістратуру па спэцыяльнасьці «эканоміка» ў Даўгаўпілскім унівэрсытэце, куды беларусы змогуць паступаць ужо з гэтага году.
- Наданьне беларускім навукоўцам у выгнаньні абсталяваньня ўнівэрсытэту для дасьледаваньняў.
- Спрошчанае стаўленьне да апастылізацыі дакумэнтаў.
Таксама Ціханоўская папрасіла кіраўніцтва ВНУ аднавіць супрацоўніцтва зь беларускімі выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўнівэрсытэтаў, якія цяпер у выгнаньні. «Важна працягваць працу зь людзьмі, захоўваць сувязь між народамі, нягледзячы на тое, што рэжым спрабуе нас падзяляць», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Сустрэча ва Ўнівэрсытэце Даўгаўпілса адбылася ў межах распачатага 4 ліпеня працоўнага візыту Ціханоўскай у Латвію.
Даўгаўпілскі ўнівэрсытэт заснаваны ў 1921 годзе, сёньня гэта найбуйнейшы рэгіянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт у Латвіі. Цяпер ва ўнівэрсытэце навучаецца больш за 2,2 тысячы студэнтаў з розных краін, гаворыцца на сайце ўстановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭГУ адкрылі «першы беларускі гістфак за мяжой». Ці дапаможа гэта беларусізаваць унівэрсытэт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі закрываюць яшчэ адну прыватную ВНУ