Міжнародная фэдэрацыя тэнісу ITF апублікавала заявачныя сьпісы на адзіночны і парны розыгрышы маючай адбыцца Алімпіяды ў Парыжы. Афіцыйнае пацьверджаньне атрымала інфармацыя пра тое, што ў францускай сталіцы наогул ня будзе тэнісістаў зь Беларусі, нават у нэўтральным статусе.
Ёсьць шасьцёра тэнісістаў з Расеі, якія будуць выступаць бязь сьцяга і гімну.
Беларускі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка займаюць высокія пазыцыі ва ўсясьветным рэйтынгу і ў Парыжы расцэньваліся бы як прэтэндэнткі на залаты мэдаль. Яны маглі б выступіць на Алімпіядзе ў нэўтральным статусе, бо атрымалі ліцэнзіі. Але ўдзельнічаць ня будуць.
Сабаленка яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня спаслалася на насычаны графік WTA-туру, а затым атрымала траўму, празь якую прапускае і «Ўімблдан». Азаранка заявілася на турнір у Вашынгтоне, які па тэрмінах супадае з алімпійскімі спаборніцтвамі тэнісістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзел у Алімпіядзе-2024 пацьвердзілі 11 індывідуальных нэўтральных спартоўцаў зь БеларусіНа Алімпійскіх гульнях Арына Сабаленка ўдзельнічала толькі ў Токіё (2021), тады яна выбыла з барацьбы ў 1/16 фіналу.
А вось для Вікторыі Азаранкі гэтыя Алімпійскія гульні маглі стаць 3-мі ў кар’еры пасьля Пэкіну-2008 і Лёндану-2012. Апошнія сталі для яе трыюмфальнымі — у жаночым асабістым розыгрышы яна заваявала бронзавы мэдаль, а ў зьмяшаным, разам з Максімам Мірным, — залаты.
У траўні стала вядома, што 26 беларускіх спартоўцаў у 11 відах спорту атрымалі алімпійскія ліцэнзіі. Яны павінны выступаць у нэўтральным статусе.
15 чэрвеня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў пра допуск да Алімпіяды 11 беларускіх атлетаў, яны выступяць у нэўтральным статусе. У адказ НАК Беларусі скрытыкаваў рашэньне МАК пра нядопуск некаторых беларускіх атлетаў да Алімпіяды і выступіў з рэзкай заявай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК Беларусі скрытыкаваў рашэньне МАК пра нядопуск некаторых беларускіх атлетаў да Алімпіяды