Каардынатарам мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі зь Польшчай быў грамадзянін Пакістану, які меў дазвол на сталае пражываньне ва Ўкраіне.
Сёлета ў траўні Кіеў экстрадаваў яго ў Польшчу.
Як стала вядома Свабодзе, сьледчыя органы Польшчы выйшлі на грамадзяніна Пакістану ў 2023 годзе.
Акруговая пракуратура ў Беластоку інкрымінавала яму стварэньне злачыннай арганізацыі, кіраваньне ёй або структурнымі яе падразьдзеламі, а таксама незаконную перапраўку асобаў празь дзяржаўную мяжу, учыненае арганізаванай групай або ў карысьлівых мэтах.
У Польшчы грамадзяніну Пакістану пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Польскія сьледчыя вызначылі ягоную асобу ў 2023 годзе, а ў сьнежні таго ж году зьвярнуліся да Ўкраіны з просьбай аб экстрадыцыі.
Грамадзянін Пакістану пражываў ва Ўкраіне на падставе сталага дазволу, быў жанаты і меў дваіх малалетніх дзяцей. Яго затрымалі ў горадзе Хмяльніцкім 27 сьнежня 2023 году і пачалі экстрадыцыйную праверку на падставе звароту польскіх калег.
Нягледзячы на пратэсты адваката і спробы абскардзіць у судзе затрыманьне і экстрадыцыйны арышт, улады Ўкраіны ў канцы траўня перадалі грамадзяніна Пакістану Польшчы. Як вынікае з судовых дакумэнтаў, ён займаўся арганізацыяй мігранцкага крызісу цягам 2022 і 2023 гадоў.
Што папярэднічала
24 траўня ў Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі пра экстрадыцыю ў Польшчу грамадзяніна адной з краін Паўднёвай Азіі, які каардынаваў мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.
«Ён прыбыў ва Ўкраіну яшчэ на пачатку 2000-х гадоў, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў нашу дзяржаву пачаў супрацьпраўную дзейнасьць, якая падрывае эўрапейскую бясьпеку», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.
Паводле ўкраінскай спэцслужбы, грамадзянін пры дапамозе сваіх сувязяў за мяжой арганізаваў масавае перамяшчэньне ў ЭЗ выхадцаў з краін павялічанай тэрарыстычнай рызыкі, у прыватнасьці з Нэпалу, Банглядэш і Пакістану.
«Маршрут уцекачоў» праходзіў праз тэрыторыю Расеі і Беларусі, а далей у Польшчу ў абыход пунктаў пропуску. Згодна з паведамленьнем, затрыманы залучыў да групоўкі дзясяткі жыхароў розных краін.
«Галоўны фігурант перадаваў сваім саўдзельнікам інструкцыі пра маршруты руху нелегалаў, спосабы іх перавозкі і часовага пражываньня. Для камунікацыі выкарыстоўвалі спэцыяльна створаныя ананімныя чаты ў папулярных мэсэнджарах», — паведамілі ў СБУ.
Арганізатары мігранцкага крызісу спрабавалі разьмеркаваць па розных эўрапейскіх краінах да сотні нелегальных мігрантаў, якіх яны падзялілі на асобныя групы. Кожная зь іх мела свой пункт прызначэньня і кіраўніка.
У СБУ ўдакладнілі, што ў часе супольнай апэрацыі з калегамі з Польшчы ў 2023 годзе на тэрыторыі краін Эўразьвязу ўжо затрымалі частку мігрантаў. Пасьля гэтага ў Хмяльніцкім ва Ўкраіне затрымалі і арганізатара каналу нелегальнай міграцыі, якога Польшча абвясьціла ў вышук. Цяпер у Польшчы ён паўстане перад судом за злачынствы супраць эўрапейскай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна перадала Польшчы каардынатара мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі і ЭўразьвязуСБУ: Расея выкарыстоўвае легалізаваных ва Ўкраіне іншаземцаў для дывэрсій
Як стала вядома Свабодзе, у СБУ мяркуюць, што Расея актыўна пачала выкарыстоўваць «нацыянальныя спэцслужбы для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны, у тым ліку з выкарыстаньнем спэцыяльных (кансьпіратыўных) формаў і мэтадаў работы».
«У гэтым кантэксьце рэгулярна фіксуюцца выпадкі выкарыстаньня для гэтага расейскім бокам як уласных грамадзян, так і грамадзян краін-сатэлітаў (Рэспубліка Беларусь, Сырыйская Арабская Рэспубліка, Ісламская Рэспубліка Іран і гэтак далей). Адным з элемэнтаў для стварэньня належных умоў для правядзеньня выведна-падрыўной дзейнасьці супраць Украіны зьяўляецца легалізацыя іншаземцаў у нашай дзяржаве шляхам афармленьня ў рэгіянальных падразьдзелах Дзяржаўнай міграцыйнай службы дакумэнтаў, якія даюць права на знаходжаньне ў краіне на законных падставах (дазволу на часовае пражываньне, дазволу на іміграцыю, грамадзянства Ўкраіны і гэтак далей)», — адзначалася ў адным з судовых дакумэнтаў у справе грамадзянкі Беларусі, якая спрабавала абскардзіць спыненьне разгляду яе справы пра атрыманьне грамадзянства Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска выйграла суд у справе пра грамадзянства Ўкраіны, хоць яе падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі