У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» галоўная рэдактарка сайту «Хартыя» Натальля Радзіна выказала сваё стаўленьне да тых людзей, якія раней працавалі ва ўладзе, а цяпер апынуліся ў апазыцыі.
Публікуем урывак з інтэрвію Радзінай.
— Хтосьці працаваў на гэты рэжым, нешта хацеў разгледзець у гэтай уладзе, зарабляў грошы, ня думаў пра краіну. Таму трэба працягваць гэта аналізаваць — як так выйшла, што Лукашэнка трымаўся так доўга. Трэба задаваць сабе такое пытаньне, каб не дапусьціць такую дыктатуру другі раз.
— Дык як вы ставіцеся да людзей, якія даволі доўга працавалі ўнутры гэтага рэжыму, але ў 2020 годзе перайшлі на бок народу? Ці трэба іх ухваліць, ці вы маеце нейкія папрокі да гэтых людзей?
— Я лічу, што гэтыя людзі павінны, па-першае, пакаяцца. Яны мусяць сумленна расказаць, што працавалі на гэты рэжым — «я памыляўся, я быў саўдзельнікам тых злачынстваў, якія рабіў гэты рэжым».
А калі чалавек у гэтым не прызнаецца і кажа — «не, я ж на дзяржаву працаваў. Гэта ж ня я казаў, што няма ў Беларусі палітвязьняў, што ня трэба санкцыі ўводзіць, бо быў спачатку амбасадарам у адной краіне, потым у іншай...»
— Пра каго гэта вы?
— Я пра Паўла Латушку, напрыклад. Альбо Аляксандар Азараў, які працаваў у ГУБАЗІКу і працаваў вельмі жорстка зь некаторымі катэгорыямі беларускіх грамадзянаў — прэсаваў беларускіх добраахвотнікаў, футбольных фанатаў, пра што ёсьць сьведчаньні. А цяпер ён лезе ў палітыку, у лідэры апазыцыі.
Што гэта такое? Пакайцеся, па-першае! Па-другое, ня лезьце ў лідэры! Вы ня можаце проста паводле свайго маральнага стану прэтэндаваць на нейкае лідэрства.
Цалкам інтэрвію з Натальляй Радзінай у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».