Эўракамісія забараніла судам Эўразьвязу абараняць беларускіх і расейскіх інвэстараў і інвэстыцыі ў рамках Дамовы да Энэргетычнай хартыі (ДЭХ), гаворыцца ў заяве Генэральнага дырэктарату па гандлі Эўракамісіі ад 3 ліпеня.
«ЭЗ вырашыў у якасьці меры засьцярогі адкрыта пазбавіць абароны, прадугледжанай Дамовай да Энэргетычнай хартыі, інвэстыцыі і інвэстараў з Расеі і Беларусі, каб узмацніць жорсткасьць прымяненьня санкцыяў ЭЗ супраць гэтых краін. ЭЗ і яго дзяржавы-чальцы ўвялі шэраг санкцыяў супраць Расеі ў сувязі зь яе агрэсіўнай вайной супраць Украіны, а таксама супраць Беларусі, у сьвятле яе ролі саўдзельніка ў незаконным уварваньні Расеі. Гэтыя санкцыі ўключаюць забарону на апэрацыі з расейскімі і беларускімі інвэстарамі», — гаворыцца ў заяве.
Гэтае рашэньне «прэвэнтыўна анулюе патэнцыйны спосаб аспрэчыць санкцыі ЭЗ» для беларускіх і расейскіх інвэстараў, адзначаюць у Эўракамісіі.
Як тлумачыцца ў заяве, ні Расея, ні Беларусь не зьяўляюцца ўдзельнікамі Дамовы да Энэргетычнай хартыі (ДЭХ), аднак інвэстары з гэтых краін тэарэтычна могуць паспрабаваць выкарыстоўваць карпарацыі, створаныя на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы ДЭХ, каб заявіць, што Эўразьвяз ці яго дзяржавы-чальцы парушылі свае абавязаньні па абароне інвэстыцыяў ДЭХ, і пачаць судовыя разборы.
«Адмова ў такой абароне расейскіх і беларускіх інвэстараў гарантуе немагчымасьць прад’яўленьня падобных прэтэнзіяў», — гаворыцца ў заяве.
Дамова да Энэргетычнай хартыі — гэта шматбаковае гандлёвае і інвэстыцыйнае пагадненьне, якое прымяняецца да энэргетычнага сэктару. ДЭХ зьмяшчае палажэньні пра абарону інвэстыцыяў, гандаль і транзыт энэргетычных матэрыялаў і прадуктаў, а таксама пра мэханізмы вырашэньня спрэчак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія раней увёў супраць Расеі