У ліпені з гомельскай жаночай калёніі № 4 вызваліліся пяць палітзьняволеных жанчын, паведамляюць праваабаронцы «Гомельскай вясны». Чацьвёра з вызваленых былі асуджаны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, а яшчэ адна — за камэнтар пра свайго палітзьняволенага мужа «экстрэмісцкаму» тэлеканалу.
У пэрсанальных картах на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» адзначана, што яны вызваленыя па амністыі ці памілаваньні.
Тамара Астрэйка, Сьвятлана Лупач, Кацярына Мадзянкова і Паліна Палавінка знаходзіліся за кратамі па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (гэта значыць, за ўдзел у мірных акцыях пратэсту).
Тамара Астрэйка была затрыманая 15 лістапада 2023 г. і асуджана 16 лютага 2024 г. судом Ленінскага раёну Менску; Сьвятлана Лупач знаходзілася ў зьняволеньні з дня затрыманьня 7 траўня 2023 г. і была асуджаная ў кастрычніку 2023; Кацярына Мадзянкова была асуджаная на пазбаўленьне волі 22 сьнежня 2023 г. судом Добрускага раёну; Паліна Палавінка была затрыманая 2 чэрвеня 2022 г. і асуджаная Менскім гарадзкім судом 2 сьнежня 2022 на 2,5 года пазбаўленьня волі.
Дар’я Лосік — жонка палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка. 18 кастрычніка 2022 году Дар’ю затрымалі па абвінавачваньні ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, падставай для абвінавачваньня стала яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», у якім Дар’я расказвала пра ўмовы ўтрыманьня Ігара Лосіка і сваё стаўленьне да арышту мужа.
«Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня. Яна дала асабістую нэгатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампэтэнцыі якіх аднесена ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу і правасудзьдзя. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не зьдзяйсьняў крымінальных дзеяньняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць зь яе прыклад», — гаварылася ў абвінавачаньні.
19 студзеня 2023 году Дар’ю прызналі вінаватай і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. Вярхоўны суд пакінуў рашэньне папярэдняй інстанцыі бязь зьменаў.
Малалетнюю дачку Дар’і і Ігара Лосікаў Паўліну пасьля затрыманьня Дар’і даглядалі ейныя бацькі.
Дар’я Лосік адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі, працавала на швейнай вытворчасьці, дзе шыла форму для сілавікоў.
Увечары 7 чэрвеня 2024 году на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» паказалі фільм, у якім гледачы ўбачылі размову прапагандыстаў з палітзьняволенай Дар’яй Лосік. Зь відэа вынікала, што запіс адбываўся ў сакавіку ў гомельскай калёніі. У відэа фігуравалі здымкі схаванай камэрай ад моманту паступленьня жанчыны ў калёнію. На жоўтай бірцы Дар’і, якая трапіла ў кадар, было пазначана, што яна мае выйсьці на волю 1 жніўня 2024 году.
Асуджаны да 15 гадоў пазбаўленьня волі Ігар Лосік застаецца за кратамі, апошнія зьвесткі ад яго родныя атрымалі 20 лютага 2023 году. Паводле былых палітзьняволеных наваполацкай калёніі, Ігар большасьць часу адбывае пакараньне ў памяшканьні камэрнага тыпу, ён максымальна ізаляваны ад вонкавага сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Дар’я Лосік зьявілася ў прапагандысцкім фільме на БТ. Чаму Свабода не цытуе яе словыКрымінальны перасьлед Ігара і Дар’і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.