Раман прыехаў ва Ўкраіну з групай іншых беларусаў 10 траўня 2023 году. 7 чэрвеня 2024-га ад яго прыйшло апошняе паведамленьне.
На пачатку чэрвеня ва Ўкраіне загінуў беларус, які правёў на вайне год. Ён далучыўся да адной з беларускіх адзінак ў траўні 2023-га. Увесь час, што ён быў ва Ўкраіне, мужчына вёў перапіску зь сябрамі, дзе расказваў пра свае ўражаньні ад пабачанага, перажываньні і пляны на будучыню. Адзін зь сяброў добраахвотніка пасьля ягонай сьмерці перадаў Свабодзе сканы перапіскі. Мы публікуем іх у выглядзе дзёньніка.
Your browser doesn’t support HTML5
Раман (імя загінулага зьмененае, яго сям’я застаецца ў Беларусі. — РС) прыехаў ва Ўкраіну з групай іншых добраахвотнікаў 10 траўня 2023 году. 7 чэрвеня 2024-га ад яго прыйшло апошняе паведамленьне.
10 траўня 2023
Я паехаў паціху. На сувязі, калі што. Памятай словы Хрыста: «Дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё — там і я сярод іх». Маліцца трэба адзін за аднаго. Дай Бог вам усяго добрага.
11 траўня 2023
Я ў Незалежнай, прывітаньне. Ехаць яшчэ шмат. Доўга праходзілі мяжу. Нешта трэба рабіць, бо два месяцы навучаньня безь фінансаў, у мяне ж толькі 10 эўра засталося. Сам ня думаў, што так складзецца. Да Кіева застаецца 400 кілямэтраў. Я не стаміўся, але мне давядзецца перастроіцца, зрабіць высілак над сабой.
Матывацыя ў мяне такая ж, як і ў іншых — вызваленьне Беларусі. Ну, і як хрысьціяне мы ня мусім маўчаць і праходзіць міма таго бязьмежжа, якое адбываецца. У палку розныя людзі — маладыя, гарачыя, ва ўзросьце. Намі ўсімі рухае любоў да свабоды.
Я тут паціху знаёмлюся зь людзьмі, адкрываю шмат харошых людзей, буду ўсё табе апісваць. Ты ж ведаеш — мне не складана.
Я чытаў, глядзеў навіны, і першае, што мне прыходзіла на розум, — мне трэба быць тут, дапамагаць людзям супрацьстаяць бязьмежжу. Ня думаю, што наша шчасьце вызначаецца дабрабытам. Гэта вялікі фактар, безумоўна, але я шчасьце расцэньваю як стан сваёй душы і сумленьня, калі там спакойна.
21 траўня 2023
Прывітаньне, усё добра. Сёньня будуць вучыць падрыўной справе — вучыцца ставіць міны, расьцяжкі. У мяне ўсё добра, як вы там?
Мы хутка перабяромся жыць у лес, у намёт. Былі ў Бучы — там усё адбудавана ўжо, у Ірпяні — там мірнае жыцьцё ўжо.
25 траўня 2023
Я з ночы, з нараду, маю 5 хвілін. Сёньня едзем у Кіеў на пахаваньне (гаворка пра разьвітаньне зь Міраславам Лазоўскім, які загінуў разам зь іншымі беларускімі ваярамі пад Бахмутам 16 траўня 2023 году. — РС).
Я, напэўна, застануся на базе, тут не хапае кіроўцаў. Але не, паеду далей са сваімі, прайду курсы мэдыцыны і буду рухацца бліжэй да перадавой, тут мне сумна.
5 чэрвеня 2023
Трэба адпачыць. Сёньня кілямэтраў 25 прайшоў у поўнай амуніцыі са зброяй, ноччу на пост. Апошнія 150 грыўняў аддаў, мэдыку букет набывалі за курсы. Таксама ж ня скажаш «Ня дам». Нічога мне не дасылай пакуль, на тыдзень яшчэ ў мяне ёсьць. Тут кормяць, неабходнае ёсьць усё. Адзінае, што ў звальненьне ня еду, бо няма сэнсу.
14 чэрвеня 2023
Прывітаньне, як справы? У мяне ўсё добра. У нас узмоцненыя заняткі, няма часу на размовы, яшчэ і начныя нарады, дык трохі непрывычна.
28 чэрвеня 2023
Я тут пад ***, на палігоне, у мяне ўсё добра. Шмат трэніруемся, некалькі дзён былі ў Кіеве, цяпер палігон. Буду ў мэдычнай эвакуацыі, але ўсё хутка зьмяняецца. Хай бы толькі оркі не ўзарвалі АЭС.
9 ліпеня 2023
Я ў *** на палігоне. Яшчэ тыдзень тут, потым у Кіеў, камісія і вайсковы білет. Будзе лягчэй. Тут такая сьпёка была, што я ледзьве не расплавіўся. Добра, што потым дождж пайшоў.
22 ліпеня 2023
Прывітаньне, у сябра тэрмін скончыўся, а яго не выпускаюць (з калёніі ў Беларусі. — РС). Тупа не выпускаюць, і ўсё, хоць усе тэрміны прайшлі. Мы не разумеем — што рабіць.
У мяне збольшага ўсё добра. Перавозіў шпіталь з Краматорску. Стаміўся як сабака. Я з дарогі, у ноч зноў палячу — у Дніпро.
31 ліпеня 2023
Учора хлопцам вайсковыя білеты далі — 5 месяцаў чакалі. Я пакуль ежджу на КАМАЗе вайсковым, шмат дзе бываю. Заўтра боекамплект вязу на Краматорск. Пра нашы страты ты ведаеш. Галоўнае, каб дапамаглі дзецям, у каго яны ёсьць. М. жыў за сьценкай, у суседнім пакоі — той, хто загінуў (за колькі дзён да таго ва Ўкраіне загінулі трое беларускіх добраахвотнікаў. — РС).
Учора Маргарыта Ляўчук у нас давала канцэрт. Сум і журбу разьвеяла, таленавітая дзяўчына. Маладзец яна і без пантоў.
27 жніўня 2023
У цэлым у мяне ўсё добра, не хапае вайсковага білета і грошай. Асабліва мне тут не надакучыла, усё-такі людзі тут, мова зразумелая. Але шмат бардаку і мала людзей, каб зайсьці ў Беларусь і вызваліць краіну — вось гэта блага… Але маё сумленьне чыстае. Я дапамагаю як магу. Завозіў на фронт цяжкую тэхніку, адтуль забіраў аўто. Многія людзі расчароўваюцца і едуць назад.
Мне, напэўна, не хапае асабістага жыцьця, стасункаў з жанчынай. Але гэта натуральнае жаданьне чалавека. А тут вайна. Многія пазбаўленыя і жытла, і роднай зямлі.
Не хапае царквы. Але без вайсковага білета я нікуды не магу паехаць. Дадому мне дарога закрытая. Я гэта добра разумеў, калі ўцякаў адтуль (Раман зьехаў зь Беларусі на пачатку 2023 году праз палітычны перасьлед. — РС). Ня ўсе людзі вытрымліваюць тут. Асабліва калі пабываюць на перадавой.
3 верасьня 2023
Прывітаньне, як справы? Я ў камандзіроўку паехаў. Ноччу фосфарнымі бомбамі абстрэльвалі. Нешта і тыя капейкі не прыйшлі, а я лекі замовіў ад нырак.
7 верасьня 2023
Мяне ўжо разьмеркавалі, еду бліжэй да фронту. Чакаю вайсковы білет.
24 верасьня 2023
Прывітаньне, заўтра дакумэнты (вайсковы білет. — РС) мне дадуць. Пакуль пакінулі тут, але я не хачу, хачу далей ехаць. Мяне ня хочуць адпускаць, усё зь нейкімі нэрвамі. Пакуль буду цягаць цяжкую гаўбіцу два месяцы.
1 кастрычніка 2023
Прывітаньне, даўно не пісаў табе. Я ў Купянску, адаптуюся да вайны. Страх Божы, што тут робіцца (увосень 2023 году ўкраінскае войска працягвала жорсткія баі за горад Купянск Харкаўскай вобласьці, які ў 2022 годзе быў часова захоплены расейцамі. — РС).
1 лістапада 2023
Ідзе паўнавартасная вайна, боль і гора людзей. Многія выехалі. Горад, дзе я цяпер — разбураны напалову. І вёскі вакол яго. Страшна. Мы такога гора ў сябе і блізка ня бачылі. Практычна ў кожнай сям’і нехта загінуў. Могілкі калі праяжджаеш — паўсюль украінскія сьцягі. У Кіеве калі быў — там усё ня так было. Калі назіраць гэта ўсё блізка — то страшна. Як пісала Сьвятлана Алексіевіч у кнізе «Ў вайны не жаночы твар».
10 лістапада 2023
Летам можа адпусьцяць у адпачынак. Думаю, каб дзе ў глушы дом наняць, пажыць. Дай Бог, убачымся. У нас тут зіма поўным ходам, сьнегу шмат, пурга, немагчыма ехаць.
8 лютага 2024
Я ў Харкаве цяпер. Езьдзіў у Кіеў зуб палячыць. Падаў дакумэнты на «ўдзельніка баявых дзеяньняў». Здаецца, вайсковым беларусам абяцаюць грамадзянства даваць. Адпачынак дазволілі без таго, каб разрываць кантракт. 15 дзён. Хачу летам да вас заехаць.
На вайне навіны ня дай Бог. Нядаўна прарыў быў, ледзь спынілі. У нас дзяжурства кожную ноч. Працую на мэдыцынскай эвакуацыі, на «нуль» ежджу па параненых. Паціху прывык да выбухаў вайны, але ўсё роўна страшна.
Прабач, што рэдка пішу.
12 красавіка 2024
Усё добра. Апошняя задача была проста жах. Летам прыеду да вас на адпачынак.
26 красавіка 2024
Цяпер на ратацыі. Папіў трохі (алькаголь. — РС). Калі нехта гіне — гэта вельмі дызмараліць. Можа, год яшчэ пабуду тут. Але калі ў такія штурмы будуць кідаць, як апошні, то наколькі нэрваў хопіць. Стаміўся, калі шчыра. Без малога ўжо год тут. Можа, заўтра паразмаўляем, бо самаадчуваньне проста жах.
Самае страшнае — калі ідзе рух войска. Калі сядзяць на пазыцыях — яно цішэй, нават калі кожныя 10 хвілін нешта прылятае. Цяпер рацыя не змаўкала: «Там 200, там 300».
Ехаў па параненага — два мінамётныя прылёты. Палохае, калі шчыра. А так увесь бой я чуў па рацыі. У цэлым мэдыцына справілася з задачай. Мне за гэтую задачу падзякавалі.
Мы спачатку глядзім дарогу, езьдзім у асноўным «па сераку» — што значыць «па змроку». Калі ноччу, то я маю прыбор начнога бачаньня. Там усё добра, на адрэналіне. На ратацыі, калі выпіваеш, то разумееш пасьля, што — усё, нэрвы згарэлі. Можа, мне пакуль у забесьпячэньне перавесьціся? Нэрвы супакоіць? У многіх псыхіка не вытрымлівае. Хто п’е, хто наркотыкамі займаецца, хто грошы прайграе ў онлайн-казіно. Такая тут рэальнасьць.
Усе прыфрантавыя гарады разьбітыя артылерыяй, жудаснае відовішча. Яшчэ ёсьць сабакі, якія паспыталі чалавечыны. Такія зграяй могуць і загрызьці. А так — неяк жывём. Страты забіваюць увесь баявы дух.
Малы адзін быў у нас, дык у яго парушылася псыхіка, пасьля кантузіі паехаў у Польшчу. Я проста памятаю — якім ён быў і якім ён стаў. Ты не ўяўляеш, колькі «рускі сьвет» прынёс сюды гора. Ці ёсьць канец і край гэтым маньякам, якія выжылі з розуму?
27 траўня 2024
Выяжджаем на задачу. Плянуецца вельмі рызыкоўная задача. Зь пяхотай і сумежнікамі (цывільныя структуры, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы вайсковых дзеяньняў. — РС). А так прылятае кожны дзень.
7 чэрвеня 2024
Мы на харкаўскім кірунку. Баі ідуць па ўсіх франтах. Я нармальна, здаецца. У адпачынак, напэўна, не атрымаецца трапіць гэтым летам. Буду тут. Я цяпер лічуся ў Сілах спэцыяльных апэрацый. Задачы рэдкія, але рызыкі калясальныя, недзе 80 на 20 адсоткаў.
Якое тут жыцьцё? Наймаем кватэру, заступаем на баявыя. Калі нехта гіне — шмат людзей сыходзіць, гэта моцна дызмаралізуе. Нас і так мала. Але неяк пакуль трымаемся. Людзі розныя. Часам сварымся, часам — нармальна.
Куды мне ўцякаць? Я пакуль тут буду, ужо прывык. Тут шмат праблем… Вайна, я так думаю, некалі мусіць закончыцца. Ніхто ня ведае, што будзе заўтра, адна надзея — на Пана Бога. Я ж у мэдыцыне, я кроў не лію, я дапамагаю і эвакуірую.
Паглядзім, усё можа зьмяніцца ў адзін момант. Рызыкую, так, але вайна ўся — гэта рызыка. Харкаў штодзень бамбяць. Ніхто тут ні ад чога не застрахаваны.
Я нідзе не сьвячуся, але да радні ў Беларусі прыходзілі. Як страшна жыць у тым канцлягеры.
- Раман загінуў 9 чэрвеня 2024 году. Гэта адбылося падчас спробы забраць адзін з баявых разьлікаў на Харкаўскім кірунку для ратацыі. Аўтамабіль Рамана, у якім знаходзіўся яшчэ адзін добраахвотнік, падарваўся на міне. Абодва вайскоўцы атрымалі траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём, і памерлі на месцы. Іх целы ўдалося эвакуаваць.
- Агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне загінулі больш за 63 беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на баку Кіеву. Імёны большасьці зь іх публічна не называюцца з прычыны перасьледу іх сваякаў у Беларусі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.