«Дзень Незалежнасьці» як падстава для зьмены цывілізацыйнага коду

Аляксандар Лукашэнка на парадзе ў Менску. З ліпеня 2024

Застаецца толькі адно пытаньне: адрынаньне Эўропы, паварот на Ўсход — гэта цывілізацыйны выбар самога Лукашэнкі і ягонага атачэньня ці беларускага грамадзтва? Чамусьці ёсьць адчуваньне, што беларусы ня вельмі гэтаму радыя.

Сьцісла:

  • Парадокс у тым, што старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін прыляцеў на сьвяткаваньне 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. А ў выніку атрымалася, што ён прыехаў уганараваць беларускую незалежнасьць.
  • На падставе атаясамленьня краін Захаду з фашыстамі Лукашэнка лічыць патрэбным памяняць цывілізацыйны код Беларусі, інтэгравацца з краінамі Ўсходу і Поўдня.
  • Вызваленьне з-за кратаў пяці ўкраінскіх грамадзян адбылося з падачы Масквы. Сама Беларусь ад гэтага нічога не атрымала, усе дывідэнды расейскія.
  • Плянаванае вызваленьне цяжкахворых палітвязьняў — спроба трошку падправіць свой імідж напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Дзеля сьвяткаваньня ўрачыстасьцяў з нагоды афіцыйнага «Дня Незалежнасьці» ў Менск прыехаў старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін. І раней расейскія чыноўнікі высокага ўзроўню прыяжджалі ў Беларусь з такой нагоды толькі на юбілейныя даты. Лукашэнка так расчуліўся, што заявіў падчас сустрэчы з маскоўскім госьцем:

«Вам, майму старэйшаму брату, сябру, вялікі дзякуй за тое, што Расея прадстаўлена на гэтым нашым агульным сьвяце — Дні Незалежнасьці Беларусі — высокай дзяржаўнай дэлегацыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прайшоў парад да Дня Рэспублікі. Паказалі БПЛА «Герань» беларускай вытворчасьці

Парадокс у тым, што Валодзін прыляцеў на сьвяткаваньне 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. Бо для цяперашняга кіраўніцтва Расеі любыя даты, зьвязаныя з падзеямі мінулай вайны, зьяўляюцца сакральнымі. На ідэі Перамогі грунтуецца яе цяперашняя агрэсіўная палітыка. А ў выніку атрымалася, што старшыня Дзяржаўнай Думы прыехаў ўганараваць беларускую незалежнасьць.

Што да выступу Лукашэнкі 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Рэспублікі, то ягоны зьмест быў традыцыйны. Праўда, некаторыя ранейшыя тэзісы выглядаюць больш акцэнтаванымі і таму, скажам мякка, больш дзіўнымі. Напрыклад, заява, што з Захаду «празь беларускую зямлю і раней праносіліся сьмерчы крыжовых паходаў», мяркую, выкліча зьдзіўленьне гісторыкаў.

Лукашэнка чарговым разам даводзіў, што ідэя Перамогі патрэбная яму для вырашэньня цяперашніх палітычных задач, найперш для абгрунтаваньня сёньняшняй варажнечы з Эўропай.

На падставе атаясамленьня краін Захаду з фашыстамі («у далёкім 1941-м, калі на нас рушылі заходнеэўрапейскія орды») Лукашэнка знайшоў новы аргумэнт, чаму эўрапейцы ня любяць беларусаў:

«Што сёньня рэальна аб’ядноўвае калектыўны Захад?.. Генэтычная нянавісьць да пераможцаў, да нас... Наша перамога — гэта іхнае прыніжэньне... Ганебная старонка жыцьця заходнеэўрапейскіх «цывілізатараў», якую яны імкнуцца сьцерці з памяці... Ці патрэбная гэтая праўда Захаду? Не. Ля стырна нашчадкі тых, хто капітуляваў. Нашчадкі і ідэйныя, і прамыя«’’.

Тое, што тут цалкам ігнаруецца існаваньне антыгітлераўскай кааліцыі, а прымітывізацыя і вульгарызацыя гістарычных і палітычных працэсаў даведзеная да абсурду, гэта адно. Тут важныя практычныя высновы, якія робіць Лукашэнка з гэтага аналізу. А яны глябальныя: Беларусь павінна памяняць цывілізацыйны код.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Просьба Пуціна». Лукашэнка расказаў пра абмен «дывэрсанта», якога абвінавачвалі ў падрыве самалёта ў Мачулішчах

Ва ўяўленьні Лукашэнкі мінулая вайна — гэта ня проста крывавы ваенны канфлікт, у які было ўцягнута шмат краінаў сьвету. Ён назваў «Вялікую Айчынную вайну апатэозам тысячагадовай гісторыі войнаў і бітваў заходняй і ўсходняй цывілізацый». Заходняя цывілізацыя, прайграўшы вайну, цяпер дэградуе, бо адмовілася ад традыцыйных каштоўнасьцяў.

«Паглядзіце, хто стаіць у авангардзе антыбеларускай, антырасейскай кампаній. Бязьдзетныя палітыкі. Іх род заканчваецца. Ім нават ген нянавісьці няма каму перадаць. Заслона», — сказаў Лукашэнка.

Таму Беларусь адрынае Эўропу як варожую цывілізацыю і пераходзіць на Ўсход і Поўдзень, мяняе цывілізацыйны код. Лукашэнка сьцьвярджае:

«Менавіта на Ўсходзе цяпер фармуецца стваральны парадак дня — эканамічны, міжнародны, сьветапоглядны. Там і ў прамым, і ў пераносным сэнсе ўстае сонца... Наш зьнешнепалітычны вэктар — гэта не паварот і не разварот, як любяць разважаць экспэрты і некаторыя палітыкі. Гэта пасьлядоўны цывілізацыйны выбар».

Застаецца толькі адно пытаньне: гэта цывілізацыйны выбар самога Лукашэнкі і ягонага атачэньня — ці беларускага грамадзтва? Чамусьці ёсьць адчуваньне, што беларусы ня вельмі радыя адчуваць сябе часткай Азіі і Афрыкі. Пра гэта сьведчаць ня толькі велізарныя чэргі на мяжы з краінамі ЭЗ.

Вось цяпер праходзіць чэмпіянат Эўропы ў футболе. Белтэлерадыёкампанія моцна імкнулася атрымаць трансьляцыю гэтых матчаў і ўрэшце дамаглася. І яны трасьлююцца на тэлеканале СТВ. Бо гэтага хочуць беларускія тэлегледачы. Хоць здавалася, калі Беларусь адрынае Эўропу, то навошта ёй гэты эўрапейскі футбол, няхай бы глядзелі чэмпіянат Азіі. Гэты факт сьведчыць пра велізарны разрыў паміж плянамі ўладаў і памкненьнямі грамадзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загаварыў пра магчымае вызваленьне некаторых беларускіх палітвязьняў

У канцы свайго выступу Лукашэнка стаў разважаць пра бягучыя палітычныя праблемы. Казаў пра абвастрэньне на беларуска-ўкраінскай мяжы і пагражаў Украіне ракетнымі сыстэмамі «Палянэз» і «Іскандэр» з выкарыстаньнем усіх відаў ўзбраеньняў. Гэта яўны намёк на ядзерную зброю.

Лукашэнка расказаў пра вызваленьне з-за кратаў пяці ўкраінскіх грамадзян. Зь ягонага аповеду вынікае, што гэта было зроблена на просьбу (ці загад) Уладзіміра Пуціна. Сама Беларусь ад гэтага нічога не атрымала, усе дывідэнды расейскія. Другая выснова: Украіна дбае пра сваіх грамадзян. Вызваленьне Мікалая Швяца, які зрабіў дывэрсію адносна расейскага самалёта ў Мачулішчах — гэта параза беларускай прапаганды, якая доўгі час запэўнівала, што ўкраінскія ўлады кінулі на волю лёсу свайго грамадзяніна.

І яшчэ. Лукашэнка паведаміў, што могуць быць вызваленыя цяжкахворыя палітвязьні. «Мы па-чалавечы падыходзім і ставімся да ўсіх», — заявіў Лукашэнка. Пасьля столькіх закатаваных за кратамі палітвязьняў цяперашняе «чалавекалюбства» выглядае трохі інакш. З чаго раптам? Думаю, адказ такі: напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў варта трошку падправіць свой імідж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі». Каго ён датычыць