Беларусь «практычна асвоіла» 105 мільярдаў расейскіх рублёў на рэалізацыю інвэстыцыйных імпартазамяшчальных праектаў і гатовая перайсьці да наступнага этапу — «прапрацоўваньня з расейскім бокам выдзяленьня дадатковага пакета сродкаў», заявіў амбасадар Беларусі ў Расеі Аляксандар Рагожнік.
Грошы, як адзначыў амбасадар, будуць выдзеленыя на рэалізацыю «высокатэхналягічных праектаў, накіраваных на забесьпячэньне тэхналягічнага сувэрэнітэту саюзнай дзяржавы».
«Такі пул праектаў ужо сфармаваны ў галіне мікраэлектронікі, дэталёва прапісана, хто чым займаецца. Гэта ня толькі кампанэнтная база, але і абсталяваньне пад выраб мікраэлектронікі. Праекты таксама датычацца авіябудаваньня, станкабудаваньня, рабатызацыі і аўтаматызацыі вытворчасьці», — заявіў дыплямат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь жыве без расейскіх і кітайскіх крэдытаў і на што гэта ўплывае. Разьбіраемся- У канцы 2022 году Расея выдзеліла Беларусі крэдыт у 105 млрд расейскіх рублёў (на той момант каля 1,2 млрд даляраў). Паведамлялася, што мэтавае прызначэньне гэтых сродкаў — імпартазамяшчэньне.
- У ліпені 2023 году паведамлялася, што 53,8 млрд расейскіх рублёў (каля 595,8 млн даляраў) з расейскага крэдыту атрымаюць дзяржаўныя прадпрыемствы на рэалізацыю праграмаў перааснашчэньня для замяшчэньня імпарту. У прыватнасьці, грошы накіравалі Менскаму заводу шасьцерняў, Менскаму падшыпнікаваму заводу, Віцебскаму станкабудаўнічаму заводу, Беларускаму аўтамабільнаму заводу (БелАЗ).
- У красавіку 2024 году Міністэрства прамысловасьці Беларусі і Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі зацьвердзілі 25 пашпартоў пэрспэктыўных інвэстыцыйных імпартазамяшчальных праектаў у рамках расейскага крэдыту для далейшай іх сумеснай рэалізацыі. Адзначалася, што ў рамках крэдыту заключаныя крэдытныя дамовы з банкамі і ажыцьцяўляецца крэдытаваньне па 15 інвэстыцыйных праектах.
- Па праекце мадэрнізацыі на прадпрыемстве «Гомсельмаш» заключаныя 33 кантракты на закупку 137 адзінак абсталяваньня, пастаўлена 14. Менскі завод шасьцерняў заключыў 23 кантракты на закупку 116 адзінак абсталяваньня, зь іх пастаўлена 36. На Менскім падшыпнікавым заводзе за кошт крэдыту мадэрнізавана 46 адзінак абсталяваньня.