«Шэраг асуджаных праціўнікаў беларускіх уладаў найбліжэйшым часам могуць выйсьці на волю», — цытуе заяву Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе з нагоды 3 ліпеня ТАСС.
Як вынікае з заявы Лукашэнкі, гаворка найперш пра цяжкахворых (перш за ўсё на анкалёгію) асуджаных у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году.
«Не зьдзіўляйцеся, калі празь некалькі дзён на волю выйдуць „вельмі цяжкахворыя“, як пішуць, нашы, якія не пасьпелі зьбегчы і знаходзяцца ў месцах не такіх аддаленых, якія ламалі і разбуралі краіну ў 2020 годзе. Але гэта сапраўды цяжкахворыя. У асноўным з ракавымі захворваньнямі», — сказаў Лукашэнка.
Паводле стану на 2 ліпеня, у Беларусі 1409 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю, пры гэтым рэальная колькасьць асуджаных з палітычных матываў можа быць большай.
Некаторыя палітвязьні маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, сярод іх — 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.
Сярод палітвязьняў, хворых на анкалёгію, — палітык Рыгор Кастусёў, журналістка Ксенія Луцкіна, сябар партыі БНФ Уладзімер Малахоўскі, 30-гадовы Павал Кучынскі з 4-й стадыяй анкалёгіі, рэйкавы партызан Руслан Слуцкі, пэнсіянэркі Галіна Дзербыш і Ала Зуева і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рак, хворае сэрца, патрэба ў перасадцы органаў. Хто зь беларускіх палітвязьняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі