На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае ў праграме «ПіК Свабоды» паліталягіня Роза Турарбекава.
— Заўтра ў Астане пачынаецца саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), на якім Беларусь маюць прыняць у склад гэтай арганізацыі. Што сяброўства ў гэтай арганізацыі можа даць Беларусі ў эканамічным і палітычным сэнсе? А што забраць?
— З майго пункту гледжаньня, самы вялікі бонус — гэта магчымасьць кантактаваць, абмяркоўваць пытаньні эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з дастаткова шырокім колам першых асобаў дзяржаваў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Я маю на ўвазе Сі Цзіньпіна, лідэраў Ірану, Пакістану. Там таксама будуць і госьці саміту — лідэры Азэрбайджану, Турэччыны, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Манголіі. Саміт — пляцоўка камунікацыі зь імі. Гэта першае.
Другое — гэта, вядома, магчымасьць абмяркоўваць эканамічныя праекты, транспартныя праекты, фінансавыя праекты. Але, калі гаварыць дакладна, то гэта не заўсёды гарантуе ўдзел у гэтых праектах, бо самая працэдура прыняцьця гэтых праектаў дастаткова часта бывае нявызначанай. Ну, і ў цэлым, вядома, на сёньняшні дзень для Лукашэнкі гэта дасягненьне, што Беларусь робіцца паўнапраўным сябрам ШАС. Гэта ўмацаваньне ягонай легітымнасьці, прынамсі ў эўразійскім вымярэньні.
Хоць галоўным героем на гэтым саміце будзе не Лукашэнка, а Кітай і Казахстан. Там плянуецца падпісаньне важных двухбаковых дакумэнтаў. Сі Цзіньпін загадзя прыехаў з афіцыйным візытам у Казахстан, а потым ужо ягоны візыт перарасьце ў саміт ШАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў абяцаў Лукашэнку сяброўства Беларусі ў ШАС ўжо ў ліпені. Што гэта за арганізацыя?— Вы больш гаварылі пра саміт. А якія доўгатэрміновыя наступствы для Беларусі будзе мець сяброўства ў ШАС? Да ўступленьня рыхтаваліся даўно — як я разумею, тады, калі вы працавалі ў Менску і супрацоўнічалі зь людзьмі з МЗС. На што тады Менск разьлічваў, імкнучыся ў ШАС?
— Насамрэч уступленьне ў ШАС у асноўным абмяркоўвалася не ў МЗС, а ў Міністэрстве эканомікі. Гэта напачатку не разглядалася як нешта супэрпазытыўнае і патрэбнае. Але стала разглядацца гэтак, калі ўзьніклі праблемы ў межах саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Лукашэнка паспрабаваў у асобе Кітаю знайсьці нейкую супрацьвагу Расеі. Але тады вылучаўся і аргумэнт супраць — што ШАС займаецца і пытаньнямі бясьпекі ў Эўразіі. Лукашэнку да 2020 году не было прывабна ангажавацца ў гэтыя праблемы.
— А што ШАС можа даць Беларусі інстытуцыйна? Скажам, мытны саюз — гэта магчымасьць гандляваць з партнэрамі па саюзе бяз мыта. Але мыта для трэціх краінаў тады трэба ўзгадняць з партнэрамі па такім саюзе. А як яно будзе ў ШАС?
— Не, у ШАС наўпрост такіх інстытуцыйных магчымасьцяў і абмежаваньняў няма. Гэта міждзяржаўная рэгіянальная арганізацыя. Там нават дамовы аб стварэньні зоны свабоднага гандлю няма. Гэта самы нізкі ўзровень эканамічнай інтэграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія раней увёў супраць Расеі— На мінулым тыдні Эўразьвяз прыняў адзін з самых жорсткіх пакетаў санкцыяў адносна Беларусі. Ці можа сяброўства ў ШАС дапамагчы афіцыйнаму Менску яшчэ лепш абыходзіць санкцыі?
— Ну, у некаторых палітычных пытаньнях — так. Але з эканамічнага пункту гледжаньня для абыходу санкцый і так ужо зроблена максымальна шмат. Асабліва шмат было зроблена пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай. Беларускія аўтаперавозчыкі разам з расейскімі адкрывалі свае філіялы ў Казахстане і Кіргізстане, і ня толькі ў краінах Цэнтральнай Азіі. І ўжо цяпер яны дзейнічаюць як казахстанскія ці кіргізстанскія юрыдычныя асобы. Праз гэта яны атрымалі магчымасьць доступу да квотаў гандлю з Эўрапейскім Зьвязам. Абыход санкцыяў быў маштабны. Але гэтыя ланцужкі абыходу былі выбудаваныя яшчэ ў 2022 годзе.
— На думку некаторых, ШАС — інструмэнт кітайскага лідэрства. Уступаючы ў ШАС, Менск мяняе старэйшага брата, цяпер гэта ўжо не Масква, а Пэкін? Ці гэта кансьпіралёгія?
— Ну, збольшага кансьпіралёгія, таму што тады можна палічыць, што ўсе краіны Цэнтральнай Азіі — Казахстан, Кіргізстан, Узбэкістан, Таджыкістан — ужо даўно прысягнулі Пэкіну.
— А хіба гэта ня так?
— Насамрэч ня так. Не зусім так. Напрыклад, на тэрыторыі Казахстану няма кітайскіх вайсковых палігонаў. А расейскіх палігонаў шмат, і яны там надоўга.
Але для многіх ШАС — гэта сапраўды спосаб ураўнаважыць Расею Кітаем, ураўнаважыць хаця б у палітычным сэнсе. У ШАС першую скрыпку насамрэч грае Кітай.
Першапачаткова арганізацыя стваралася для вырашэньня памежных праблемаў паміж былымі савецкімі рэспублікамі, уключаючы Расею, і Кітаем. Потым адной з функцыяў арганізацыі стала каардынацыя барацьбы з радыкальным ісламізмам. І ў гэтым інтарэсы заснавальнікаў арганізацыі супадалі.
Базавы дакумэнт ШАС — гэта канвэнцыя аб барацьбе з «трыма зламі», як кажуць кітайцы — тэрарызмам, экстрэмізмам і радыкалізмам. Але навошта гэта было беларусам?
Аднак цяпер Беларусь гатовая дэманстраваць сваю прыхільнасьць да стварэньня, як кажуць расейцы, «эўразійскага контуру бясьпекі», у пэўным сэнсе адмаўляючыся ад сваёй рэгіянальнай і гістарычнай культурнай ідэнтычнасьці, гатовая рабіцца часткай Эўразіі, а не Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унёсак Беларусі ў бюджэт ШАС пасьля далучэньня да арганізацыі будзе на ўзроўні Індыі і ПакістануГэта і сапраўды спроба ўраўнаважыць Кітаем уплыў Расеі. Але ў Расеі ёсьць свой разьлік — яна спадзяецца ўмацаваць свой уплыў у ШАС за кошт сяброўства Беларусі. Калі ў ШАС будзе галасаваньне па нейкіх дакумэнтах і Беларусь будзе галасаваць як Расея, а не як іншыя, можна будзе зрабіць выснову, што справа не ў разьліку Менску на балянс, а ў разьліку Масквы на дадатковы беларускі голас у межах ШАС. Варта адзначыць, што ўсе сябры ШАС, акрамя Расеі, пры галасаваньні ў ААН па рэзалюцыях аб сытуацыі альбо ўстрымліваліся, альбо не прысутнічалі на галасаваньні. Супраць гэтых рэзалюцыяў галасавала толькі Расея. І Беларусь, якая цяпер уступае ў ШАС.
— Польшча прыгразіла перакрыць мяжу зь Беларусьсю, у тым ліку і таварны транзыт. Кітай выдаў заяву з дыпляматычным заклікам да Варшавы і Менску нармалізаваць узаемныя адносіны. За гэтай гладкай формулай — ціск на каго: на Беларусь, на Лукашэнку, на Польшчу, на Эўразьвяз? Ці на ўсіх іх?
— Тут варта дадаць яшчэ і Маскву.
— Так, і яе. Дык на каго ў большай ступені Пэкін націснуў, каб захаваць свой чыгуначны таварны транзыт у ЭЗ?
— Польскія СМІ і палітыкі інтэрпрэтуюць цяперашняе абвастрэньне міграцыйнага крызісу на мяжы зь Беларусьсю як гібрыдную атаку Крамля. І, наколькі я разумею, прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прыехаў у Пэкін у надзеі на тое, што Сі Цзіньпін націсьне ў першую чаргу на Маскву, а потым і на Менск. Мяркуючы па тым, што Лукашэнка рабіў пасьля гэтага, у Менску рэакцыю Пэкіну добра пачулі. Наколькі яе добра пачулі ў Маскве — тут я пакуль не бяруся судзіць. Але адрэагавалі, магчыма, ня так, як чакалі ў Пэкіне. Уладзімір Пуцін заявіў пра магчымасьць паставак ракет хусітам. А гэта наўпрост зьвязана зь бясьпекай міжнароднага марскога гандлю. І гэтая заява Пуціна — магчыма, намёк Пэкіну, што ўсё ж шлях чыгуначнага транзыту праз РФ і Беларусь — самы надзейны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра хусітаў, атакі кааліцыі ЗША на іх цэлі ў Емэне і праблему суднаходзтва ў Чырвоным моры— Роза, а на што ўсё ж разьлічвалі палякі, апэлюючы да Кітаю? Кітай, строга кажучы — таталітарная аднапартыйная дыктатура. І ім абсалютна напляваць на тое, што недзе, у прыватнасьці ў Беларусі, парушаюцца правы чалавека. Сам Кітай груба парушае правы ўйгураў, напрыклад. Дык як можна разьлічваць на тое, што кітайская дыктатура ўтаймуе беларускую і расейскую?
— Разьлік у першую чаргу на эканамічныя інтарэсы. Для Кітаю вельмі важна мець бесьперабойны доступ да эўрапейскага рынку. Кітай клапоціцца аб тым, каб была альтэрнатыўная магчымасьць дастаўкі кітайскай прадукцыі на эўрапейскі рынак, апроч марскіх шляхоў. Падзеі апошняга году паказалі, што марскія шляхі могуць быць вельмі небясьпечнымі. Ня выключана, што давядзецца абыходзіць увесь афрыканскі кантынэнт у сувязі з закрыцьцём, напрыклад, Суэцкага каналу, альбо ў сувязі зь небясьпекай для суднаходзтва ў водах Чырвонага мора. Гэта тое, што рэальна непакоіць Пэкін. Вядома ж, гаворка не ідзе ні пра правы чалавека, ні пра акупацыю ўкраінскай тэрыторыі, ні нават пра вайну. А выключна пра эканамічныя інтарэсы Пэкіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дуда расказаў Сі Цзіньпіну пра «гібрыдную атаку» на Польшчу з боку Беларусі і яе ўплыў на трансьмежны рух— Але была інфармацыя, што Кітай нібыта будуе альтэрнатыву шляху празь Беларусь. Гэта чыгункай да Турэччыны, а далей — усё ж морам. Магчыма, у Пэкіне лічаць, што і чыгуначны транзыт празь Беларусь не пазбаўлены рызыкаў?
— Кітайцы паставілі перад сабой такую мэту дастаткова даўно, але найбольш актыўныя дзеяньні яны пачалі рабіць, калі выбухнула поўнамаштабная вайна. Але выбудаваць гэты альтэрнатыўны маршрут дастаткова складана з розных прычын. Першае — гэта, вядома, ляндшафт, таму што такі маршрут павінен прайсьці праз краіны Цэнтральнай Азіі. А гэта і горныя дарогі, і пракладаньне чыгункі праз Кіргізстан ва Ўзбэкістан. Гэта першае. Другое — гэта шматлікія ўзгадненьні з усімі ўрадамі краінаў, празь якія гэты шлях пойдзе. А гэта не такая простая рэч. Трэцяе — гэта сталая пагроза радыкальнага ісламізму. Для кітайцаў вельмі важна, каб Афганістан заставаўся стабільны, бо самы пэрспэктыўны маршрут — якраз празь яго. Але і самы патэнцыйна небясьпечны. Ну, і чацьвёртае — гэта ўсё ж грошы на пабудову гэтага маршруту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла справаздача пра тое, як Кітай экспартуе сваю палітычную мадэль у іншыя краіны сьвету— Вяртаючыся да сяброўства Беларусі ў ШАС. Вы сказалі пра палітычны і вайскова-палітычны аспэкт у дзейнасьці гэтай арганізацыі. Як ён можа закрануць новага чальца арганізацыі — Беларусь?
— Думаю, што вайсковы кампанэнт кітайскага ўплыву будзе павялічвацца. Гэта бачна па паглыбленьні вайсковага супрацоўніцтва Пэкіну і з краінамі Цэнтральнай Азіі, і з Пакістанам, напрыклад. Калі Кітай падпісваў дамову з Таджыкістанам аб дэмаркацыі і дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы, значная частка таджыцкай тэрыторыі была аддадзеная кітайцам. Паводле некаторых дадзеных, там цяпер разьмяшчаюцца кітайскія вайсковыя часткі. Але збольшага кітайская экспансія пакуль адбываецца пераважна ў эканамічнай сфэры.
— Плюс «мяккая сіла»?
— Так. Гэта гуманітарныя, адукацыйныя праекты, засылка, прабачце мяне, кітайскіх студэнтаў, абітурыентаў, дактарантаў і асьпірантаў у розныя краіны. У Беларусі ў тым ліку, вось нядаўна Менск наведаў вялікі дэсант прадстаўнікоў ВНУ КНР. І гэта не таму, што такая важная Беларусь, а таму, што яны ў прынцыпе паўсюль так дзейнічаюць. Міністэрства адукацыі Кітаю атрымала гадоў 5–7 таму дастаткова вялікія грошы для таго, каб фінансаваць навучаньне кітайскай моладзі за мяжой. Зь вялікім прыцэлам на стварэньне кітайскіх дыяспар у гэтых краінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Грамадзяне Кітая сталі ўласьнікамі аднаго з прыватных беларускіх ВНУ«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.