Нагодай для звароту Леанід Судаленка назваў адкрыцьцё ў Парыжы выставы «Я не баюся! Хай яны баяцца!», прысьвечанай ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.
У сваім звароце праваабаронца «Вясны» нагадаў пра лёс Алеся Бяляцкага, якога трымаюць у вязьніцы з 2021 году, а таксама пра яшчэ амаль 1500 беларусаў, зь якімі рэжым Аляксандра Лукашэнкі паквітаўся за іх палітычную пазыцыю. Леанід Судаленка параўнаў іх лёсы зь лёсамі пяці ўкраінцаў, якіх у мінулым месяцы ўдалося вызваліць зь беларускіх турмаў. Былы беларускі палітзьняволены мяркуе, што гэта было зроблена дзякуючы перамовам прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, і заклікае прэзыдэнта Францыі ўзяць прыклад зь яго.
«Заклікаю Вас выкарыстаць свой палітычны аўтарытэт на міжнароднай арэне, уступіўшы ў дыялёг зь недэмакратычным урадам Беларусі ў пытаньні вызваленьня з турмы праваабаронцы і Нобэлеўскага ляўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага», — напісаў у звароце да Эманюэля Макрона праваабаронца Леанід Судаленка.
На думку праваабаронцы, вызваленьне Алеся Бяляцкага можа пакласьці пачатак вызваленьню ўсіх палітвязьняў у Беларусі.
Паводле Леаніда Судаленкі, 2 ліпеня ён атрымаў афіцыйнае пацьверджаньне, што ягоны зварот неўзабаве будзе перададзены прэзыдэнту Францыі Эманюэлю Макрону.
Выстава «Я не баюся! Хай яны баяцца!» адкрылася ў Парыжы 2 ліпеня і працягнецца да канца месяца. Экспазыцыя і заплянаваныя на ёй імпрэзы прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму і расейскаму праваабаронцу, таксама ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алегу Арлову, якога трымаюць за кратамі ў Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: у Парыжы выстава пра Алеся Бяляцкага, а ў горацкай калёніі яго пазбавілі перадач