Кастрычніцкі раённы суд Пецярбургу 2 чэрвеня задаволіў адміністрацыйны пазоў пракуратуры і абвясьціў Аляксандра і Лідзію Няўзоравых «экстрэмісцкім абʼяднаньнем». Суд таксама забараніў іхную дзейнасьць у Расеі і пастанавіў канфіскаваць іхную маёмасьць на карысьць дзяржавы.
У інтэрвію «Настоящему времени» Аляксандар Няўзораў прызнаўся, што, даведаўшыся пра рашэньне суду, адчуў «вялікую палёгку», а страта маёмасьці ў Расеі яго зусім не турбуе.
«У мяне ніякай асаблівай рэакцыі няма. Усё было загадзя наканавана і вядома. Мяне доўга шантажавалі патрэбным рашэньнем суду або непатрэбным рашэньнем суду, угаворваючы зьменшыць публіцыстычны напал таго, што я пішу пра Расею. Але на шантаж я не паддаўся. Мне прама было растлумачана, што калі я не спыню весьці Telegram і YouTube, то ўсё скончыцца дрэнна. Не магу сказаць, што я ўвогуле засмучаны. Чым менш агульнага ў мяне застаецца з Расеяй, тым мне лягчэй і лепш.
Здагадваюся, што я перашкаджаў непасрэдна крамлёўскаму вупыру і Адміністрацыі прэзыдэнта. Мне ўдаецца даволі эфэктыўна растлумачваць рэальную ролю злачынства, сваволі, бессэнсоўнасьці гэтай вайны», — сказаў Няўзораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Няўзораў: У беларусаў няма ніякай ганьбы перад Украінай- Раней Басманны раённы суд Масквы завочна вынес вырак журналісту Няўзораву — 8 гадоў зьняволеньня ў справе аб распаўсюдзе «фэйкаў» пра расейскую армію.
- Па вэрсіі сьледзтва, з сакавіка і да траўня 2022 году журналіст публікаваў у сваіх тэлеграм-канале, ютуб-канале і інстаграме тэксты і ролікі зь нібыта «заведама лжывай інфармацыяй» пра злачынствы расейскіх вайскоўцаў у Марыюпалі і Бучы.
- 4 траўня 2022 году МУС Расеі абвясьціла Няўзорава ў вышук. Праз два дні Басманны суд завочна яго арыштаваў.
- На прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году Няўзораў быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, аднак цяпер ён актыўна выступае за вяртаньне Крыму Ўкраіне і поўнае вызваленьне Данбасу. У красавіку 2022 году Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла Няўзорава ў сьпіс СМІ – «іншаземных агентаў». Цяпер журналіст знаходзіцца па-за межамі Расеі.