Праваабаронцы палічылі, колькі ў беларускіх турмах засталося палітвязьняў-замежнікаў пасьля вызваленьня 5 украінцаў

Турма ў Магілёве. Архіўнае фота

Беларускія ўлады з палітычных матываў перасьледуюць ня толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсіі трапляюць і замежнікі.

У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Ўкраіны, Польшчы, Расейскай Фэдэрацыі, Латвіі, Казахстану і Ўзбэкістану, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Больш за 30 грамадзян замежных дзяржаў утрымліваюцца цяпер у месцах пазбаўленьня волі Беларусі з палітычных матываў. І гэта няпоўныя зьвесткі. Іх перасьледуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, камэнтары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ўзмацніўся ціск і перасьлед украінцаў у Беларусі — іх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці» і «шпіянажы».

У канцы чэрвеня 2024 году ўкраінскім уладам удалося вызваліць пяць палітвязьняў сваёй дзяржавы зь беларускіх месцаў несвабоды.

«Вясна» сабрала, каго яшчэ з замежных грамадзян перасьледуюць у Беларусі з палітычных матываў і па якіх справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну вярнуліся 5 чалавек, якіх раней арыштавалі і засудзілі ў Беларусі. Хто яны?

Украіна

Раней некалькі грамадзян Украіны былі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Сярод іх — Міхаіл Феранец, Раман Гузінскі, Ірына Коваль, Кірыл Пятрэнка, Аксана Лакоза.

На 2 гады калёніі за камэнтары ў «Аднаклясьніках» пра Лукашэнку асудзілі 69-гадовага ўраджэнца Ўкраіны (мае беларускае грамадзянства) Аляксандра Патапава. Ён выйшаў на волю пад канец вясны 2024 году, цалкам адбыўшы тэрмін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як перадавалі Ўкраіне яе грамадзян, вызваленых зь беларускіх турмаў 

Ужо два гады ў Беларусі перасьледуюць украінцаў па падазрэньнях у супрацоўніцтве з украінскімі спэцслужбамі.

Дзеяньні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358 КК). Па гэтых артыкулах асудзілі мінімум восем грамадзян Украіны: Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрыя Гудзіка, Паўла Купрыенку, Андрэя Шмая, Натальлю Захаранку, Арцёма Макавея. Зь іх пяцёра застаюцца за кратамі.

Восеньню 2023 году КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсьць чалавек па абвінавачаньні ў «падрыхтоўцы тэрактаў», сярод іх — два ўкраінцы. Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласьцю Ўкраіны. Што яму канкрэтна прад’яўляюць — пакуль невядома. Бародзія зьмясьцілі ў СІЗА.

Таксама затрыманы Іван Ліхалат. Паведамлялася, што яму інкрымінуюць шпіянаж (арт. 358-1 КК).

На пачатку красавіка 2024 году дзяржаўны канал АНТ выпусьціў сюжэт пра затрыманьні ў памежных з Украінай раёнах.

Паведамляецца пра 10 затрыманых, тры зь якіх — грамадзяне Ўкраіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павал Кабарчукі. Паводле вэрсіі тэлеканалу, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынесьлі ў Беларусь выбухоўку.

Таксама сьцьвярджаецца, што затрымана грамадзянка Ўкраіны, жыхарка Маларыцкага раёну Лідзія Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя абʼекты ва Ўкраіне. Аўтары роліка сьцьвярджаюць, што і яе абвінавачваюць у тэрарызьме.

Напрыканцы красавіка 2024 году выйшаў прапагандысцкі фільм «Дети на прицеле. Завербованные врагом», дзе паведамілі пра затрыманьне сямі падлеткаў за «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі». Некаторых зь іх абвінавачваюць у «акце тэрарызму» і «здрадзе дзяржаве».

Літва

У Менскім гарадзкім судзе 11 чэрвеня 2023 году загадчыцу маркетынгавай службы санаторыю «Беларусь» грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене асудзілі на шэсьць гадоў калёніі. У дзяржаўных СМІ паведамлялі, што яе нібыта завэрбавалі літоўскія спэцслужбы больш за 10 гадоў таму.

Латвія

У Менскім гарадзкім судзе ў кастрычніку 2023 году асудзілі 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасьці паводле арт. 358-1 КК. Вынік суду невядомы. Сакаленка адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калёніі.

У «сьпісе экстрэмістаў» таксама адзначаецца, што ў Беларусі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзьмітры Сіўко.

У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады). Прызначылі Дзьмітрыю Сіўко прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.

Расея

Па «справе Ціханоўскага» на 16 гадоў калёніі быў асуджаны грамадзянін Расеі Дзьмітры Папоў.

У Менску на 11 гадоў калёніі асудзілі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава. Летам 2022 году яго перавялі з бабруйскай калёніі на турэмны рэжым.

У ваўкавыскай калёніі ўтрымліваецца асуджаны на дзевяць гадоў калёніі грамадзянін Расеі Максім Матырка. Яго зьбілі падчас жнівеньскіх пратэстаў.

Па «справе падрыхтоўкі дывэрсій у Горадні» 11 красавіка 2024 году на 23 гады калёніі асудзілі грамадзяніна Расеі Аляксея Кулікова. Па вэрсіі КДБ, Аляксей нібыта здымаў на фота абʼекты ў Горадні для «ўкраінскіх спэцслужбаў».

У 2022 годзе за «шпіянаж» (арт. 358 КК) і «агентурную дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) асудзілі 59-гадовага Сяргея Ботвіча. Вынік суду праваабаронцам невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16 іншаземных шпіёнаў за два гады. Як і каго ў Беларусі абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасьці

Польшча

У СІЗА КДБ з 19 ліпеня 2022 году ўтрымліваецца ўраджэнец Жабінкі грамадзянін Польшчы Раман Галуза.

Разглядаць справу Рамана Галузы пачалі ў Менгарсудзе 21 сакавіка. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК («здрада дзяржаве»). Падрабязнасьці справы невядомыя.

Вясной 2023 году ў Горадні за «агентурную дзейнасьць» на чатыры гады калёніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Яму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК («агентурная дзейнасьць»). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калёніі № 3.

У Менску 17 красавіка 2023 году 54-гадовага грамадзіна Польшчы Робэрта Тампалу асудзілі на тры гады калёніі паводле ч.1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі») і арт. 369 КК («абраза прадстаўнікоў улады»). Тэрмін ён адбывае ў наваполацкай калёніі № 1.

Летам 2023 году ў Берасьцейскім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК («агентурная дзейнасьць») і арт. 358 («шпіянаж»). Вынік суду праваабаронцам невядомы.

Узбэкістан

У «сьпісе экстрэмістаў» значыцца асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу («абраза прадстаўніка ўлады») 62-гадовы грамадзянін Узбэкістану Ільдар Таўхітаў. Па стане на жнівень 2023 году было пазначана, што ён адбывае пакараньне.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2022 годзе асудзілі грамадзяніна Ўзбэкістану Віктара Новіка з жонкай Вольгай. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Казахстан

У наваполацкай калёніі № 1 адбывае тэрмін жыхар Петрыкава, які мае грамадзянства Казахстану, Віталь Скударнаў. 11 лютага 2022 году яго асудзілі ў Гомлі паводле арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»), арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады») і 368 КК («абраза Лукашэнкі»). Тэрмін невядомы.

Нямеччына

У Менскім абласным судзе 6 чэрвеня 2024 году распачаўся суд над Рыка Крыегерам. Верагодна, гэта грамадзянін Нямеччыны. Яго абвінавачваюць адразу па шасьці цяжкіх артыкулах КК: «наёмніцтва» (арт. 133), «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1), «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289), «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1), «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 309), «наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 295). Гэта першы суд у Беларусі за «наёмніцтва». Беларусаў за намер далучыцца да вайсковых фармаваньняў ва Ўкраіне судзяць паводле арт. 361-3 КК («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні»).

Яму пагражае да 25 гадоў калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінец расказаў, як на матрацы пераплыў праз Дняпро ў Беларусь і трапіў у рукі КДБ. Што было далей