Пасьля забойства малалетняга ў Слуцкім раёне судзяць службовых асобаў

Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота

Раней за забойства ужо асудзілі бацькоў трохгадовага Сямёна Таратуры, у тым ліку маці на 25 гадоў зьняволеньня, а бацьку — на сьмяротнае пакараньне.

У судзе Менскага раёну пачаўся суд над службовымі асобамі ў справе сям’і Таратутаў, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

На лаве падсудных Аляксандар Дзядок, начальнік інспэкцыі ў справах непаўналетніх Слуцкага РАУС, і Арцём Галавінскі, сьледчы Слуцкага РАСК, чые бязьдзеяньне і халатнасьць, на думку абвінавачаньня, спрыялі магчымасьці працяглага катаваньня малалетняга Сямёна Таратуты.

Аляксандру Дзядку ставяць у віну зьдзяйсьненьне злачынства паводле ч. 3 арт. 425 КК («Бязьдзейнасьць службовай асобы», пагражае да 7 гадоў зьняволеньня), падсуднага Арцёма Галавінскага абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 428 КК («Службовая халатнасьць», пагражае да 6 гадоў зьняволеньня).

Раней Менскі абласны суд вынес вырак па крымінальнай справе аб забойстве бацькамі са Слуцку свайго трохгадовага сына. Аляксандар Таратута, бацька трохгадовага Сямёна, быў асуджаны на сьмяротнае пакараньне, ягоная жонка Анастасія — на 25 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Пазьней судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суду пакінула рашэньне абласнога суду бязь зьмены, а апэляцыйныя скаргі абвінавачаных і іхных абаронцаў без задавальненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны вырак жыхару Слуцку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Слуцку вынесьлі сьмяротны прысуд за забойства 3-гадовага сына