Ва Ўкраіне правялі рэканструкцыю дзьвюх памежных застаў у Валынскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю.
«Цяпер заставы адпавядаюць сучасным стандартам», — паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Адна зь дзьвюх памежных застаў у Валынскай вобласьці, 28 чэрвеня 2024
У прыватнасьці, аднавілі адміністрацыйныя і гаспадарчыя будынкі, боксы для аўтамабільнай тэхнікі, а таксама памяшканьні для адпачынку і пражываньня пэрсаналу.
На фота, апублікаваных Дзяржаўнай памежнай службай Украіны, можна пабачыць таксама апорныя пункты памежнікаў, інжынэрныя абарончыя збудаваньні на мяжы зь Беларусьсю — як на сухапутнай мяжы, так і цераз раку.
На мяжы Ўкраіны і Беларусі ў Вадынскай вобласьці
Фартыфікацыі складаюцца таксама з так званых «зубоў цмока», супрацьтанкавых равоў, а таксама сьцяны на ўкраінскім беразе ракі. У памежжы на ўкраінскай тэрыторыі стаяць папераджальныя таблічкі «Увага, міны».
Апошнія некалькі дзён некалькі сілавых структур Беларусі, у тым ліку Міністэрства абароны, Дзяржаўны памежны камітэты і Сілы спэцыяльных апэрацый, выступілі з заявамі аб тым, што Ўкраіна павялічыла сваю вайсковую прысутнасьць і разьмясьціла амэрыканскае і нямецкае вайсковае ўзбраеньне ў памежжы зь Беларусьсю, а таксама «у шэрагу мінна-выбуховых загародах» падрыхтавала праходы для ДРГ (дывэрсійна-выведных груп).
Для ўзмацненьня абароназдольнасьці на мяжы расставілі так званыя «зубы цмока»
Апроч таго, у Памежным камітэце Беларусі пабачылі, што ў паласе адказнасьці Жытомірскага памежнага атрада знаходзяцца падразьдзелы «Расейскага добраахвотніцкага корпусу», якія рабілі выхады на мяжу, а таксама праводзілі выведку пры дапамозе бесьпілётнікаў. У Гомельскай вобласьці беларускія памежнікі нібыта знайшлі схованку «з кампанэнтамі для вырабу самаробных выбуховых прылад».
На адным з апорных пунктаў украінскіх памежнікаў
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка, камэнтуючы на просьбу Свабоды сытуацыю, заявіў, што Ўкраіна не пагражае Беларусі, а наадварот, вымушаная абараняцца, бо «Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў і ў свой час адкрыла мяжу для расейскіх акупантаў».
«Як заўсёды, у стылі Беларусі гаварыць то пра зброю і сродкі тэрору з Украіны, то пра правакацыі, на якія будуць жорстка рэагаваць, і г.д. Нягледзячы на ўсё гэта, пакуль Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарысткі, Украіна будзе нарошчваць сваю абароназдольнасьць, каб даць адпор усім, хто ідзе да нас зь Беларусі з вайной», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
Памежная застава ў Валынскай вобласьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінабароны Беларусі заявілі, што ўкраінцы на мяжы рыхтуюць праходы для дывэрсантаў. Што адказвае Ўкраіна- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.